Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея фактычна ўзаконіла татальнае праслухоўваньне


Прыняты «пакет Яравой» тэарэтычна дае спэцслужбам магчымасьць чытаць любую перапіску. Але ці атрымаецца чытаць што заўгодна на практыцы, невядома.

Дзярждума Расеі 23 чэрвеня ўхваліла «антытэрарыстычны пакет» законапраектаў, унесены дэпутатам Ірынай Яравой і Віктарам Возеравым з Савету Фэдэрацыі. Папраўкі зрабілі больш жорсткімі цэлы шэраг законаў, у тым ліку абмежавалі правы, гарантаваныя расейцам канстытуцыяй іх краіны.

У ліку паправак ёсьць шэраг такіх, якія даюць расейскім спэцслужбам магчымасьць праслухоўваць тэлефанаваньні і чытаць паведамленьні карыстальнікаў.

Апэратараў сувязі абавязалі захоўваць запісы ўсіх тэлефанаваньняў абанэнтаў, а таксама ўсе іх SMS-паведамленьні, цягам 6 месяцаў. Цягам трох год апэратараў абавязалі захоўваць зьвесткі пра тое, калі і з кім размаўляў абанэнт. Таксама «апэратараў распаўсюду інфармацыі» ў інтэрнэце абавязалі захоўваць мэта-зьвесткі (хто, каму, калі і зь якога адрасу пісаў) цягам году.

Усе мэсэнджэры, сацсеткі, паштовыя сэрвісы і проста сайты, якія выкарыстоўваюць шыфраваньне зьвестак (а зьвесткі шыфруюць амаль усе інтэрнэт-сэрвісы, зьвязаныя зь перапіскай), абавязалі «дапамагаць» ФСБ расшыфроўваць любое патрэбнае ім паведамленьне — прадставіць ФСБ інфармацыю, як расшыфраваць паведамленьне.

Расейскія інтэрнэт-кампаніі і асацыяцыі ў галіне ІТ сьцьвярджаюць, што «пакет Яравой» фактычна патрабуе доступ да ўсіх прыватных зьвестак бяз санкцыі суду (хоць паводле расейскай Канстытуцыі, чалавек можа быць пазбаўлены тайны сувязі толькі па рашэньні суду).

Такое наогул магчыма?

Магчымасьць выкананьня ўсіх патрабаваньняў «пакету Яравой» пад пытаньнем, як зь фінансавага боку, гэтак і з тэхнічнага.

Так, каб захаваць інфармацыю пра ўсе тэлефанаваньні абанэнтаў сотавай сувязі (а іх у Расеі больш за 200 млн — на аднаго расейца прыходзіцца больш за адну сім-картку) спатрэбяцца калясальныя сховішчы інфармацыі. Паводле падлікаў «Роскомсвободы», прыватным мабільным апэратарам гэта абыдзецца амаль на 780 млн. даляраў кожнаму, дзяржаўнаму «Ростелекому» — 15,5 млрд. даляраў на год. Нават калі гэтыя ацэнкі перавышаныя ў разы, грошы на інфраструктуру спатрэбяцца немалыя, затраты могуць зрабіць апэратараў нерэнтабэльнымі.

Многія інтэрнэт-сэрвісы самі ня маюць магчымасьці расшыфраваць перапіску карыстальнікаў, ключы шыфраваньня не дазваляе захоўваць шырока карыстаны (у тым ліку сайтамі дзяржаўных паслугаў, банкамі) пратакол HTTPS. Цалкам магчыма, што міжнародныя банкі і такія мэсэнджэры як Telegram ці Signal адмовяцца мяняць свае альгарытмы, якія ствараліся так, каб самі стваральнікі не маглі чытаць перапіску карыстальнікаў. У такім выпадку іх дзейнасьць у Расеі стане незаконнай.

Забараніць жа расейцам доступ да абсалютна ўсіх сродкаў шыфраваньня ў інтэрнэце будзе як мінімум цяжка, як максымум — немагчыма. Нават Кітай, які з 2000-х увёў татальную інтэрнэт-цэнзуру, ня змог заблякаваць усе сродкі доступу да забароненых сайтаў (у ліку якіх замежныя мэсэнджэры і сацсеткі), у тым ліку Tor. І нават на «дазволеных» пляцоўках кітайцы знаходзяць шляхі абыходу цэнзуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG