Навіна пра зьнікненьне з продажу ў магілёўскіх кнігарнях глёбусаў, на якіх Крым быў пазначаны як частка Расеі, атрымала шырокі водгук у інтэрнэт-прасторы Расеі і Польшчы.
Шмат інтэрнэт-рэсурсаў згадалі пра гэтую падзею, дадаўшы да сваіх публікацыяў камэнтары палітыкаў.
Глёбусы з «расейскім Крымам» пачалі прыбіраць з кнігарняў на пачатку чэрвеня/
Сайты многіх вядучых расейскіх СМІ адзначылі, што рэкамэндавала пазьбягаць продажу палітычных мапаў і глёбусаў з расейскім Крымам структура мясцовай выканаўчай улады. Для многіх расейскіх выданьняў такая рэкамэндацыя стала адкрыцьцём.
Глёбусы разладу
Gazeta.ru адзначыла: «Беларусь — адна зь нямногіх краінаў, якая не падтрымала рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН у падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, згодна зь якой агульнакрымскі рэфэрэндум 16 сакавіка 2014 году ня меў законнай сілы. Тым ня менш, адзначае выданьне, „Аляксандар Лукашэнка пазьбягае пытаньняў пра тое, каму належыць паўвостраў“.
Глёбусы з „расейскім“ Крымам» gazeta.ru назвала «глёбусамі разладу». Яны вырабленыя, даводзіў інтэрнэт-рэсурс, у Польшчы, якая не прызнае вынікаў крымскага рэфэрэндуму, а прадаваліся ў Беларусі, якая іх прызнае.
На глёбусы паскардзілася апазыцыя
«Беларусам забаранілі набываць польскія глёбусы з Крымам у складзе Расеі», — з такім загалоўкам выйшаў матэрыял у «Маскоўскім камсамольцы». Выданьне зазначае: «на продаж „няправільных“ глёбусаў паскардзіліся беларускія апазыцыянэры».
У публікацыі ўзгадваецца, што раней МЗС Беларусі папярэджваў грамадзян пра адміністрацыйную адказнасьць за наведваньне Крыму без дазволу ўкраінскіх уладаў.
Купляйце фальшывыя глёбусы ў Крыме
«Российская газета» паведаміла, што «ўлады Крыму» спэцыяльна арганізуюць продаж глёбусаў, на якіх пазначана, што паўвостраў расейскі. Выданьне спасылаецца на словы «віцэ-прэм’ера крымскага ўраду» Дзьмітрыя Палонскага, які заявіў:
«Беларусы могуць купіць глёбусы з расейскім Крымам, прыяжджаючы на адпачынак у крымскія курорты». Чыноўнік тым ня менш запэўніў, што адносіны зь Беларусьсю «нармальныя». «У Беларусь мы езьдзім, падкрэсьліў ён, як грамадзяне Расеі».
Прагматычная дыпляматыя
«Прагматычнай дыпляматыяй» назвала зьнікненьне з продажу ў беларускім Магілёве глёбусаў з расейскім Крымам выданьне «Новый день». Яно адзначыла, што вырабленыя глёбусы былі ў Польшчы спэцыяльна для расейскага рынку, але «нейкім чынам патрапілі ў беларускі Магілёў».
«Новый день» спасылаецца на выказваньне кіраўніка беларускага МЗС Уладзімера Макея, які заяўляў: Беларусь «зыходзіць з таго, чый сёньня Крым дэ-факта».
«Відаць цяпер, — адзначаецца ў публікацыі „Нового дня“, — вэктар зьмяніўся, або ва ўрадзе Беларусі існуюць дзьве розныя пазыцыі, якія выкарыстоўваюцца ў залежнасьці ад абставінаў», — заключае выданьне.
Беларусь сядзіць у Расеі на шыі, — Жырыноўскі
Беларусь просіць Расею зьнізіць цану на газ і ў той жа час «у Беларусі забараняюць прадаваць глёбусы, на якіх Крым расейскі», з абурэньнем выказаўся пра сытуацыю з продажам глёбусаў лідэр ЛДПР Уладзімер Жырыноўскі на сваім партыйным сайце.
