Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Шарамет. Адзін дзень палітвязьня


Зь першага тому кнігі «Адзін дзень палітвязьня».

Зьняволены 26 ліпеня 1997 г. — выйшаў на свабоду 7 кастрычніка 1997 г.

Павал Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 г. у Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі ў спэцыяльнасьці міжнародных эканамічных адносінаў. Да 1992 г. працаваў у аддзеле валютных апэрацыяў у адным з банкаў. Быў кансультантам эканамічных праграмаў і вядоўцам аналітычнай праграмы «Праспэкт» беларускага тэлебачаньня, галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты». Ад 1996 па 1998 г. — дырэктар Беларускага бюро, уласны карэспандэнт ОРТ (Грамадзкая расейская тэлевізія) у Беларусі. У 1998 г. працаваў спэцыяльным карэспандэнтам праграмаў «Новости» і «Время» каналу ОРТ. Уганараваны Міжнароднай прэміяй Камітэту абароны журналістаў. Аўтар дакумэнтальных фільмаў «Чачэнскі дзёньнік», «Дзікае паляваньне», «Апошні год імпэрыі». У 2002 г. атрымаў прэмію АБСЭ за журналістыку і дэмакратыю. Цяпер Павал Шарамет — камэнтатар расейскага тэлебачаньня, кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў Першага каналу. Жанаты, мае сына і дачку.

У 1997 г. Павал Шарамет быў асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна за нібыта незаконнае перасячэньне беларуска-літоўскай і літоўска-беларускай мяжы. Правёў за кратамі два з паловай месяцы.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Паўла Шарамета вязьнем сумленьня.

Адзін дзень, 23 жніўня 2008 г., з былым палітвязьнем Паўлам Шараметам у Маскве правяла Алена Струвэ.

У Маскву Павал Шарамет зьехаў на пачатку 1998 году, хутка пасьля судовага працэсу.

— Гэта была вымушаная творчая, аднак ніяк не палітычная эміграцыя, — тлумачыць Павал. — Я заўсёды быў журналістам і ніколі — палітыкам ці дысыдэнтам. Іншая справа, мне падабалася пісаць пра палітыкаў і выкрываць іх. Аднак пасьля суду афіцыйна займацца журналістыкай у Беларусі, дзе мяне пазбавілі акрэдытацыі, я больш ня мог. У палітыку ісьці не хацеў, хоць туды неаднаразова клікалі...

Павал прызнаецца, што ня любіць згадваць турму, куды беларускія ўлады «ўладкоўвалі» яго тройчы: у 1997, 2004 і 2006 гадах.

— Усё гэта было, — гаворыць ён. — Калі ж пастаянна трымаць у памяці колішнія выпрабаваньні, можна проста звар’яцець і страціць адэкватнае ўспрыманьне рэчаіснасьці. Калісьці я даволі падрабязна апісаў усё ў турэмным дзёньніку. Там ёсьць і дарагія для мяне ўспаміны Дзімы Завадзкага. Больш згадваць няма чаго.

Павал шкадуе, што яму не ўдалося захаваць арыгіналаў таго дзёньніка. Яны згубіліся дзесьці на ОРТ. Арыгіналамі ён называе скручаныя маленькія папяровыя кавалачкі, сьпісаныя амаль без прабелаў самымі маленькімі літарамі. Кожны такі лісток турэмных нататкаў перадаваўся на волю нелегальным шляхам, пад выглядам «малявы». Як ні дзіўна, «турэмная пошта» працавала бездакорна. Усё даходзіла.

— За кратамі я амаль штодня імкнуўся штосьці натаваць. І ўжо пасьля, у чаканьні судовага працэсу, з дапамогай тых перададзеных на волю нататкаў лёгка аднавіў падзеі. Я імкнуўся напісаць практычныя парады для выпадковых у турме людзей. Кшталту таго, як трымацца са сьледчымі, канвоем, зэкамі, як наладжваць сувязь з вонкавым сьветам, здабываць агонь без запалак, якія перадачы лепш дасылаць людзям за кратамі і г. д. За гэты час некаторыя рэчы зьмяніліся, аднак многае, на жаль, застаецца актуальным.

Цалкам турэмны дзёньнік зьмешчаны ў кнізе Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай «Случайный президент». Спыняюся на запісах аднаго дня, 28 ліпеня 1997 году, калі Паўла і яго сяброў з ОРТ перавялі са Смаргонскага ізалятару Камітэту памежных войскаў у Гарадзенскі сьледчы ізалятар. Але спачатку прашу Паўла пракамэнтаваць некалькі вытрымак з архіваў міжнародных праваабарончых арганізацыяў:

26 ліпеня 1997 г. у Менску паводле афіцыйнага абвінавачаньня ў нелегальным пераходзе мяжы былі арыштаваныя тэлежурналіст ОРТ Павал Шарамет, апэратар Зьміцер Завадзкі, кіроўца Яраслаў Аўчыньнікаў...

22 ліпеня Шарамет і яго група перадалі ў этэр рэпартаж пра недапушчальны стан аховы беларуска-літоўскай мяжы і ў якасьці пацьверджаньня самі безь перашкодаў перайшлі гэтую мяжу, ня маючы на тое адпаведных папераў. Толькі праз 4 дні яны былі затрыманыя ў Менску прадстаўнікамі беларускіх памежных войскаў на падставе парушэньня арт. 81 Крымінальнага кодэксу, які застаўся дзейнічаць у Беларусі з савецкага часу (Рэпартэры бязь межаў, цыркуляр 18/97, ліпень 1997).

28 ліпеня 1997 г. «Міжнародная амністыя» абвясьціла групу ОРТ вязьнямі сумленьня і заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць Шарамета, Завадзкага і Аўчыньнікава (Documento — Preocupaciones en Europa: Julio-Diciembre de 1997).

— Мы сталі аднымі зь першых на постсавецкай прасторы, каму праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» надала такі статус, — гаворыць Павал Шарамет. — Гэта была першая ці адна зь першых пасьля 1991 году гучных справаў палітычнага (а ня нейкага іншага, напрыклад рэлігійнага) перасьледу. Знаходзячыся тады за кратамі Гарадзенскага сьледчага ізалятару, мы, зразумела, нічога не маглі ведаць пра гэта.

З турэмнага дзёньніка Паўла Шарамета

28 ліпеня 1997 г. У тры гадзіны раніцы нас на розных машынах адвезьлі ў Горадню, ІЧУ (ізалятар часовага ўтрыманьня) Ленінскага РАЎС... Камэра ў ІЧУ крыху большая за будку для сабакі — паўтара мэтра на два з паловай... Першыя дні пасьля арышту мінаюць менавіта ў такіх ізалятарах, і гэта самы цяжкі час... Менавіта ў першыя дні, разьлічаныя на стрэс, сьледзтва цісьне на чалавека маральна і фізычна. Менавіта ў часе ўтрыманьня ў ізалятары сьледчыя выбіваюць паказаньні і ламаюць людзей. Менавіта ў першыя дні атрымліваюць паказаньні, якія лягуць у аснову абвінавачаньня. Калі чалавеку хопіць сілаў пратрымацца 3—7—10 дзён да пераводу ў сьледчы ізалятар альбо сьледчую турму, то шанцы выйсьці зь мінімальнымі стратамі прыкметна ўзрастаюць.

Паводле запісаў журналіста, адным з самых першых і самых моцных псыхалягічных уражаньняў у турме ёсьць «позіркі зэкаў».

— Ад гэтых уважлівых позіркаў становіцца неяк не па сабе... У гэты момант рыхтуесься да горшага, бо ня ведаеш, чаго чакаць, як прымуць.

— Ці праўда, што ў турэмнай субкультуры існуюць пэўныя правілы, ад веданьня якіх многае залежыць? Напрыклад, калі ўваходзіш у камэру, непажадана вітаць зьняволеных словамі «Добры дзень!» і працягваць руку. Замест гэтага трэба казаць «Мір вашаму дому!»

— Сапраўды, ёсьць пэўныя правілы, якіх трэба прытрымлівацца. Аднак да ўсяго падрыхтавацца немагчыма. Галоўнае — гэта сачыць за ўсім, што кажаш і што робіш, не гаварыць шмат і не рабіць нейкіх сумнеўных, двухсэнсоўных учынкаў. Тройчы прайшоўшы праз арышты і сьледчыя ізалятары Беларусі, я дакладна ведаю: калі ты нармальны чалавек, зэкаў баяцца ня трэба. Апасацца трэба людзей у форме, для якіх ты — злачынец. Нельга верыць сьледчым, нельга ўвогуле нікому верыць, бо кожны можа быць «падсадной качкай». Сам па сабе факт арышту ў Беларусі — ужо карт-блянш для шматлікіх злоўжываньняў. Вам не дазваляюць сустрэцца з адвакатам, роднымі, вас зьбіваюць, вам не аказваюць мэдычнай дапамогі і гэтак далей.

З турэмнага дзёньніка П. Шарамета

28 ліпеня 1997 г. Кладуся (на нары). Хвілінаў празь дзесяць пачынае нямець рука, потым — нага, потым — уся правая частка цела. Пераварочваюся на другі бок — усё паўтараецца... З «таўчка» страшэнна сьмярдзіць: невялікую трубу ад каналізацыі адмыслова вывелі наверх, і камэра цалкам запоўненая смуродам.

— Вы апісваеце, як зьняволеныя пачынаюць страчваць здароўе і прытомнасьць яшчэ на шляху ў турэмную камэру, у часе этапаваньня ў перапоўненых аўтазаках ці ў часе чаканьня абразьлівай працэдуры пэрсанальнага дагляду. Гэтае чаканьне адбываецца ў так званых стаканах — «каменных мяшках» памерам мэтар на мэтар. Вы таксама пішаце пра «каранціны», дзе няма ні матрацаў, ні бялізны, а замест чатырох чалавек могуць сядзець 20. Пра тое, якімі зьневажальнымі для чалавека ёсьць бытавыя турэмныя ўмовы. І пра тое, чаму лекары ня раяць галадаць у турмах. Разам з адсутнасьцю нармальнага паветра ды дэфіцытам руху голад можа прывесьці да цяжкай інтаксыкацыі арганізму. Тым ня менш зьняволеныя ідуць на гэты крок...

— У беларускіх зьняволеных вельмі мала магчымасьцяў адстаяць свае правы. І галадоўка — адна зь нямногіх формаў пратэсту. Як я цяпер лічу, галадаць трэба выключна тады, калі маеш нейкія канкрэтныя патрабаваньні. Напрыклад, хочаш дамагчыся дазволу на сустрэчу з адвакатам, на перадачу нейкіх дакумэнтаў, адмены нейкага рашэньня, перагляду ўмоваў утрыманьня, увагі да ўласнай крымінальнай справы. Я патрабаваў спатканьня са сваякамі, а таксама газэт і тэлевізара ў камэру. І людзі ў форме бачылі, што іхныя мэтады ўзьдзеяньня на мяне не спрацоўваюць. Таму да мяне не зьвярталіся зь нейкімі правакацыйнымі прапановамі кшталту напісаць пакаянны ліст да прэзыдэнта.

— Як Вы лічыце, чаму да Зьмітра Завадзкага ўсё ж зьвярнуліся з такой прапановай? Дзіму зламалі?

— Яго заблыталі. Да арышту ён быў вельмі далёкім ад розных інтрыгаў чалавекам. Дзіма быў на год маладзейшы за мяне, 28 жніўня 1997 году яму споўнілася 25 гадоў. Свой першы істотны ў жыцьці юбілей (і, як высьветлілася потым, апошні) гэты інтэлігентны юнак вымушаны быў сустракаць у кампаніі сукамэрнікаў. Насуперак абяцаньням, турэмныя ўлады не дазволілі яму спатканьня зь сям’ёй... Дзіма быў пазбаўлены інфармацыі, нейкіх кваліфікаваных парадаў. Да яго доўга не пускалі адваката. У камэры ж сядзела шмат «падсадных качак». Гэтыя людзі пастаянна блыталі яго. Потым да Дзімы накіравалі журналіста-правакатара Сяргея Зайца. Зь ім, як з добрым знаёмым, Дзіма шчыра абмяркоўваў сваю сытуацыю. Усё зразумеў ужо толькі на волі з выпуску беларускіх навінаў. Там перадалі, што Завадзкі пакаяўся перад прэзыдэнтам. На наступны дзень, у часе нашай вочнай стаўкі ў прысутнасьці адвакатаў і сьледчых, ён так і сказаў мне: «Паша, ніякіх пакаянных лістоў я не пісаў. Гэта хлусьня, гэта Заяц!». Я ведаю, што Дзіму многаму навучыў гэты выпадак. Таксама ведаю, што ніколі не дарую рэжыму таго, што яны ў далейшым зрабілі з гэтым цудоўным, інтэлігентным чалавекам.

— У той час у гарадзенскім ізалятары знаходзіўся яшчэ адзін тэлежурналіст ОРТ, які, як вынікае зь дзёньніка, напісаў пакаянны ліст да Лукашэнкі. Як Вы ставіцеся да яго ўчынку, да людзей, якіх турмы ламаюць?

— Я нікога не асуджаю. Я ня ведаю, што было б са мной, калі б я адсядзеў больш за тры месяцы. Я ведаю, што толькі Нэльсан Мандэла мог знаходзіцца 25 гадоў за кратамі і захаваць пры гэтым розум і палітычную волю. Ня варта чакаць ад чалавека, які трапляе ў падобныя нечалавечыя ўмовы, непахіснасьці і нейкіх рэвалюцыйных учынкаў. Калі людзі становяцца зламанымі і слабымі — а гэтага дамагаецца пэнітэнцыярная сыстэма Беларусі, — я кажу: усе ня могуць быць рэвалюцыянэрамі.

— Як я зразумела, Вы засьцерагаеце іншых ад шляху на барыкады?...

— Гэта ня так. Я нікому нічога не магу раіць. Акрамя таго, трэба, каб кожны ацаніў свае рэальныя сілы. Нярэдка бывае, што маладыя людзі выходзяць са сьцягамі на акцыі пратэсту, робяць пікеты, ідуць супраць АМАПу, атрымліваюць жорсткі адпор і... не вытрымліваюць, здраджваюць. Я ўпэўнены, што карысьць Бацькаўшчыне пры жаданьні можа прынесьці кожны. У тым ліку і слабы чалавек. Існуюць самыя розныя формы адлюстраваньня грамадзянскай волі. Можна, напрыклад, ладзіць нейкія гуманітарныя праекты ці вучыць дзяцей беларускай мове і гісторыі. Гэта таксама рухае Беларусь у бок цывілізаванага існаваньня.

— Ва ўмовах цяперашняй надзвычайнай палітызацыі грамадзтва як, на Вашу думку, варта пісаць пра палітвязьняў, апазыцыйных дзеячоў? Пытаюся таму, што недзяржаўныя журналісты нярэдка гераізуюць гэтых людзей... Потым высьвятляецца, што яны зусім не героі. І тады дзяржаўная прапаганда, якая дэманізуе апазыцыю, выкарыстоўвае гэта ў сваіх мэтах...

— Ёсьць два ключавыя словы, якімі павінны кіравацца журналісты: «салідарнасьць» і «спачуваньне». Гэта тое, што ўсіх нас можа абараніць і выратаваць. Першае, ад чаго залежыць выратаваньне, — гэта паводзіны самога вязьня, а другое — салідарнасьць і ціск на ўлады звонку. І таму трэба, каб кожны з палітвязьняў, які знаходзіцца за кратамі, адчуваў нашую салідарнасьць і спачуваньне. Пакуль той жа Казулін быў у турме, мы павінны былі рабіць усё дзеля яго вызваленьня. Калі сытуацыя мяняецца, мы, натуральна, паводзім сябе інакш. Мы можам спрачацца з палітыкамі, апазыцыянэрамі, калі яны на волі, быць крытычнымі да іх. Такі лёс апазыцыйных палітыкаў. Ім ніколі ня можа быць лёгка.

З турэмнага дзёньніка П. Шарамета

28 ліпеня 1997 г. 70 беларускіх журналістаў падпісалі зварот БАЖу ў абарону супрацоўнікаў ОРТ і накіравалі яго беларускім і расейскім уладам, у ААН, структуры Эўразьвязу, Міжнародны Хэльсынскі камітэт.

29 ліпеня 1997 г. Прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын выказаў сваё абурэньне на адрас прэзыдэнта Лукашэнкі адносна арышту групы ОРТ.

31 ліпеня 1997 г. Больш за 50 беларускіх і замежных журналістаў, акрэдытаваных у Менску, ладзілі пікеты ля беларускіх МЗС, КДБ, Адміністрацыі прэзыдэнта, патрабуючы вызваленьня сваіх калегаў.

Павал Шарамет быў вызвалены 7 кастрычніка 1997 году праз падпіску аб нявыезьдзе. Суд над ім пачаўся 17 сьнежня 1997 году і скончыўся 28 студзеня 1998 г. Паўла Шарамета пакаралі на два гады пазбаўленьня волі ўмоўна «за наўмыснае групавое парушэньне дзяржаўнай мяжы» і «за перавышэньне журналісцкіх паўнамоцтваў, якое нанесла ўрон інтарэсам дзяржавы».

З архіву «Свабоды»

14 кастрычніка 2004 г. Дзень пасьля канфіскацыі

Павал Шарамет будзе дамагацца, каб сканфіскаваныя ўладамі асобнікі кнігі «Случайный президент» былі выстаўленыя на продаж у крамах канфіскату... У Жодзіне экспрапрыявана сем дзясяткаў асобнікаў, у Барысаве за дзесяць кнігаў столькі ж сутак арышту атрымаў актывіст руху «Зубар» Аляксандар Казакоў. Самая вялікая партыя арыштаваная ў Віцебску: 9 тысяч асобнікаў так і не патрапілі да арганізацыі «Пэрспэктыва».

Адзін з аўтараў «Случайного президента» Павал Шарамет зазначае: «Гэта адна зь нямногіх кнігаў пра Лукашэнку, якая абагульняе ўвесь яго лёс, кар’еру. І апавядаецца ў ёй ня так, як гэта падае беларускае тэлебачаньне і афіцыйная прэса. Мы гэтага так не пакінем і будзем патрабаваць альбо грошы, альбо кнігу, альбо выстаўленьня яе на продаж у крамах канфіскату».

18 кастрычніка 2004 г. Дзень у шпіталі пасьля зьбіцьця

Павал Шарамет знаходзіцца ў 9-м клінічным шпіталі Менску з чэрапна-мазгавой траўмай. Пабоі журналісту нанесьлі двое хуліганаў, якіх затрымалі супрацоўнікі міліцыі, але прозьвішчы гэтых асобаў Паўлу Шарамету міліцыянты назваць адмовіліся. Замест таго каб распачаць крымінальную справу паводле факту зьбіцьця, міліцыянты абвінавацілі журналіста ў дробным хуліганстве.

27 сакавіка 2006 г. Першы дзень на свабодзе

З турмы на Акрэсьціна Павал Шарамет выйшаў на волю а 12-й гадзіне. Людзі віталі палітвязьня воплескамі.

Паўла затрымалі ў ноч з 25 на 26 сакавіка. Міліцыянты не далі сябрам і маці Паўла Людміле Станіславаўне перадаць Шарамету лекі й харчы.

Павал Шарамет: «Выпусьцілі без тлумачэньня. Адзінае, што патрабуюць, — каб я тэрмінова пакінуў Беларусь. Чарговы раз удзячны журналістам, людзям за прафэсійную й чалавечую салідарнасьць. Я абураны тым, што адбываецца ў Менску. Я схіляюся перад усімі, хто быў на Плошчы».

Паўла Шарамета трымалі ў адной камэры з былым амбасадарам Польшчы ў Беларусі Марыюшам Машкевічам і замежнымі журналістамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG