Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах адстойваюць бібліятэку ад закрыцьця


Хваля закрыцьця бібліятэк зь сельскай мясцовасьці дакацілася да гарадоў. У Баранавічах чыноўнікі прынялі рашэньне аб закрыцьці бібліятэкі ў музычнай школе № 1.

Гараджане выступаюць супраць гэтага рашэньня, паколькі нотны фонд бібліятэкі зьяўляецца адным з самых унікальных у Беларусі.

Жыхары Баранавічаў зьвярнуліся зь лістом да старшыні гарвыканкаму з просьбай захаваць бібліятэку. Пад зваротам падпісаліся больш за сто гараджанаў. Жыхары гораду перакананыя, што бібліятэка ў музычнай школе вельмі патрэбная, кажа Тацяна Малашчанка:

Тацяна Малашчанка
Тацяна Малашчанка

«Напрыканцы навучальнага году, калі мая дачка здавала акадэмічны канцэрт, я выпадкова даведалася, што бібліятэку ў музычнай школе маюць намер закрыць. З наступнага году яна перастане існаваць. Шчыра скажу, што я вельмі перажываю за бібліятэкі. Практычна ва ўсе гарадзкія бібліятэкі мы запісаныя і наведваем зь дзецьмі. А тут атрымліваецца, што ў год культуры бібліятэку маюць намер закрыць. Тады я вырашыла скласьці зварот да чыноўнікаў і распачала збор подпісаў. Разам з бацькамі дзяцей, што навучаюцца ў музычнай школе, мы шчыльна скаапэраваліся і досыць хутка сабралі подпісы — літаральна за два тыдні пад зваротам падпісаліся 117 чалавек. Людзі ахвотна адгукаліся на наш зварот і выказвалі нязгоду, як жа можна закрыць так патрэбную бібліятэку».

Бібліятэку не закрыюць, але аптымізуюць

Чыноўнікі адрэагавалі на зварот. У афіцыйным адказе напісана, што пытаньне аб закрыцьці бібліятэкі гарвыканкам разглядаць ня будзе, але мае намер зрабіць бібліятэку спэцыялізаванай, з нотна-музычным фондам, а таксама паступова праводзіць скарачэньні.

Чыноўнікі маюць намер скарачаць бібліятэку
Чыноўнікі маюць намер скарачаць бібліятэку

На думку Тацяны Малашчанкі, гэты адказ супярэчыць сам сабе:

«Выглядае на тое, што бібліятэку будуць паступова закрываць. У тым пляне, што ў адной супрацоўніцы кантракт завяршаецца ў жніўні, а ў другой — у верасьні. Пры гэтым цікава, што вось літаральна на днях я заходзіла ў бібліятэку, здавала кнігу, і бібліятэкаркі мне паведамілі, што ім загадана павялічыць наведвальнасьць установы на чатыры адсоткі. Якім чынам гэта ўсё стасуецца паміж сабою, я не да канца разумею.

Вакол нас практычна ва ўсіх сфэрах адбываюцца скарачэньні ды аптымізацыя. Мне падаецца, што прасьцей было б звольніць некалькі начальнікаў ды ашчадзіць на гэтым даволі вялікія сродкі, якія можна было б накіраваць на добрыя справы. Але адбываецца ўсё наадварот. Вось напрыклад, звальняюць і зьмяншаюць колькасьць дворнікаў. Але ў выніку атрымліваецца, што вуліцы не прыбіраюцца і становіцца брудна. Гэтак жа і зь бібліятэкамі — іх закрываюць, а ў выніку перашкаджаюць разьвіцьцю культуры. Раней ужо выкаранілі мову, ведаем пра праблемы ў адукацыі, а вось цяпер зьнішчаюць і культуру. Яна апошняя ў сьпісе. А людзі, якія працуюць у гэтай сфэры, ня будуць супраціўляцца, бо кожны зь іх, як і большасьць у краіне, зьвязаны нейкім кантрактам, абяцаньнем ці загадам. Ды і вядома, кожны баіцца страціць сваё працоўнае месца».

Кнігі нават паляць

Які ж лёс чакае кнігі, пасьля зачыненьня бібліятэкі?..
Які ж лёс чакае кнігі, пасьля зачыненьня бібліятэкі?..

Верагоднае скарачэньне бібліятэкі ў музычнай школе № 1 у Баранавічах стане ня першым. Раней закрылі бібліятэку ў мясцовым Аўтапарку. Пры гэтым пра закрыцьцё бібліятэк паведамляецца, але рэдка бывае вядома пра далейшы лёс кніжнага фонду, што вельмі непакоіць, кажа Тацяна Малашчанка:

«Я ведаю, што кнігі зь бібліятэкі ў Аўтапарку патрапілі ў добрыя рукі. Людзям дазволілі іх набываць. Можна было прыехаць ва ўстанову і набыць выданьні за малыя грошы. Але зусім іншыя справы адбываюцца на тэрыторыі раёну. Не магу зараз дакладна сказаць, у якой вёсцы гэта было, але кніжкі зь бібліятэкі, якую закрылі, скідвалі проста на вуліцы і пазьней спальвалі. Гэта цяжка ўявіць, але такое адбываецца ў нашай краіне — вогнішча зь кніг. Пра гэты выпадак мне распавядала жанчына, якую скарацілі ў вясковай бібліятэцы, а цяпер яна працуе ў гарадзкой сетцы. Ведаю таксама, што некаторыя ўстановы, якія закрываюцца, распрадаюць свой кніжны фонд, а некаторыя нават здаюць кніжкі на макулятуру.

117 жыхароў Баранавічаў паставілі свае подпісы за захаваньне бібліятэкі
117 жыхароў Баранавічаў паставілі свае подпісы за захаваньне бібліятэкі

Раней жа як было: на кожнай фабрыцы, заводзе існавалі бібліятэкі, няхай і невялікія, але з добрымі фондамі. І гэтыя ўстановы захаваліся нават у самыя цяжкія часы. Я кажу перадусім пра дзевяностыя гады. Але цяпер яны зьнішчаюцца, бо сталі нікому непатрэбныя, а іх утрымліваць пры адсутнасьці грошай накладна. Але ж ня будзем забываць, што менавіта ў дзевяностыя гады бібліятэкі і бібліятэкары самі зараблялі грошы, каб набываць гэты кніжны фонд. А тыя часы былі ня менш цяжкія, чым цяпер. Тым ня менш, бібліятэкі тады ня толькі захоўваліся, але і павялічваліся, разьвіваліся. І толькі дзякуючы гэтаму мы цяпер маем гэтыя сховішчы кніг. Цяпер жа стаўленьне да кніжак зьмяняецца. Я досыць часта бачу чэргі ў бібліятэках. Зайдзіце, калі ласка, у нашую цэнтральную бібліятэку — каб узяць кніжку, вы будзеце стаяць у чарзе. Мне падаецца, што гэта такі нават сусьветны працэс: чытач ізноў бярэ кнігу з прыемнасьцю. Раней, калі інтэрнэт яшчэ толькі распаўсюджваўся, друкаванае слова перастала быць папулярным, але цяпер сытуацыя зьмяняецца на адваротную».

Тацяна Малашчанка мяркуе, што бібліятэкі могуць спрабаваць зарабляць грошы на сваё ўтрыманьне, і дзяржава павінна дапамагаць ім. Небясьпека ж заключаецца ў тым, што калі цяпер зьнішчаць кнігі, закрываць бібліятэкі, то гэты працэс стане незваротным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG