Ад 1960 году турэцкім вайскоўцам удалося захапіць уладу ў краіне тры разы (і яшчэ раз — у 1997 годзе — яны адхілілі дзейны ўрад ад улады). Вось чаму ім гэтага не ўдалося гэтым разам.
1. Адсутнасьць падтрымкі ў грамадзтве
Тры папярэднія спробы былі даволі прыхільна ўспрынятыя грамадзтвам, якое прагнула аднаўленьня «спакою і парадку» пасьля доўгіх гадоў сацыяльных канфліктаў і гвалту. Гэтым разам падобнай грамадзкай падтрымкі мяцежнікам не было, вельмі мала людзей выйшлі на вуліцы вітаць пераварот.
З другога боку, значна большая колькасьць людзей адказала на драматычны заклік прэзыдэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана — зь якім ён выступіў праз відэасувязь на мабільным тэлефоне, трансьляваную на адным з тэлеканалаў — выйсьці на вуліцы і выказаць сваё непрыняцьце перавароту.
2. Гэтым разам (як выглядае) гэта не былі сэкулярысты
Турэцкія вайскоўцы доўгі час лічылі, што яны стаяць на варце сьвецкай канстытуцыі краіны. Падчас мінулых пераваротаў яны забіралі ўладу ў цывільных урадаў, абвяшчаючы іх небясьпекай для сьвецкага дзяржаўнага ладу.
Гэтым разам улады абвінавацілі ў перавароце не заўзятых сэкулярыстаў, а рэлігійнага дзеяча — Фэтхулаха Гюлена, крытыка Эрдагана, які жыве ў добраахвотным выгнаньні ў Злучаных Штатах. (Сам ён адмаўляе сваё дачыненьне да спробы перавароту.) Дзьве найбольшыя апазыцыйныя партыі таксама выступілі з адназначнай падтрымкай ураду, заявіўшы, што нельга дазволіць, каб паўтарыўся горкі досьвед мінулых вайсковых пераваротаў.
3. Паліцыя і арганізатары перавароту апынуліся на розных баках
Падчас мінулых пераваротаў паліцыя падпарадкавалася новым кіраўнікам пасьля захопу ўлады вайскоўцамі. Цяпер паліцыя з гэткай самай ляяльнасьцю падтрымлівае ўрад. Паліцыя выступіла супраць групы вайскоўцаў, якая арганізавала пераварот, і арыштавала сотні збунтаваных салдатаў і афіцэраў.
4. Арганізатары прадстаўлялі невялікую групу вайскоўцаў
І ўрад, і апазыцыя ацэньваюць сілу мяцежнікаў на 10-20% ад усяго асабовага складу турэцкага войска. У мінуласьці ў пераваротах брала ўдзел усё войска.
5. Сёньня значна цяжэй перакрыць каналы інфармацыі
Як і ў папярэдніх выпадках арганізатары перавароту захапілі дзяржаўнае радыё і тэлевізію і выключылі іх сыгнал. Аднак інфармацыя працягвала пашырацца празь недзяржаўныя тэлеканалы, пераважна CNN Turk, і сацыяльныя сеткі, галоўным чынам Twitter і WhatsApp, якія зрабіліся плятформай для галасоў супраціву вайскоўцам.