Распрацоўнікі праграмы адзначаюць, што «Вочы» даюць магчымасьць раскрыць парушэньні, якія можна ўбачыць на выбарчых участках, ананімна паведамляючы інфармацыю незалежным назіральнікам. Пры гэтым «Вочы» практычна не зьбіраюць інфармацыю пра карыстальнікаў, акрамя iх месцазнаходжаньня падчас інфармаваньня аб парушэньні і тэхнічных характарыстык іх тэлефона. Нават калі карыстальнік добраахвотна дае сваю кантактную інфармацыю назіральнікам для зваротнай сувязі, гэтая інфармацыя не раскрываецца і не перадаецца трэцім асобам.
«Рэгістрацыя парушэньня робіцца настолькі хутка, што вас не пасьпеюць заўважыць. Вы адзначаеце раён і выбарчы ўчастак, паказваеце пункт парушэньня, можаце дадаць апісаньне, фота і відэа. Можна па жаданьні пакінуць кантактныя дадзеныя, і вуаля — ваша паведамленьне аб парушэньні зафіксаванае», — адзначаецца ў прэс-рэлізе распрацоўнікаў праграмы.
Інфармацыя аб парушэньнях, дасланая карыстальнікамі праграмы, будзе адлюстраваная на онлайн-карце ElectBy.org.