Ён распачаўся 3 ліпеня ў Пачаеве і мае завяршыцца ў Дзень хрышчэньня Русі — 27 ліпеня ў Кіеве, на Ўладзімірскай горцы, дзе плянуюць адправіць службу за мір.
Як паведамілі Радыё Свабода ў УПЦ МП, у працэсіі бяруць удзел сотні прадстаўнікоў духавенства, манахаў і тысячы паломнікаў.
«Больш за пяць тысяч вернікаў ідуць з малітвай за Ўкраіну, мір і спакой у нашай дзяржаве», — адзначылі ў інфармацыйным аддзеле. На гэтую хвіліну вернікі прайшлі ўжо палову маршруту, але толькі цяпер грамадзтва зьвярнула ўвагу на шэсьце, бо яно праходзіць ня толькі пад іконамі, а і пад георгіеўскімі стужкамі, пад якімі пачыналіся баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны і ўтварыліся так званыя «ЛНР» ды «ДНР».
Маскоўскі патрыярхат ва Ўкраіне пачаў праводзіць такія хады зь мінулага году як альтэрнатыву аналягічным шэсьцям Кіеўскага патрыярхату.
«Кіеўскі Патрыярхат з 2009 году праводзіць 28 ліпеня Хрэсны ход у цэнтры Кіева ў гонар двайнога сьвята Хрышчэньня Русі-Украіны і ў гонар сьвятога Уладзімера. У мінулым 2015 годзе кіраўніцтву Маскоўскага патрыярхату прыйшло ў галаву зрабіць тое ж: 27 ліпеня ў сталіцы Ўкраіны сабралі прыхільнікаў рускага праваслаўя на іх уласную хаду. Сёлета падалося мала аднадзённага шэсьця — надумалі арганізаваць яго праз усю Ўкраіну на працягу чатырох тыдняў. Фінал паходу — 27 ліпеня ў Кіеве», — зазначыў кіраўнік інфармацыйнага ўпраўленьня Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Еўстрацій Зара.
Паводле яго, гэтае шэсьце і арганізацыйна, і інфармацыйна, спансаруюць тыя ж палітыкі, якія стаялі за Антымайдан. «Разам яны хочуць давесьці, што менавіта Маскоўскі патрыярхат — гэта і ёсьць Украіна, што тут — прастора „рускага міру“. Што рабіць тым, хто так ня лічыць? Думаю, што лепшым адказам мае быць сход украінскай абшчыны на Хрэсны ход 28 ліпеня — ад Ўладзімірскага Сабору да помніка сьвятому Ўладзіміру. 30 лістапада 2013 году Ўкраінская Царква абараніла права свайго народу на Майдан. 28 ліпеня 2016 году народ мае магчымасьць стаць на абарону незалежнасьці сваёй Украінскай Царквы», — падкрэсьліў прадстаўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, у храмах якога ў 2013 годзе хаваліся параненыя праваахоўнікамі ўдзельнікі Эўрамайдану.
Журналіст Расьціслаў Дзямчук перакананы, што гэтае шэсьце ёсьць правакацыяй расейскіх спэцслужбаў:
«Ня думаю, што ў сувязі з гэтым ГПУ, МУС і СБУ сядзяць склаўшы рукі і нічога ня робяць для прадухіленьня небясьпечных рэцыдываў гэтай гіганцкай правакацыі ФСБ і іншых спэцслужбаў Расеі. Тое, што за Хрэсным ходам стаяць спэцслужбы Расеі — не ўзьнікае сумневу. Бо ў адрозьненьне ад стабільна каравай, грубай, непрафэсійнай працы ГПУ, МУС і СБУ, у гэтых людзей усё выдатна арганізавана: харчаваньне, вада, дажджавікі, парасоны, мэдыйнае забесьпячэньне, аўтамабілі хуткай дапамогі, рэанімабілі, аўтамабілі падтрымкі, ахова — хлопцы ў камуфляжы і з рацыямі, хлопцы ў спартовых касьцюмах... Усё гэта добра і зладжана працуе. „Паломнікі“ ўжо паднялі георгіеўскія стужкі, сьцягі Расейскай імпэрыі, партрэты цара Мікалая Другога», — патлумачыў ён.
Старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій фактычна пацьвердзіў прагнозы экспэртаў. Паводле яго, «Крэмль усімі сіламі спрабуе дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне, на фронце, на міжнароднай арэне».
«Вораг распрацоўвае пляны дэстабілізацыі сытуацыі ў сярэдзіне краіны шляхам стварэньня штучнага крызісу, беспарадкаў на вуліцах. Мы з вамі становімся сьведкамі таго, як адна з рэлігійных арганізацый, якая мае свой духоўны цэнтар у краіне-агрэсары, мабілізуе вялікую колькасьць сваіх вернікаў і сьцягвае іх у Кіеў на 26 ліпеня, называючы гэта мірным хрэсным ходам. Паводле нашай інфармацыі, Крэмль ужо падрыхтаваў сцэнар правакацый на 26 ліпеня. У Кіеў, акрамя сапраўды мірных вернікаў, сьцягваюцца правакатары з забароненай сымболікай ды сымболікай краіны-агрэсара. Мы гэта ўжо ўбачылі ў асобных гарадах нашай краіны», — адзначыў Андрэй Парубій сёньня пад час пагаджальнай рады напярэдадні новага сэсійнага тыдня ў парлямэнце.
Служба бясьпекі Украіны запэўнівае, што «будзе дзейнічаць у рамках закону», калі падчас хады Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату будуць мець месца правакацыі, якія могуць трактавацца як пагроза цэласнасьці Ўкраіны.