«Пасьля дэнамінацыі беларускі рубель будзе самай моцнай нацыянальнай валютай сярод краінаў-суседзяў», — заявіў экс-кіраўнік Нацбанку Пётар Пракаповіч журналістам падчас Усебеларускага народнага сходу.
Былы кіраўнік Нацбанку ўпэўнены, што дэнамінацыя вырашыць шмат якія праблемы, у тым ліку ўмацуе нацыянальную валюту. Кошты ж на тавары і паслугі, на ягоную думку, ня падскочаць з-за сьпісаньня чатырох нулёў.
— Мы атрымліваем моцны беларускі рубель. Пасьля дэнамінацыі беларускі рубель будзе больш чым у 32 разы даражэйшы за расейскага рубель. Вы прыйдзеце ў абменны пункт і за адзін беларускі рубель атрымаеце 32-35 расейскіх рублёў. А цяпер жа ўсё наадварот — тлумачыць Пётра Пятровіч. — І тое ж самае, калі параўнаць курс нашага рубля да іншых валютаў. Нашы два рубля — гэта будзе адзін даляр. Наша валюта будзе самая моцная сярод нашых суседзяў — Украіны, Расеі, — цытуе Пракаповіча tut.by.
Пётар Пракаповіч праводзіў папярэднюю дэнамінацыю ў 2000 годзе.