Мерапрыемства такога кшталту ў Беларусі адбываецца ўпершыню. У ім бяруць удзел, акрамя шматлікіх сьвятароў, манахаў і вернікаў, усе біскупы Беларусі на чале зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Сярод ганаровых гасьцей Кангрэсу — папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфэкт-эмэрыт Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі.
Гаворачы пра свае ўражаньні ад кангрэсу, кардынал Грахалеўскі сказаў Свабодзе: ён вельмі ўсьцешаны тым, што падобнае мерапрыемства адбываецца ў Беларусі. Кардынал пабачыў на кангрэсе шмат людзей, зацікаўленых тэмай Эўхарыстыі, праслухаў мноства дакладаў, адказваў на розныя пытаньні.
— Я яшчэ вельмі цешуся, што кангрэс прысьвечаны 25-годзьдзю заснаваньня Гарадзенскай дыяцэзіі, паколькі для касьцёла Эўхарыстыя ёсьць крыніцай і вяршыняй усяго хрысьціянскага жыцьця. Вельмі важны аспэкт у гэтым — міласэрнасьць, і найбольшую міласэрнасьць Бог аказаў менавіта праз Эўхарыстыю.
Біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандар Кашкевіч сказаў у інтэрвію Свабодзе: вельмі сымбалічна, што 25-годзьдзе заснаваньня Гарадзенскай дыяцэзіі прыпадае на абвешчаны ў каталіцкім Касьцёле Год Божай Міласэрнасьці. Ён таксама ўзгадаў, як 25 гадоў таму, 13 траўня 2001 году, былі адноўленыя структуры Каталіцкага касьцёла ў Беларусі: Менска-Магілеўская дыяцэзія, Пінская дыяцэзія ў новых межах, і зьявілася цалкам новая Гарадзенская дыяцэзія, якая на 85% раней належала да Віленскай архідыяцэзіі.
— Я быў прызначаны першым біскупам Гарадзенскай дыяцэзіі, і напачатку было вельмі няпроста. Я прыехаў сюды зь Літвы, дзе служыў раней у Панявежысе, і сытуацыя з касьцёлам тут значна розьнілася. Калі ў Літве ў савецкія часы касьцёл перасьледаваўся ўладамі, то тут у некаторых выпадках ён быў папросту зьнішчаны. За гэтыя 25 гадоў касьцёл паволі адраджаецца дзякуючы Богу, ёсьць вялікія зьмены: паўстаюць новыя храмы, рамантуюцца старыя, і ўсё гэта адбываецца таксама няпроста. Але мне б хацелася сказаць пра той жывы касьцёл — куды прыходзяць людзі і моляцца. І мы прыкладаем дзеля гэтага ўсе свае намаганьні, і хацелася б, каб не стаміліся на шляху эвангелізацыі, катэхізацыі, навучаньня. Каб моладзь, дзеці і люд Божы быў сьвядомы, меў праўдзівую дарогу да Божага збавеньня.
Біскуп Кашкевіч дадаў, што за гэтыя 25 гадоў касьцёл на Гарадзеншчыне набыў беларускія рысы.
— У гэтай справе шмат зроблена. У нас паўсюль вядзецца імша сьвятая па-беларуску, выдаюцца кнігі, газэта і розныя іншыя матэрыялы на беларускай мове, робім пераклады. Паволі, паволі адраджаецца гэтае жыцьцё і мова разам зь ім. Думаю, што касьцёл і надалей будзе рабіць усё, каб сьвятар зьвяртаўся да сваіх парафіянаў так, каб яго разумелі.
Па заканчэньні кангрэсу ягоныя ўдзельнікі пройдуць ва ўрачыстай працэсіі Божага цела, якая адбудзецца ўвечары ў Горадні. Штогод традыцыйная працэсія зьбірае па некалькі тысяч вернікаў.