Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча плянуе падвоіць экспарт у Беларусь харчоў, таньнейшых за беларускія


Сайт-прэзэнтацыя праграмы «Смакі Эўропы» flavorsofeurope.eu
Сайт-прэзэнтацыя праграмы «Смакі Эўропы» flavorsofeurope.eu

У межах праграмы «Смакі Эўропы» палякі хочуць ствараць супольныя прадпрыемствы зь беларусамі і дзяліцца тэхналёгіямі, пра замяшчэньне беларускай прадукцыі не гавораць.

Польшча пры суфінансаваньні Эўразьвязу распачала трохгадовую праграму «Смакі Эўропы», прэзэнтацыя якой адбылася ў Менску ў межах выставы «Белагра» 7-11 чэрвеня. На прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай праграме, польскі бок ня ўтойваў: для Беларусі гэтая праграма найперш ёсьць «Смакамі Польшчы».

За апошні час тавараабмен прадуктамі харчаваньня між Беларусьсю і Польшчай вырас, нягледзячы на ўзаемныя абмежаваньні некалькіх апошніх гадоў, у тым ліку санітарныя забароны па ўвозе сьвініны і ялавічыны. І рост, сьцьвярджае польскі бок, адбываецца ня толькі за кошт прадуктаў, прыдатных да рээкспарту ў Расею.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік распавёў: калі за ўвесь 2015 год імпарт харчоў з Польшчы ў Беларусь склаў 210 млн эўра (агульны імпарт з Польшчы ў Беларусь за год — каля 950 млн эўра), то толькі за першы квартал 2016-га — 92 млн эўра. За ўвесь 2016 год палякі спадзяюцца экспартаваць у Беларусь тавараў на 400 млн эўра.

«Польская вёска перажыла за апошнія 26 год вельмі вялікія зьмены. І гэтага мы таксама зычым Беларусі — кажа Паўлік. — Я перакананы, што дзякуючы супрацы Польшчы ў Эўрапейскім Зьвязе мы захавалі найлепшыя рэчы: польскія смакі, традыцыі, якасьць, а ў дадатак атрымалі доступ да сучасных тэхналёгіяў. І мы хочам падзяліцца гэтым досьведам зь Беларусьсю, хочам супрацоўнічаць у галіне сельскай гаспадаркі».

Пры гэтым палякі ня кажуць пра выцясьненьне беларускіх тавараў, а часта паўтараюць: хочам ствараць зь Беларусьсю супольныя прадпрыемствы. Таксама беларусам прапануюць, напрыклад, скарыстацца для гандлю польскімі партамі, у тым ліку глыбакаводным портам у Гданьску.

Па санітарных забаронах можа быць зрух

Палякі дагэтуль кажуць пра праблемы і перашкоды ў тавараабароце Польшчы і Беларусі, хоць не гавораць, у якім стане на сёньня санітарныя абмежаваньні па тых жа сьвініне і ялавічыне. Ды кажуць, што хочуць вярнуцца на беларускі рынак на 100%: прынамсі да ўзроўню, які быў 3-4 гады таму, да пачатку ўзаемных абмежаваньняў, распавёў Пэтэр Зэман, прэзыдэнт асацыяцыі мясьнікоў і вытворцаў каўбасных вырабаў Рэспублікі Польшчы.

Конрад Паўлік (зьлева) і Пэтэр Зэман
Конрад Паўлік (зьлева) і Пэтэр Зэман

Зэман перакананы, што за санітарнымі абмежаваньнямі стаяць не беларускія і ня польскія вытворцы прадукцыі: маўляў, Польшча і Беларусь абкладаюць «бессэнсоўнымі мытамі» прадукцыю адзін аднаго, вытворцы ў гэтым не зацікаўленыя. Гаспадарка, кажа ён, перамяшалася з палітыкай. Але новы ўрад Польшчы, абраны паўгады таму, пачаў перамовы зь Беларусьсю, што віталі польскія вытворцы.

Той жа думкі прытрымліваецца амбасадар Паўлік: некаторыя перашкоды носяць ня толькі санітарны, але і палітычны характар. Конрад Паўлік нагадвае, што Польшча ўваходзіць у Эўразьвяз, Беларусь — у Мытны саюз, таму шэраг абмежаваньняў краіны выстаўляюць несамастойна.

Цяпер зьяўляюцца магчымасьці зьняць некаторыя абмежаваньні — Польшча працуе над пагадненьнем зь Беларусьсю па процідзеяньні шаленству жывёлаў, рызыка якога ў Польшчы паменела. І амбасадар спадзяецца, што падпісаньне пагадненьня можа адбыцца цягам некалькіх тыдняў.

Чаму польскія харчы бываюць таньнейшымі за беларускія

Калі польскае мяса пакуль пастаўляецца ў Беларусь амаль цалкам на перапрацоўку і не трапляе на вітрыны крамаў, то польскія яблыкі трапляюць масава. І цэны на тыя яблыкі бываюць ніжэйшымі за беларускія, нават з улікам розьніцы ў заробках і выдаткаў на транспартаваньне. І так ня толькі зь яблыкамі.

Польскія яблыкі таньнейшыя за беларускія
Польскія яблыкі таньнейшыя за беларускія

Як распавядае Свабодзе Зэман, польская ялавічына атрымліваецца на 20% таньнейшай, чым у іншых краінах Эўропы, курка — на 25% таньнейшай. Беларускія ж харчы выходзяць у паўтара разы даражэйшымі за польскія. Тое самае зь яблыкамі, з бульбай і з морквай, кажа ён:

«Калі мы далучыліся да Эўрапейскага Зьвязу, мы атрымалі вельмі высокія стандарты, і мы іх укаранілі. Ніхто ў сьвеце цяпер ня мае такой якасьці прадукцыі, як у Эўропе. І якраз дасканалая тэхналёгія дала ў выніку нізкія цэны. Але тэхналёгія гэта толькі адно.

Другое, а мо і галоўнае, гэта канкурэнцыя на рынку. Мы маем 34-35% перавытворчасьці, мы вырабляем больш, чым можам зьесьці. І гэта трэба выкласьці на экспарт. Яшчэ адна важная рэч — гэта шмат вялікіх крамаў, сетак крамаў — яны таксама зьніжаюць нашыя цэны».

Пэтэр Зэман запэўнівае, што гэта не пагроза для Беларусі і беларускіх вытворцаў:

«Мы ня хочам аддаць проста тавар, нам на сёньняшні дзень трэба зарабляць на тэхналёгіі, не на сыравіне. Сыравіна — гэта важна, але гэта толькі чвэрць посьпеху, чвэрць сальда бізнэсу. 75% — гэта людзі, тэхналёгіі, рынкі экспарту. Мы хацелі б перадаць нашую тэхналёгію беларусам, якія маюць сваю вытворчасьць, перадаць нашую стратэгію, хацелі б атрымаць свой адсотак у супольных прадпрыемствах і разам працаваць. Працаваць ці на Польшчу, ці на Беларусь, ці на Расею... Кітай — патэнцыйна галоўны рынак для нас, дальбог пакажам Кітаю, што прадаем і за якія грошы. Рынкаў хапае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG