Бываюць моманты ў жыцьці кожнага чалавека, калі вам немагчыма зрабіць нічога, каб прадухіліць пакуты сваіх блізкіх, пакуты сваіх суседзяў ці людзей, якіх вы ніколі не сустракалі, і калі вы ня можаце прадухіліць свае ўласныя пакуты.
Аднак вы ня хочаце паддавацца такому пачуцьцю бездапаможнасьці.
Іронія заключаецца ў тым, што нават калі вам удасца нешта зрабіць — каб зьмяніць сытуацыю да лепшага — вы ня можаце сказаць пра гэта іншым. Таму што хочаце абараніць сваіх. Агалошаньне паставіць іх у небясьпеку. Вы павінны захаваць вынікі свайго змаганьня для сябе. Вы павінны заставацца ў пакоі за зачыненымі дзьвярыма, хаваючы свае высілкі з-за боязі, што іншыя даведаюцца пра іх.
Але вось вы не баіцеся за сябе, таму што вы зрабілі свой выбар — напісаўшы свае кніжкі. Вы — сьвядомая свайго наканаваньня і гатовая сустрэцца зь ім. Вы ў першую чаргу клапоціцеся пра іншых, пра тых, якія знаходзяцца побач з вамі. Вось чаму вы прыкідваецеся, што жывяце жыцьцём бездапаможнага чалавека, як і ўсе астатнія. А што тычыцца тых, хто вас ведае, хто вас любіць, і хто баіцца таго, што вы робіце — вы іх пераконваеце, што вас асабіста задавальняе роля чалавека сэканд-хэнд у часе сэканд-хэнд.
Вы робіце іх шчасьлівымі, хлусячы ім.
Вы застаяцеся сам-насам са сваімі думкамі ў кожную хвіліну свайго жыцьця. Вы змагаецеся з сабою ўвесь час. Ваш боль агромністы. Вы бачыце больш за іншых, таму ваш боль мацнейшы.
Я задумваюся, спадарыня Алексіевіч, што прымушае нас, чалавечыя істоты, прымаць пакуты як спосаб жыцьця? Чаму мы больш схільныя пакутаваць, чым пратэставаць і класьці канец пакутам? Ці гэта зьвязанае з нашым мінулым — вашым савецкім і маім югаслаўскім — і нашымі ілюзіямі наконт яго? Ці гэта зьвязанае з сорамам, які мы можам адчуваць ад таго, што наогул пеставалі свае ілюзіі?
Шмат што зьмянілася за апошнія трыццаць гадоў. Але паглядзіце, што адбылося ўсяго два месяцы таму, калі былі апублікаваныя гэтак званыя «панамскія дакумэнты». У адным з нашых відэа, якое мы разьмясьцілі ў сацыяльных сетках, мы параўналі дзьве вельмі розныя рэакцыі на выкрыцьці ў гэтых дакумэнтах. У сталіцы Ісьляндыі тысячы людзей выйшлі на вуліцу, каб запатрабаваць адстаўкі прэм’ер-міністра! А ведаеце, колькі чалавек выйшлі на акцыю пратэсту ў Маскве? Адзін! Толькі адна маладая і мужная жанчына была на плошчы з плякатам, на якім стаялі тры словы: «Пуцін, афшоры, імпічмэнт!».
Такім чынам ваша «гісторыя душы» вяртаецца, ваш час сэканд-хэнд вяртаецца! Гэтая гісторыя, можа быць, цяпер загорнутая ў іншую ўпакоўку, але яе прынцыпы застаюцца тыя самыя. Яна — заўсёды пра неабходнасьць індывіда пакутаваць для нацыі, яна заўсёды пра патрыятызм, які вызначаецца лідэрам, яна заўсёды пра лідэра.
Спадарыня Алексіевіч, у мяне такое адчуваньне, што вам трэба напісаць новую кнігу на такую самую тэму. Як адзначыла Маша Гесэн у артыкуле ў «Нью-Ёркеры» пра вашу творчасьць, гэта павінна быць зроблена пісьменьнікам, «які працуе выключна з жывымі людзьмі».
Я маю гонар быць галоўным рэдактарам Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, кампаніі, якая заўсёды была з вамі — і тады, калі ваша праца была ня так прыкметныя, калі ваша жыцьцё было ня так прыемным, калі ваша будучыня была няясная. Я маю ўдвая большы гонар быць тут з вамі сёньня, на абмеркаваньні пытаньня аб мужнасьці глядзець сьвету ў твар — таму, які існаваў некалі, і таму, які існуе сёньня.
Прамова віцэ-прэзыдэнта і галоўнага рэдактара Радыё Свабодня Эўропа / Радыё Свабода Нэнада Пэіча на сустрэчы са Сьвятланай Алексіевіч у Нацыянальным фондзе за дэмакратыю ў Вашынгтоне.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1