Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ занепакоена ўключэньнем украінскіх журналістаў у сьпіс «тэрарыстаў і экстрэмістаў» Расеі


Дуня Міятавіч
Дуня Міятавіч

У пералік трапілі 22 ураджэнцы анэксаванага Расеяй Крыму.

Пасьля публікацыі Расеяй пашыранага сьпісу «тэрарыстаў і экстрэмістаў», у які ўнесеныя ўкраінскія журналісты, Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе выказала занепакоенасьць.

Як заявіла прадстаўніца АБСЭ па справах свабоды СМІ Дуня Міятавіч, абнародаваньне гэтага пераліку можа паставіць журналістаў і іх бясьпеку пад пагрозу.

Напярэдадні расейская Фэдэральная служба фінансавага маніторынгу апублікавала пашыраны пералік іншаземцаў і расейцаў (да якіх прылічаныя і крымчане), якіх Масква называе тэрарыстамі і экстрэмістамі.

Міятавіч зьвярнула ўвагу, што ў сьпісе ёсьць крымскія журналісты Мікалай Сямена, які, як аглядальнік, супрацоўнічаў з украінскай службай Радыё Свабода і яго праектам Крым.Реалии, і Ганна Андрыеўская.

У пераліку, «расейская» частка якога налічвае больш за шэсьць тысяч фізычных асоб, ёсьць імёны 22 ураджэнцаў анэксаванага Расеяй Крыму. Сярод іх крымскія палітвязьні, журналісты і грамадзкія актывісты.

У прыватнасьці, «Росфинмониторинг» прылічыў да тэрарыстаў і экстрэмістаў усю «крымскую чацьвёрку» палітвязьняў па «справе Сянцова»: Аляксандра Кольчанку, Алега Сянцова, Аляксея Чырнія і нядаўна вызваленага Генадзя Афанасьева. У сьпісе таксама апынуўся блогер Юрый Ільчанка, арыштаваны пасьля публікацыі артыкулу супраць расейскай анэксіі Крыму і дзеяньняў Расеі ў Данбасе. У пералік «тэрарыстаў» ўнесьлі і кіраўніка Грамадзянскага корпусу «Азоў-Крым» Станіслава Краснова, якога ва Ўкраіне судзяць паводле абвінавачваньня ў незаконным абыходжаньні са зброяй, а СБУ падазрае ў сувязях з расейскімі спэцслужбамі.

Аляксандр Папкоў, адвакат Мікалая Сямены, назваў ўключэньне свайго падабароннага ў сьпіс «Росфинмониторинга» «пазасудовай расправай» і ня выключыў абскарджаньня такіх дзеяньняў ведамства ў Канстытуцыйным судзе Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG