На пікеце па збору подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты ў дэпутаты прадпрымальніка Алеся Таўстыкі скралі копію карціны Алеся Марачкіна. Арыгінал карціны «Нашы лялькі» ў 2008 годзе ў мастака канфіскавала міліцыя падчас ператрусу і пасадзіла яго на 5 сутак.
Здарэньне адбылося 13 ліпеня ў цэнтры Менску каля ўнівэрсаму «Цэнтральны».
Падчас збору подпісаў былі разгорнутыя бел-чырвона-белы сьцяг, а таксама сьцягі ЭЗ і ЗША. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і філёзаф Уладзімір Падгол прынесьлі некалькі твораў Марачкіна. Сярод іх — контурны малюнак на кардоне з сымбалічнай выявай міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча у форме супрацоўніка НКУС і рэпрадукцыя карціны «Нашы лялькі», арыгінал якой у сакавіку 2008 году канфіскавалі міліцыянты, якія праводзілі ператрус у майстэрні мастака. На гэтым творы карыкатурна намаляваныя Аляксандр Лукашэнка і зь дзесятак чыноўнікаў.
Неўзабаве да Таўстыкі падышлі начальнік ГУУС Мінгарвыканкаму Аляксандр Барсукоў і намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі ГУУС Максім Грышчанка ў суправаджэньні людзей у цывільным. Яны запатрабавалі прад’явіць дакумэнты, якія дазваляюць Таўстыку праводзіць пікет па зборы подпісаў.
Скарыстаўшыся тым, што пікетоўцы і журналісты адвабіліся на гэтую працэдуру, невядомы ў насунутым на галаву капюшоне схапіў рэпрадукцыі карціны і ўцёк.
Алесь Таўстыка зьбіраецца зьвяртацца ў міліцыю, бо яе супрацоўнікі здымалі пікет на камэру.
Таўстыка вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Купалаўскай выбарчай акрузе № 95. Гэта яго першы пікет у часе цяперашняй кампаніі. Да гэтага прадпрымальнік зьбіраў подпісы за сваё вылучэньне па кватэрах.