Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Ігар Ільяш і Валер Карбалевіч.
Ільяш: 16 жніўня Менск наведаў генэральны дырэктар турэцкай кампаніі Turkcell Каан Тэрзіяглу. Ён сустрэўся з памочнікам Лукашэнкі Ўсеваладам Янчэўскім, зь якім у тым ліку абмяркоўвалася падрыхтоўка візыту Рэджэпа Эрдагана ў Менск. Паводле слоў турэцкага госьця, візыт адбудзецца ўжо неўзабаве.
За тыдзень да гэтага Ўсевалад Янчэўскі наведаў Турэччыну, дзе сустракаўся з дарадцам Эрдагана і сярод іншага зноў жа абмяркоўваў падрыхтоўку візыту турэцкага лідэра ў Беларусь.
Нагадаю, што першапачаткова гаворка ішла пра тое, што візыт Эрдагана адбудзецца ў канцы ліпеня, аднак потым было абвешчана пра перанос паездкі на нявызначаны тэрмін.
Нельга не зьвярнуць увагу, што візыт Эрдагана ў Беларусь ня толькі зацягваецца, але і вельмі пры гэтым старанна рыхтуецца. Магчыма, вы, калегі, са мной не пагодзіцеся, але мне здаецца, што ня кожнаму візыту папярэднічаюць такія актыўныя падрыхтоўчыя перамовы. На маю думку, усяму гэтаму могуць быць два тлумачэньні, якія пры гэтым далёка не выключаюць адно аднаго.
выказаўшы меркаваньне, што начальнік Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Янчэўскі езьдзіў у Турэччыну абмяркоўваць не эканамічныя пытаньні, а праблему, зьвязаную зь дзейнасьцю ў Беларусі прыхільнікаў турэцкага апазыцыянэра Фэтхулаха Гюлена
Першую вэрсію агучыў сайт «Беларускі партызан», выказаўшы меркаваньне, што начальнік Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Янчэўскі езьдзіў у Турэччыну абмяркоўваць не эканамічныя пытаньні, а праблему, зьвязаную зь дзейнасьцю ў Беларусі прыхільнікаў турэцкага апазыцыянэра Фэтхулаха Гюлена. Быццам бы менавіта з гэтай прычыны візыт Эрдагана ў Беларусь і адкладаецца.
Сапраўды, тэма цікавая. У канцы ліпеня турэцкае дзяржаўнае агенцтва Анадолу паведаміла пра дзейнасьць у Беларусі філіяў «тэрарыстычнай арганізацыі Фэтхулаха Гюлена» (менавіта так на афіцыйным узроўні ў Турэччыне называюць Гюленаў рух). Як даведалася ў сваім расьсьледаваньні Радыё Свабода, турэцкія арганізацыі, якія сымпатызуюць Гюлену, у Беларусі сапраўды існуюць. Больш за тое, беларускі бок вельмі актыўна супрацоўнічаў з прыхільнікамі Гюлена. У Беларусі выдаваліся ягоныя кнігі, беларускія навукоўцы прысьвячалі яму хвалебныя манаграфіі, арганізоўваліся сустрэчы зь ягонымі прыхільнікамі, канфэрэнцыі, круглыя сталы. Калі Гюлен яшчэ быў паплечнікам Эрдагана, у такім супрацоўніцтве не было нічога дзіўнага. Але пасьля перавароту на прыхільнікаў Гюлена ў Турэччыне было абвешчана сапраўднае паляваньне, таму і сяброўства беларускага боку з гюленаўцамі выглядае пэўнай перашкодай для разьвіцьця адносін Менску і Анкары.
