На гэтым тыдні пачынаецца амэрыканская паездка Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Напярэдадні дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук наведаў выдавецтва Random House у Нью-Ёрку, якое выпусьціла кнігу «Час second hand», і гутарыў з рэдактарам кнігі Сэмам Нікалсанам.
Выдавецтва Penguin Random House — самае вялікае ў сьвеце, з аб’ёмам продажаў больш за чатыры мільярды даляраў — упершыню выпусьціла кнігу аўтара зь Беларусі. На вокладку вынесены словы Нобэлеўскага ляўрэата 2003 году Джона Кутзээ " Зачароўвае... Аркестар Алексіевіч выконвае багатую сымфонію расейскіх галасоў, якія расказваюць свае гісторыі любві і сьмерці, радасьці і бяды«. Тэкст ад выдавецтва таксама апісвае кнігу музычнай — і «расейскай/рускай» — тэрміналёгіяй: «magnum opus, сымфанічная вусная гісторыя распаду Савецкага Саюзу і нараджэньня новай Расеі». У рэклямных матэрыялах, адрасаваных амэрыканскаму чытачу, паняцьці «Расея, рускі, расейскі» часта выкарыстоўваюцца як сынонімы «Савецкі Саюз, савецкі, пост-савецкія краіны, народы» — без увагі на гэтыя важныя для эўрапейцаў і саміх герояў кнігі адрозьненьні. Як спрабавалі патлумачыць мне ў Нью-Ёрку, гэта ідзе ня столькі ад няведаньня ці патрабаваньняў маркетынгу, колькі ад асаблівасьці самой амэрыканскай культуры, якая базуецца не на мове ці нацыянальнай прыналежнасьці, а на фэномэне іміграцыі.
Аляксандар Лукашук (Радыё Свабода): Як вам як рэдактару было працаваць над гэтай кнігай?
Сэм Нікалсан (Sam Nicholson, Random House): З радасьцю! Гэта быў вельмі інтэнсіўны пэрыяд — у мяне было тры тыдні на рэдагаваньне перакладу. Тры тыдні на 500-старонкавую кнігу — гэта вельмі напружанае рэдагаваньне. Гэта быў вельмі напружаны досьвед, бо гэта вельмі моцная, эмацыйна зараджаная кніга. Але гэта была радасьць.
АЛ: А як вы ўспрынялі навіну пра Нобэлеўскую прэмію?
СН: Random House набыў правы амаль адразу пасьля прысуджэньня, на працягу тыдня. Хаця гуманізм творчасьці Сьвятланы Алексіевіч вельмі ўнівэрсальны , аднак тэма вырашаецца праз прызму Савецкага Саюзу, праз «савецкага чалавека». Таму рашэньне пра прэмію для мяне было вельмі цікавым. Я думаў, што Нобэлеўскую прэмію прысудзяць за нешта больш «агульначалавечае». Яна, канечна, заслужаная, але...
АЛ: Ну, як прыклад унівэрсальнасьці, у Парыжы праходзіў фэстываль спэктакляў паводле «Чарнобыльскай малітвы», і на працягу месяца сваю пастаноўку паказвалі тэатры са Швэцыі, Швэйцарыі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Польшчы, Францыі... Кнігі Алексіевіч вельмі папулярныя ў розных краінах Эўропы. Але вернемся да кнігі — вы казалі пра радасьць рэдагаваньня?
СН: Ведаеце, прэмія — гэта цудоўна, і само сабой я ганаруся, што мы публікуем ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі. Але яшчэ больш я ганаруся тым, якая гэта кніга, якога кшталту. Коратка пра сябе: мае дзед і баба перажылі Галакост. Яны родам з Польшчы, Лодзь і Варшава, і перажылі Аўшвіц. У Амэрыку прыехалі, ня ведаючы ані слова па-ангельску. Я зь імі праводзіў шмат часу, бо мае бацькі працавалі дапазна. І я ўвесь час чуў іх расповеды пра той час. Гэта такі ўрок значнасьці гісторый простых людзей. І калі я быў малы, яны расказвалі вельмі аблегчаную вэрсію падзеяў. Калі я падрос, толькі тады я пачаў разумець усю іх складанасьць. Для мяне было вельмі важна зразумець, што тую самую гісторыю можна расказаць па-рознаму.
АЛ: І вы гэта ўсьведамлялі, калі слухалі?
СН: Абсалютна. Я надаваў гэтаму вялікую ўвагу. І я ганаруся гэтай кнігай Алексіевіч менавіта таму, што там ёсьць праўда і складанасьць гісторый простых, звычайных людзей. Сіла і здольнасьць аўтара так расказаць гэтыя гісторыі, даць гісторыю эпохі праз гісторыі людзей, на маю думку, надзвычай уражваюць. Я ня ведаю, ці хто калі-небудзь зрабіў падобнае. Я дакладна ніколі ня бачыў менавіта такога партрэту. Форма кнігі, на маю думку, унікальная. Гэта была радасьць.
АЛ: У выданьні Random House зьменены аўтарскі падзагаловак: замест «чырвонай утопіі» стала «апошнія з савецкіх людзей» («The Last of the Soviets»).
СН: Так, мы палічылі, што «чырвоная ўтопія» будзе менш зразумелая. «Апошнія з савецкіх» таксама праясьняюць геаграфію і час для чытачоў.
АЛ: А што яшчэ вам як рэдактару трэба было мяняць, каб было зразумела амэрыканскаму чытачу?
СН: Напрыклад, «мазанкі» ці «зямлянкі». Амэрыканцы ня ведаюць, што гэта, такога няма у нашым лексыконе. Звычайна гэта пытаньне тэрміналёгіі. Яшчэ прыклад — там быў такі радок пра людзей, якія спалі на печы. Я ніколі ня чуў, каб так людзі спалі! Я спытаўся перакладчыцу, Бэлу Шаевіч, можа гэта памылка? Чаму?! Можа, яна мела на ўвазе — каля печы? Я ніяк ня мог гэта ўявіць. Іншымі словамі, праблемы заўсёды былі такога культурнага кшталту. Але што тычыцца сэнсу гэтых гісторый — а яны вельмі прывязаныя да часу і месца — яны маюць вельмі ўнівэрсальныя тэмы. І ў мяне ніколі не было праблем з разуменьнем гэтых гісторый. І, канечне, Бэла выканала гіганцкую перакладчыцкую працу, і мая праца была параўнальна лёгкай.
АЛ: Хто з жывых амэрыканскіх пісьменьнікаў заслугоўвае Нобэлеўскай прэміі?
СН: Проста так сходу... Дон ДэЛіла. Філіп Рот. Я думаю, Джоан Дыдыён — гэта было б у жанры нон-фікшн. Дэніс Джонсан. Маргарэт Этвуд таксама заслугоўвае...
АЛ: Сьвятлана Алексіевіч — пісьменьніца зь Беларусі. Што, па-вашаму, амэрыканскі чытач ведае і будзе ведаць пра Беларусь пасьля гэтай кнігі?
СН: Я сам трохі ведаю... Але дакладна ведаю больш пасьля працы над гэтай кнігай і вывучэньня творчасьці Сьвятланы. Амэрыка — незвычайная краіна ў сэнсе культуры. Наша культура базуецца не на нацыянальнасьці ці мове. Літаратура іншых народаў вельмі часта пра групу людзей з адной гісторыяй і агульнай мовай, і з гэтай мовы вырастае іх культура. Асноваўтваральны прынцып у Амэрыцы — іміграцыя. Для амэрыканскага рамана — нават калі ён не пра іміграцыю — гэта больш важная частка нашай культуры. Гэта фундамэнтальная рыса Мэлвіла, гэта фундамэнтальна для Фолкнэра, для Ралфа Элісана, для Хэмінгуэя. Таму што гэта робіць нас нацыяй. Мы нацыя імігрантаў.
***
Random House таксама набыў правы на яшчэ дзьве кнігі Сьвятланы Алексіевіч — «У вайны не жаночае аблічча» і «Апошнія сьведкі», якія заплянаваныя да выхаду ў 2017 годзе.
Ад рэдакцыі: На гэтым тыдні пачынаецца амэрыканскае падарожжа Сьвятланы Алексіевіч. Яна будзе выступаць у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, у Публічнай бібліятэцы ў Брукліне, у Вашынгтоне імпрэзу ў гонар Нобэлеўскай ляўрэаткі ладзіць Нацыянальны фонд дэмакратыі, заплянаваныя сустрэчы зь беларускай дыяспарай, з рэдкалегіяй газэты The Washington Post, іншымі СМІ. Сачыце за паведамленьнямі Свабоды.