У бліжэйшы час пачнуцца чарговыя маштабныя вайсковыя вучэньні Расейскай Фэдэрацыі ля мяжы Ўкраіны. Як перадае Цензор.НЕТ, пра гэта Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў паведаміў 22 жніўня падчас сустрэчы зь міністрам абароны Эстонскай Рэспублікі Ханэсам Ханса.
Суразмоўцы абмеркавалі сытуацыю ва Ўкраіне і пытаньні двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва.
Паводле словаў Турчынава, ніводнага дня з пачатку дзеяньня Менскіх пагадненьняў не прайшло без правакацыяў і абстрэлаў з боку расейска-тэрарыстычных груповак.
«У прыватнасьці, сыстэматычна вядуцца абстрэлы нашых пазыцыяў з выкарыстаньнем забароненых Менскімі пагадненьнямі артылерыйскіх сыстэмаў вялікага калібру», — падкрэсьліў ён.
Суразмоўцы былі аднадушныя ў меркаваньні, што да поўнага вызваленьня тэрыторыі Ўкраіны недапушчальна адмяняць санкцыі супраць Расеі. Паводле іх перакананьня, важна таксама актывізаваць вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Украінай і краінамі Эўропы.
Ва Ўзброеных сілах Расеі ідзе актыўная падрыхтоўка да правядзеньня стратэгічных камандна-штабных вучэньняў «Каўказ-2016», якія пройдуць з 5 па 10 верасьня.
Паводле зьвестак украінскай выведкі, у цяперашні час баявы склад групоўкі ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, разгорнутай ўздоўж дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей, а таксама ў Крыме ў цэлым налічвае больш за 40 тысяч вайскоўцаў, апрача іх у вучэннях «Каўказ-2016» будзе задзейнічана да 12600 вайскоўцаў, 90 танкаў, 310 браняваных машын, 15 караблёў.
Ва Ўкраіне асьцерагаюцца, што ўся гэтая групоўка будзе выкарыстаная для пашырэння маштабаў ўварваньня ва Ўкраіну.