Сёньня а 13-й гадзіне старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, першы намесьнік кіраўніка Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і грамадзкая актывістка Вольга Кавалькова сабраліся ля будынку Белтэлерадыёкампаніі, каб узгадаць пра трагічна загінулага ў Кіеве журналіста Паўла Шарамета і правесьці перадвыбарчы пікет.
Міліцыя праверыла дакумэнты ў журналістаў. На месцы таксама прысутнічала здымачная група дзяржаўнага тэлеканалу.
Актывісты прынесьлі з сабой раздрукаваныя партрэты Паўла Шарамета і бел-чырвона-белыя сьцягі. Спачатку Лябедзька выразіў жаль з нагоды сьмерці Шарамета.
«Існая сыстэма не дала Шарамету працаваць на Радзіме, у Беларусі, на БТ. Гэта яна ўскосна вінаватая ў гібелі Паўла» — заявіў Анатоль Лябедзька
Неўзабаве пасьля гэтага Анатоль Лябедзька пачаў агітаваць мінакоў, каб тыя ставілі подпісы ў падтрымку правацэнтрыстаў.