Другая вэрсія таксама ляжыць на паверхні. Урэшце, ва ўмовах апошніх падзей у Турэччыне пра візыт Эрдагана можна было б проста надоўга забыцца — прычым гэта выглядала б цалкам зразумела. Ну сапраўды, у Эрдагана цяпер нашмат больш важныя падзеі на парадку дня, чым паездка ў Менск. Але ж не, наадварот, цяпер ідуць актыўныя перамовы, і візыт Эрдагана анансуецца на самы бліжэйшы час. Гэта, на мой погляд, сьведчыць пра тое, што візыт Эрдагана для абодвух бакоў — падзея далёка не шараговая і не фармальная, Менск і Анкара ўскладаюць на яе пэўныя спадзяваньні.
Як вам падаецца, калегі, з чым зьбіраецца ехаць у Менск Эрдаган? Чаго бакі чакаюць ад гэтай падзеі? І чаму дата візыту Эрдагана дагэтуль невядомая?
Глод: Пра верагодны і хуткі візыт прэзыдэнта Турэччыны ў Беларусь гавораць яшчэ зь вясны. І Лукашэнка быў зацікаўлены, нават, на мой погляд, вельмі зацікаўлены ў такім візыце пасьля тых дывідэндаў, таго посьпеху, які ён атрымаў на менскай пляцоўцы. Можна было б разьвіць гэта на іншым геаграфічным вэктары і зрабіць замірэньне Пуціна і Эрдагана. І гэта таксама былі б вельмі добрыя дывідэнды для Лукашэнкі.
замірэньне Расеі і Турэччыны фактычна адбылося без удзелу Менску. Больш за тое, беларуска-турэцкія адносіны пагражае азмрочыць дзейнасьць адукацыйна-культурнай установы «Достлук» і іншых
Але што атрымалася: замірэньне Расеі і Турэччыны фактычна адбылося без удзелу Менску. Больш за тое, беларуска-турэцкія адносіны пагражае азмрочыць дзейнасьць адукацыйна-культурнай установы «Достлук» і іншых, якіх Анкара падазрае ў сувязі з прапаведнікам Гюленам. Дарэчы, гэта не выключна беларуская справа — падобная сытуацыя і ў Казахстане, і ў Кіргізстане. Там таксама гюленаўскія арганізацыі даволі шырока прадстаўленыя.
Трэба пагадзіцца са спадаром Ільяшом, які кажа, што рэдка які візыт рыхтуецца і так старанна, і так загадзя. Але ж і Эрдаган таксама цяпер асоба не такая шараговая, гэта адзін з самых буйных палітыкаў сьвету.
І тое, што адбылося ў Турэччыне, і тое, як Эрдаган пагражае сарваць дамову з Эўразьвязам, робіць гэты візыт вельмі актуальным. Чаму паехаў Янчэўскі? Зразумела, што там і эканоміка будзе, і ідэалёгія. Думаю, што Янчэўскі атрымаў паўнамоцтвы размаўляць і пра Гюлена, і пра эканоміку.
А што нас чакае ад візыту прэзыдэнта Турэччыны? Мне найперш будзе цікава даведацца, ці спозьніцца Эрдаган у Менск, ці прыляціць своечасова. Чаму гэта важна? Эрдаган нават да Пуціна ў Санкт-Пецярбург спазьніўся на гадзіну. Да таго самага Пуціна, які ў Менск прыяжджае са спазьненьнем звычайна на 3, 4, 5 гадзін, які ўмудрыўся спазьніцца нават на аўдыенцыю з папам Рымскім. Тут два палітыкі зь вялікімі амбіцыямі сустрэнуцца, і нават гэтая дэталь мне падаецца важнай.
Ну, а калі гаварыць пра больш сур’ёзныя рэчы, то зразумела, што туркі хочуць аднавіцца на расейскім рынку і зрабіць гэта празь Беларусь. Варыянт зручны. Чаму не?
Яшчэ адной важнай тэмай можа стаць ператварэньне Беларусі ў лягістычны турэцкі цэнтар. Я памятаю, калі яшчэ быў міністар замежных спраў Іван Антановіч, то ён казаў, што падчас такіх вельмі добрых адносін Беларусі і Турэччыны Беларусь павінна скарыстаць сваё геаграфічнае становішча і стаць такім цэнтрам. Дарэчы, памалу гэта робіцца, і вось у краіны Балтыі Турэччына ідзе празь Беларусь.
