Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бярозаўскім раёне вяскоўцы прыгразілі байкотам выбараў, калі ня будзе чыстай вады


Жыхары вёскі Кабакі Бярозаўскага раёну напісалі зварот у райвыканкам з патрабаваньнем палепшыць якасьць пітной вады. У іншым выпадку, заявілі сяляне, яны ня пойдуць на выбары.

Яшчэ на 2015 год у плянах Бярозаўскіх раённых уладаў было ўсталяваньне станцыі абезжалежваньня пітной вады ў вёсцы Кабакі. Аднак дагэтуль станцыі ў вёсцы няма, і сяляне скардзяцца на мутную, сьмярдзючую ваду з сваіх кранаў.

З ініцыятывы дэпутата сельсавету, сябра аргкамітэту БХД Валера Білібухі жыхары Кабакоў напісалі калектыўны зварот у райвыканкам з патрабаваньнем растлумачыць сытуацыю:

Валер Білібуха дэманструе бутэльку з жаўтаватай вадой з вадаводу
Валер Білібуха дэманструе бутэльку з жаўтаватай вадой з вадаводу

«Просім абавязаць кіраўніцтва ЖКГ выканаць плян устаноўкі ў нашай вёсцы станцыі абезжалежваньня, у іншым выпадку гэта ставіць пад сумнеў наш удзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў», — гаворыцца ў заяве.

З нагоды звароту ў вясковым доме культуры прайшоў сход, на які прыехалі чыноўнікі райвыканкаму, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, прыйшлі некалькі дзясяткаў жыхароў Кабакоў.

У часе сходу ў доме культуры ў Кабаках
У часе сходу ў доме культуры ў Кабаках

Намесьнік старшыні Бярозаўскага райвыканкаму Віталь Міхнюк растлумачыў на сходзе, што эканамічныя праблемы не дазволілі збудаваць у Кабаках станцыю абезжалежваньня:

«Рашаць гэтую праблему і зьбіраліся, і зьбіраемся. Чаму не рашылі яе ў той тэрмін, які ў нас быў заплянаваны — 2011-2015 гады? У сувязі з тым, што ў дзяржавы неставала грошай. І гэта ня толькі Бярозаўскі раён, гэта і вобласьць, і іншыя вобласьці, і ўся рэспубліка. Станцыі абезжалежваньня па ўсёй рэспубліцы былі выключаныя з праграмы. Вы бачыце, краіне трэба было аддаваць і замежныя пазыкі, і працу прадпрыемстваў завязваць, таму тыя праграмы на рэалізацыю выгоднага пражываньня былі крыху скарэктаваныя», — растлумачыў чыноўнік.

Кабакоўскі дом культуры
Кабакоўскі дом культуры

Намякаючы на пагрозу няўдзелу ў выбарах Віталь Міхнюк выказаўся, што ня варта вяскоўцам пераводзіць праблему з вадой у палітычны бок.

«Рашыць праблему разава немагчыма. Сёньня ёсьць праблемы, або дзіркі ў бюджэце ў раённым, цякучую дзейнасьць цяжка зачыняць. Вы бачыце, калі мы мелі магчымасьць абкошваць усё кругом, дарогі ўтрымліваць, то ў гэтым годзе складаней», — кажа Віталь Міхнюк.

Таксама чыноўнік расказаў, што паводле плянаў станцыю абезжалежваньня павінны паставіць у Кабаках да 2020 году. Пакуль жа сяляне могуць разьвязваць праблему ачышчэньня вады толькі праз усталяваньне фільтраў у асабовым парадку.

Чыноўнікі зьяжджаюць з Кабакоў, паабяцаўшы станцыю абезжалежваньня да 2020 году
Чыноўнікі зьяжджаюць з Кабакоў, паабяцаўшы станцыю абезжалежваньня да 2020 году

У часе сходу ажыўленьне і сьмех у залі выклікала параўнаньне чыноўнікам сытуацыі ва Ўкраіне і Беларусі:

«Сёньня мы ня маем праблемаў з прадуктамі харчаваньня. Суседняя дзяржава, на жаль, мае...» — выказаўся Віталь Міхнюк.

«Дзе гэта?» — запыталіся з залі.

«Ва Ўкраіне, напрыклад», — кажа чыноўнік.

Заля засьмяялася, Валер Білібуха парыраваў аргумэнт намесьніка старшыні райвыканкаму:

«Што? А вы там былі? Ніякі ўкраінец да беларуса ня едзе па прадукты, а беларусы туды едуць на закупы, на выходныя ня ўбіцца!»

Вёска Кабакі Бярозаўскага раёну
Вёска Кабакі Бярозаўскага раёну

Паводле санітарных нарматываў, прызналі чыноўнікі, вада ў Кабаках не адпавядае норме па двух нарматывах — у ёй перавышэньне жалеза ў 2 разы, а таксама мутны колер.

Сход так і не разьвязаў праблемы з вадой у Кабаках, але чыноўнікі паабяцалі, што бліжэйшым часам вяскоўцам паведамяць год, на які заплянуюць пабудаваць станцыю абезжалежваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG