На арганізацыю рэфэрэндуму няма часу, патлумачыў вэнэсуэльскі лідэр.
«Калі яны выканаюць усе патрабаваньні, рэфэрэндум аб адстаўцы адбудзецца ў наступным годзе, кропка», — заявіў Мадура.
У пятніцу Нацыянальная выбарчая рада Вэнэсуэлы абвясьціла несапраўднымі больш за 600 тысяч подпісаў, сабраных за правядзеньне ўсеагульнага рэфэрэндуму аб адстаўцы вэнэсуэльскага прэзыдэнта.
Апазыцыя ў адказ абвінаваціла Раду ў тым, што яна абараняе інтарэсы ўраду Мадура і спрабуе запаволіць правядзеньне рэфэрэндуму.
Час правядзеньня галасаваньня адыгрывае ключавую ролю для абодвух бакоў. Калі рэфэрэндум будзе арганізаваны да 10 студзеня 2017 году і Мадура прайграе, будуць арганізаваныя новыя выбары.
Калі галасаваньне будзе праведзена пазьней і Мадура прайграе, яго месца да канца прэзыдэнцкага тэрміну ў студзені 2019 году будзе займаць віцэ-прэзыдэнт.
Пэтыцыя была перададзена уладам 2 траўня. Апазыцыя заяўляе, што яна сабрала подпісы 1,85 млн выбарцаў, якія падтрымліваюць правядзеньне рэфэрэндуму. Гэта значна больш, чым патрабуе заканадаўства.
Паводле дадзеных Рады, подпісаў было больш — 1,97 млн.
Выбарчая рада таксама пастанавіла, што 1,3 млн чалавек, чые подпісы не былі адхіленыя, павінны прыйсьці ў мясцовыя выбарчыя ўчасткі, каб пацьвердзіць сваю асобу.
На гэта ў выбарцаў будзе ўсяго пяць дзён — з 20 чэрвеня.
Вэнэсуэла перажывае цяжкі эканамічны крызіс. У краіне назіраецца недахоп імпартных прадуктаў, у тым ліку лекаў і ежы.
Прычынай стала зьніжэньне коштаў на нафту і ў цэлым неэфэктыўная мадэль эканомікі. Краіна аказалася залежнай ад імпарту прадуктаў харчаваньня, якія яна купляла за даходы ад продажу нафты, якія, у сваю чаргу, імкліва скараціліся.