Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На наступным тыдні у Менск можа прыехаць Надзея Саўчанка


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валер Джыгун не выключае, што Герой Украіны Надзея Саўчанка на наступным тыдні прыедзе ў Менск на перамовы Трохбаковай кантактнай групы па Данбасу.

Пра гэта ён заявіў 26 траўня ў Менску падчас вечарыны ў амбасадзе Ўкраіны, прысьвечанай Дню славянскай пісьменнасьці і культуры. У вечарыне прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі, пісьменьнікі і дзеячы культуры.

Валер Джыгун выказаў падзяку беларусам за тое, што яны «і словам, і справай» дапамагаюць Украіне ў ня простыя для яе часы, а таксама асобна падзякаваў беларусам за іх падтрымку ў справе вызваленьня Надзеі Саўчанкі.

Валер Джыгун
Валер Джыгун

«Я вельмі хацеў бы падзякаваць нашым беларускім братам і сёстрам за дапамогу ў вызваленьні Надзеі Саўчанкі. Мы зь вялікім задавальненьнем атрымалі зьвесткі аб вяртаньні ў Кіеў Надзеі Саўчанкі, якую вызвалілі з палону. Гэта была перамога ня толькі Ўкраіны, гэта была перамога тых людзей, якія дапамагалі нам, якія падтрымлівалі нас і Надзею. Дарэчы Сьвятлана Алексіевіч, якая накіроўвала лісты Надзеі, калі яна была ў палоне ў Расеі, накіроўвала свае вітаньні і пажаданьні хуткага вызваленьня — яна таксама падтрымлівала Надзею, калі яна была ў расейскіх засьценках», — адзначыў ён.

Валер Джыгун паведаміў, што Надзея Саўчанка можа ў хуткім часе прыехаць у Менск, каб прыняць удзел у наступным паседжаньні Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе.

«Мы таксама ўдзячны нашым беларускім калегам — дыпляматам, прадстаўнікам МЗС — якія накіравалі сёньня добрыя словы, падтрымалі вызваленьне Надзеі. Нашые калегі з беларускага МЗС лічаць, што гэта дапаможа паскорыць пошукі міру ў Менску, дзе працуе кантактная група. На наступным тыдні будзе новае паседжаньне і я не выключае, што на яго можа прыехаць сама Надзея Саўчанка, каб прыняць удзел у перамовах наконт вызваленьня нашых людзей, якія ўтрымліваюцца ў палоне ў сэпаратыстаў на Данбасе, а таксама нашых палітвязьняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі», — сказаў часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь.

Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч

Кіраўнік Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч падчас сваёй прамовы павіншаваў украінцаў з вызваленьнем Надзеі Саўчанкі і выказаў спадзеў, што гэта стане першым крокам да «спыненьня супрацьстаяньня і вяртаньне Ўкраіны ў свае межы». «Усе мы шчыра перажывалі за Надзею і жадалі ёй як мага хутчэй вярнуцца на радзіму», — дадаў ён.

Барыс Пятровіч распавёў, што ў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў заўсёды хапала сумесных праектаў з Нацыянальным саюзам пісьменьнікаў Украіны, але найбольш шчыльныя кантакты паміж дзьвюма арганізацыямі ўсталяваліся пасьля таго, як пачалася вайна. У апошнія гады, нагадаў ён, беларускія пісьменьнікі зладзілі шэраг мерапрыемстваў у падтрымку Ўкраіны. «Сёньня мы можам казаць, што на працягу стагодзьдзяў беларусы і ўкраінцы жылі супольна і я думаю, што мы таксама супольна пойдзем у вялікую Эўропу і станем эўрапейскімі дзяржавамі», — падагульніў Барыс Пятровіч.

Падчас вечарыны ў амбасадзе Ўкраіны быў прэзэнтаваны новы выпуск сумеснага альманаху беларускіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў, пераклады беларускіх пісьменьнікаў на ўкраінскую мову, а таксама іншыя выданьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG