Кампанія пачалася 5 ліпеня і на раніцу 11-га было сабрана ўжо каля 200 подпісаў за поўную рэабілітацыю беларускай паэткі.
Як паведамляецца на старонцы кампаніі «Укантакце», свой подпіс на гэты момант можна паставіць на пікетах у Менску, на офісе Партыі БНФ, у Гомелі, Берасьці, Воршы і Магілёве. Усе навіны кампаніі будуць публікавацца пад хэштэгам #Геніюш2016.
«Ідэя зьявілася даўно, але распачаць кампанію падумалі цяпер, карыстаючыся пэрыядам перадвыбарчай кампаніі, і тым што зараз мы маем магчымасьць ладзіць пікеты, і адпаведна да большай колькасьці людзей данесьці інфармацыю і сабраць подпісы», — расказвае патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, адна зь лідэраў Моладзі БНФ Кацярына Шуст.
Паводле яе слоў, кожны дзень сама менш два пікеты з удзелам актывістаў Моладзі БНФ зьбіраюць подпісы за рэабілітацыю Ларысы Геніюш.
«За той час калі я знаходзілася ў пікеце было некалькі чалавек, якія падыходзілі, запытвалі і ня ведалі, хто такая Ларыса Геніюш. Але большасьць людзей, якія падышлі, якія зацікавіліся, яны сапраўды паставілі подпісы. Але ўсёй карціны я цяпер ня ведаю, бо і безь мяне ладзіліся пікеты іншымі маладымі людзьмі», — кажа актывістка.
Акрамя збору подпісаў за рэабілітацыю, актывісты Моладзі БНФ зьбіраюцца праводзіць і іншыя мерапрыемствы.
«Мы будзем займацца папулярызацыяй творчасьці Ларысы Геніюш, будзем зьвяртацца да Міністэрства адукацыі з тым, каб творчасьць Ларысы Геніюш была ўключана ў школьную праграму. Будзем праводзіць урачыстыя мерапрыемствы — вечарыны памяці, літаратурныя чытаньні і г.д.», — распавядае Кацярына Шуст.
Моладзь БНФ таксама будзе дамагацца стварэньня помніка Ларысе Геніюш і перайменаваньня адной з вуліц у яе гонар.
Кацярына Шуст падкрэсьлівае, што гэтая кампанія важная ня толькі таму, што трэба ўшанаваць памяць Ларысы Геніюш, але і таму, што гэта будзе спрыяць нацыянальна-культурнаму адраджэньню.
«Я ўпэўнена, што існуе вялікая колькасьць людзей, якія проста ня ведаюць усіх гістарычных момантаў і ўсёй важнасьці творчасьці Ларысы Геніюш, таму важна ў тым ліку і да іх усё гэта данесьці. На жаль, наша дзяржава не надае належнай увагі ня толькі памяці Ларысы Геніюш, але і шмат якім выбітным дзеячам. Таму над гэтым павінны працаваць мы, бо гэта заўжды будзе спрыяць умацаваньню салідарнасьці ў нашым грамадзтве і спрыяць нацыянальна-культурнаму адраджэньню», — кажа актывістка.
Ларыса Геніюш (1910-1983) — беларуская паэтка, пісьменьніца, дзяячка нацыянальнага руху. Была арыштаваная 5 сакавіка 1948 году органамі МДБ у Чэхаславаччыне, з кастрычніка 1948 году знаходзілася ў турме ў Менску. 7 лютага 1949 году Ларысу Геніюш асуджаюць на 25 гадоў зьняволеньня паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу БССР нумар 66 i 76, прынятых яшчэ ў 1926 годзе. Фармулёўкі гэтых артыкулаў: «контррэвалюцыйная арганізацыйная дзейнасьць» i «дапамога міжнароднай буржуазіі ў ажыцьцяўленьні варожай дзейнасьці».
У 1956 годзе тэрмін пакараньня зьмяншаюць да 8 гадоў, і яе вызваляюць. Пасьля вызваленьня доўгі час творчасьць паэткі была пад забаронай. Толькі ў 1967 годзе быў выдадзены першы ў Беларусі зборнік твораў Ларысы Геніюш.