Міністэрства эканомікі ўсталявала новы тарыф на паслугі «Белэнэрга» па перадачы і разьмеркаваньні электрычнай энэргіі, «вырабленай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь юрыдычнай асобай, якія не ўваходзяць у склад названага аб’яднаньня».
Пра гэта паведамляе БелаПАН.
З 1 ліпеня тарыф будзе складаць 4 капейкі за кіляват-гадзіну (400 рублёў у недэнамінаваных рублях). Цяперашні тарыф роўны 305 рублям (3,05 новай капейкі), ён быў устаноўлены 29 сакавіка 2012 году. Такім чынам, павышэньне тарыфу склала 31,1%.
Між тым 17 чэрвеня, размаўляючы ў Гомелі з работнікамі кандытарскай фабрыкі «Спартак», Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Росту цэнаў у сувязі з дэнамінацыяй ня будзе, гэта я вам гарантую. Мы за гэта адарвем галовы, калі нехта паспрабуе скарыстацца гэтым тэхнічным працэсам, а гэта чыста тэхнічнае мерапрыемства».