«Гэта сапраўды праблема ва Ўкраіне, што для праваахоўных органаў не зьяўляецца прыярытэтам расьсьледаваньне злачынстваў у дачыненьні да журналістаў. Гэта, на жаль, зьвёны аднаго і таго ж ланцуга. Забойства Гангадзэ — заказчыкі забойства ня знойдзеныя, і такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат. СМС-пагрозы журналістцы „Новага часу“ Хрысьціне Бердзінскіх, стварэньне перашкодаў журналісцкай групе „Схемы“, зьбіцьцё журналістаў па ўсёй Украіне. Што мы маем? Мы маем тое, што ні адно з гэтых злачынстваў не раскрытае, ні па адным з гэтых злачынстваў не прыцягнутыя да адказнасьці заказчыкі такіх дзеяньняў у дачыненьні да журналістаў», — сказаў Віталь Касько ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў.
Паводле ягоных словаў, дзейнасьць журналістаў ва Ўкраіне становіцца небясьпечнай.
«Што зьяўляецца прычынай гэтага? На маю думку, бяскарнасьць. Праваахоўныя органы дэманструюць, што для іх перашкоды прафэсійнай дзейнасьці журналістаў, на жаль, не зьяўляюцца прыярытэтам, таму такое адбываецца. Калі ня будуць прыцягнутыя да адказнасьці ўсе заказчыкі злачынстваў супраць журналістаў, на жаль, такое будзе здарацца», — перакананы ён.
Віталь Касько ня стаў выказваць здагадак наконт магчымых заказчыкаў забойства Паўла Шарамета.
«Я не хачу гадаць, хто быў заказчыкам. Гэта справа праваахоўных органаў, і для іх важна адказаць на гэтыя пытаньні. Не сфальсыфікаваць доказы, а даць грамадзтву доказы, хто менавіта зьдзейсьніў гэтае злачынства і прыцягнуць да адказнасьці ня толькі выканаўцаў, але і заказчыкаў у гэтым выпадку», — зазначыў экс-пракурор.
«Як чалавек, я хацеў бы выказаць спачуваньні родным Паўла і журналістам. На самай справе ён быў журналістам, сумленна рабіў сваю працу», — сказаў Віталь Касько.