А ў камэнтары інфармацыйнаму агенцтву REGNUM гэты палітык адзначыў: «Беларусь і Ўкраіна сядзяць у нас на шыі і адначасова паліваюць брудам».
«Ніколі не было братэрскіх узаемадачыненьняў, нідзе ў Эўропе я ня чуў паняцьця „братэрскія“. Дзеці не сябруюць — часьцей сварацца, у сям’і няма сяброўства — адны разводы. Усе перасьледуюць свае ўласныя інтарэсы», — заключыў Жырыноўскі.
Рэакцыя ў Польшчы — а калі б папрасілі Сылезію пазначыць як ФРГ?
Тэма глёбусаў з расейскім Крымам зацікавіла і польскія інтэрнэт-рэсурсы. У публікацыях на гэтую тэму акцэнтуецца ўвага, што мясцовыя ўлады ва ўсходнебеларускім Магілёве зьнялі з продажу глёбусы польскай вытворчасьці.
«Наш усходні сусед адклікаў партыю глёбусаў, на якіх Крым належыць Расеі. Яны вырабленыя у Rębkowie», — інфармуе garwolin24.com. Гэты інтэрнэт-рэсурс не прамінуў адзначыць, што «Беларусь і Расею зьвязваюць шчыльныя палітычныя і ваенныя адносіны».
Некаторыя польскія мэдыі паспрабавалі разабрацца, як жа сталася, што польская фірма вырабляе прадукцыю, якая супярэчыць афіцыйнай пазыцыі Польшчы адносна анэксіі Расеяй Крыму.
Карэспандэнт газэты «Rzeczpospolita» запытаўся ў кіраўніка фірмы-вытворцы «ZACHEM-GŁOWALA» Кшыштафа Главала, ці пагадзіўся б ён выканаць замову на выраб глёбусу, на якім польская Сылезія была б пазначаная, як частка Нямеччыны.
«Я вырабляю, што хоча кліент. Расейцы просяць пазначаць Крым расейскім», — адказаў Кшыштаф Главала, дадаўшы, што Дзяржаўная дума Расеі ўхваліла анэксію паўвострава.
У нататцы адзначана, што кіраўнік «ZACHEM-GŁOWALA» адмовіўся паведамляць, колькі глёбусаў з расейскім Крымам было закуплена беларускімі партнэрамі. Разам з тым Кшыштаф Главала паскардзіўся, што беларусы за набытыя глёбусы не разьлічыліся.
У інтэрвію ekarwolin.pl Кшыштаф Главала заўважыў, што глёбусы з расейскім Крымам ня мелі патрапіць на беларускі рынак, аднак, як настойваў бізнэсовец, ягоныя беларускія кліенты самі выбіралі, якую прадукцыю набываць у ягонай фірме.
«Гэтыя глёбусы былі вырабленыя для расейскага рынку і там іх павінны былі прадаваць», — даводзіў інтэрнэт-рэсурсу Кшыштаф Главала. «Вельмі добра, што іх зьнялі з продажу ў Беларусі», — заявіў ён.
Беларусь як загадка
У многіх камэнтарах да публікацыяў на польскіх сайтах іх чытачы адзначалі, што для іх Беларусь — краіна зь непасьлядоўнымі дзеяньнямі.
«Беларусь для мяне загадка, — выказаўся, камэнтуючы сытуацыю з глёбусамі ў Магілёве адзін з наведнікаў сайту Wykop.pl nowy. «Нібыта краіна прарасейская, — адзначыў ён, — але не заўсёды».
«У чым гэтая загадка? У глёбусах? — паставіў пытаньне наступны камэнтатар і сам жа на яго адказаў: «Расейцы абгулялі беларусаў, завалодаўшы ўплывам на ўсходзе іх краіны і могуць паўтарыць тое, што зрабілі ва Ўкраіне, стварыўшы псэўдарэспублікі».
«Беларусь на працягу многіх гадоў, спрабуе сарвацца з павадка Пуціна, — выказаўся яшчэ адзін наведнік гэтага сайту і тут жа дадаў: «Аднак прастор для манэўру ў яе невялікі. Эўропа Беларусь прыняць ня можа, бо яна мае дыктатара. Таму гэтая краіна працягвае існаваць у застоі, але час ад часу дае Пуціну пстрычку па носе».