Яшчэ цікава, што будзе адбывацца пры адкрыцьці мячэту. Тое, што Эрдаган прыедзе на адкрыцьцё мячэту, зразумела, бо гэта яго родная рэлігія. Але прамільгнула паведамленьне, што там, каля мячэту, будуць пахаваныя парэшткі турэцкіх і мусульманскіх удзельнікаў апошніх войнаў. Якіх войнаў (я задаю сабе пытаньне), пакуль не зусім зразумела. Яшчэ б мусульманскіх — можна было б зразумець: Другая Сусьветная вайна, Першая. А так — якія туркі ў нас ваявалі? Магчыма, гэта нейкая недакладнасьць, таму пажывем — пабачым.
Карбалевіч: Фармальнай падставай для плянаванага візыту прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана ў Менск было адкрыцьцё мячэту, які будаваўся за турэцкія грошы. Аднак у Турэччыне здарылася спроба вайсковага перавароту. Турэцкі лідэр скарыстаўся гэтай падзеяй, каб расправіцца з усімі сваімі рэальнымі ці ўяўнымі праціўнікамі і сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках. Таму цалкам лягічна, што ягоны візыт у Беларусь быў адменены. Яму цяпер не да гэтага. Да таго ж Беларусь — не такая значная для Турэччыны краіна. І яе нельга параўноўваць з Расеяй. Вось дзеля прымірэньня з РФ Эрдаган знайшоў час і прыехаў у Санкт-Пецярбург, каб сустрэцца з Пуціным.
Што тычыцца сытуацыі з Гюленам. Так, сапраўды, сытуацыя няёмкая, і беларускія ўлады робяць усё, каб неяк яе ўлагодзіць. Акрамя візыту Янчэўскага ў Турэччыну, я б таксама прыгадаў згоду Лукашэнкі прадаць турэцкаму інвэстару завод у Ваўкавыску, калі ён езьдзіў туды на гэтым тыдні. Гэта было зроблена публічна, дэманстратыўна. І, думаю, гэта невыпадкова.
Хто ж ведаў, што Эрдаган раптам абвесьціць яго галоўным ворагам турэцкага народу? Нават ЗША трапілі ў такое няёмкае становішча, бо Гюлен якраз жыве там, і што зь ім цяпер рабіць, невядома
Але ў якасьці апраўданьня беларускія ўлады могуць сказаць, што не яны адны трапілі ў гэтую няёмкую сытуацыю з Гюленам. Структуры ягонай арганізацыі існавалі ў шмат якіх краінах, там круціліся немалыя грошы. Хто ж ведаў, што Эрдаган раптам абвесьціць яго галоўным ворагам турэцкага народу? Нават ЗША трапілі ў такое няёмкае становішча, бо Гюлен якраз жыве там, і што зь ім цяпер рабіць, невядома.
Што тычыцца інфармацыі пра перамовы памочніка Лукашэнкі Ўсевалада Янчэўскага з генэральным дырэктарам турэцкай кампаніі Turkcell пра падрыхтоўку візыту Рэджэпа Эрдагана ў Менск, то яна выглядае вельмі дзіўнай. Turkcell — прыватная бізнэс-кампанія. Чаго раптам яна абмяркоўвае пытаньне візыту прэзыдэнта? Для гэтага ёсьць МЗС.
Думаю, пакуль інфармацыя пра хуткі візыт сюды Эрдагана — няпэўная. Трэба пачакаць больш дакладных сьведчаньняў.
Хацеў бы адзначыць вось што: беларускія ўлады правільна зрабілі, што ня сталі псаваць адносіны з Турэччынай, усьлед за Расеяй. Бо цяпер, пасьля таго як Масква і Анкара памірыліся, Менск апынуўся б у дурной сытуацыі.