Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малады Фронт» заклікаў на #СьвятаНезалежнасьці 27 ліпеня


У дзень, які да 1996 году быў Днём незалежнасьці Беларусі, актывісты хочуць выйсьці да Дому ўраду зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Актывісты «Маладога Фронту» плянуюць адзначыць прыняцьце Дэклярацыі незалежнасьці Беларусі акцыяй #СьвятаНезалежнасьці. 27 ліпеня а 8:30 раніцы яны заклікаюць выйсьці на менскую плошчу Незалежнасьці зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Папярэдне мяркуецца, што ўдзельнікі акцыі са сьцягамі ўстануць ланцугом уздоўж праспэкту Незалежнасьці. Хто ня мае сьцяга, можа атрымаць яго ад арганізатараў на акцыі.

«Зранку — каб увесь народ перад тым, як пайсьці на працу, змог адсьвяткаваць слаўную дату нашай гісторыі, — кажа Свабодзе сустаршыня „Маладога Фронту“ Зьміцер Дашкевіч. — Хто не спужаецца ўвечары, не спужаецца і раніцай».

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Тых, хто ня здолее прыйсьці на акцыю, «Малады Фронт» заклікае «ўздымаць па-над Беларусьсю бел-чырвона-белыя сьцягі», фатаграфавацца зь імі публікаваць фота ў сацсетках з хэштэгам #СьвятаНезалежнасьці.

На сайце «Маладога Фронту» гаворыцца, што «ў хуткім часе дата 27 ліпеня зойме сваё належнае месца ў сьвяточным календары Беларусі побач з такімі днямі як 25 сакавіка і 25 жніўня». Якая з гэтых датаў — дзень абвяшчэньня БНР, дзень прыняцьця Дэклярацыі незалежнасьці ў 1991 годзе ці дзень абвяшчэньня незалежнасьці ў тым жа годзе — «галоўная»? І чаму ў гэтым шэрагу няма афіцыйнага Дня незалежнасьці (3 ліпеня, дзень вызваленьня Менску ад нацыстаў у час Другой усясьветнай вайны)?

«Я не магу сказаць, што нейкая дата больш прыярытэтная, яны ўсе важныя, — разважае Дашкевіч. — Хай гісторыкі вырашаць празь нейкі час, у незалежным парлямэнце хай будзе вырашана, якая дата будзе сьвяткавацца як Дзень незалежнасьці Беларусі. Але для дзяржаўнасьці, гісторыі барацьбы за незалежнасьць, гэтыя даты слаўныя.

Мы, натуральна, не прызнаем ілжывыя, сфальсыфікаваныя сьвяты, усталяваныя па сродках хлусьлівых рэфэрэндумаў. Дзень 3 ліпеня відавочна ня мае ніякага дачыненьня да незалежнасьці Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG