Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прывядзе эканамічны крызіс у Беларусі да росту злачыннасьці? Высновы дасьледаваньня


Падчас прэзэнтацыі дасьледаваньня ў Менску
Падчас прэзэнтацыі дасьледаваньня ў Менску

Паглыбленьне эканамічнага крызісу і высокі ўзровень беспрацоўя можа прывесьці да рэзкага росту злачыннасьці ў Беларусі.

Паводле вынікаў свайго дасьледаваньня «Эканамічны крызыс і злачыннасьць: чаго варта асьцерагацца Беларусі?», да такой высновы прыходзіць аналітык інстытуту BISS Аляксандар Аўтушка-Сікорскі.

Між тым падчас прэзэнтацыі дасьледаваньня ў Менску Аўтушка-Сікорскі адзначыў, што чакаць рэзкага росту злачыннасьці ў бліжэйшыя некалькі гадоў не выпадае. Аналітык кажа, што па прагнозах МВФ і Сусьветнага банка падзеньне ВУП Беларусі ў 2016-2017 гг. будзе невялікім, таму пра вялікія сацыяльныя ўзрушэньні казаць няма падстаў.

«Гэта ня так страшна. Гэта ня той выпадак, калі масавае беспрацоўе, калі людзі гадамі не атрымліваюць заробку, — адзначае Аўтушка-Сікорскі, — Поўных дадзеных сёньня няма, але зыходзячы з мінімальнага аналізу крымінальных зводак, думаю, што колькасьць злачынстваў павялічыцца. Гэта, аднак, крытычна не паўплывае на сацыяльную стабільнасьць. У нас няма сьведчаньняў таго, што ў Беларусі пачалі масава рабаваць або забіваць».

Аляксандар Аўтушка-Сікорскі
Аляксандар Аўтушка-Сікорскі

Свае высновы экспэрт BISS робіць на аснове аналізу суадносін узроўню злачыннасьці ды эканамічных паказчыкаў (ВУП, інфляцыя, беспрацоўе) пачынаючы з 1991 году.

Як адзначыў Аўтушка-Сікорскі, крызіс дастаткова моцна ўплывае на тэмпы росту большасьці тыпаў злачынстваў. Аднак, найбольшы рост злачыннасьці ў Беларусі быў зафіксаваны ў 2001-2005 гг., калі гіпэрінфляцыі і падзеньня ВУП не назіралася.

«Рост злачыннасьці тады быў проста неймаверны. Такое адчуваньне што насельніцтва ў нейкі момант звар’яцела. Колькасьць, напрыклад, рабункаў за пяць гадоў вырасла зь дзьвюх тысяч да дзесяці. Для такой краіны, як Беларусь — гэта вельмі шмат», — канстатуе экспэрт.

Такі скачок злачыннасьці аналітык зьвязвае з ростам беспрацоўя ў 2001-2005 гг. разам з высокім узроўнем запазычанасьці па зарплаце ды некалькімі хвалямі амністый.

«Таму можна зрабіць выснову, што злачыннасьць у пэрыяды эканамічнага крызісу расьце. У пэрыяды высокага беспрацоўя злачыннасьць расьце яшчэ мацней, і асабліва яна расьце па той прычыне, што на беспрацоўе накладваюцца іншыя структурныя фактары (няпоўны працоўны дзень і затрымкі зарплаты). Хутчэй за ўсё на ўзровень злачыннасьці ў Беларусі ўплывае не працягласьць крызісу (гэта значыць, не як доўга ён ідзе), а тое, наколькі крызыс глыбокі. Доўга жыць ня вельмі добра — гэта значна меншы матыватар для зьдзяйсьненьня злачынстваў, чым жыць некалькі гадоў пры вельмі дрэннай эканоміцы, калі няма працы і табе затрымліваюць заробак. Гэта значыць, галоўнае, што паўплывае на рост злачыннасьці ў Беларусі, — гэта тое, наколькі крызыс паглыбіцца, наколькі стане яшчэ горш», — падкрэсьлівае Аўтушка-Сікорскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG