Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт дзяржкантролю: Пляншэты дэлегатам Усебеларускага сходу патрэбныя для мабільнасьці


Пляншэты, якія былі падараваныя ўдзельнікам Усебеларускага сходу. Ілюстрацыйнае фота
Пляншэты, якія былі падараваныя ўдзельнікам Усебеларускага сходу. Ілюстрацыйнае фота

Менгарвыканкам, які абвяшчаў тэндар на закуп пляншэтаў для ўдзельнікаў Усебеларускага сходу, пакінуў без разгляду калектыўны зварот грамадзян адносна закупу пляншэтаў, бо гэта «не адносіцца да кампэтэнцыі Менгарвыканкаму».

Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымала лідэр Хрысьціянска-дэмакратычнага руху, каардынатар БХД па Менску Вольга Кавалькова.

А ў адказе з Камітэту дзяржкантролю паведамляецца, што выдаткі на арганізацыю і правядзеньне сходу, у тым ліку на пражываньне дэлегатаў і набыцьцё для іх сувэнірнай прадукцыі рабілася «у адпаведнасьці з зацьверджаным каштарысам», а «фактаў выкарыстаньня бюджэтных сродкаў з парушэньнем бюджэтнага заканадаўства не праглядаецца».

«Набыцьцё пляншэтаў і ўручэньне іх дэлегатам Усебеларускага народнага сходу зьяўлялася адным са спосабаў больш мабільнага і эфэктыўнага ўдзелу ў сходзе і выкарыстоўвалася ў якасьці інфармацыйнага рэсурсу», — гаворыцца ў адказе.

«Цікава, як бы яны патлумачылі мікрахвалёвыя печы для ўдзельнікаў сходу 2010 году? Каб яны не памерлі з голаду?» — задаецца пытаньнем Вольга Кавалькова.

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова


«У сёньняшніх умовах такія траты зь бюджэту недапушчальныя. Яны пішуць, што пляншэты былі падараваны для больш мабільнага і эфэктыўнага ўдзелу дэлегатаў у Сходзе, але мноства беларусаў лічыць, што гэты сход увогуле быў непатрэбны, а тым больш за нашы і такія вялікія грошы. Таму што няма дзяржаўных грошаў, ёсьць грошы падаткаплатнікаў. Улада паводзіць сябе нахабна і людзі з кожным годам усё больш абураюцца гэтаму нахабству», — адзначыла яна.

Паводле пункту 1.8 артыкула 22 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» дзяржаўны служачы «ня мае права прымаць маёмасьць (падарункі) або атрымліваць іншую выгаду ў выглядзе паслугі ў сувязі з выкананьнем службовых абавязкаў, за выключэньнем сувэніраў, якія ўручаюцца пры правядзеньні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў. Атрыманыя імі пры правядзеньні афіцыйных мерапрыемстваў сувэніры, кошт якіх перавышае пяць базавых велічынь, перадаюцца ў даход дзяржавы на рашэньне камісіі, што ствараецца кіраўніком дзяржаўнага органу, у якім дзяржаўны служачы займае дзяржаўную пасаду».

Кожнаму дэлегату — дзяржаўнаму служачаму быў падараваны сувэнір у выглядзе пляншэта Samsung Galaxy Tab 7.0, прыкладны кошт якога на дату правядзеньня мерапрыемства складаў 4,1 мільёну недэнамінаваных рублёў, што складае 19,5 базавых велічынь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG