Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як стаць «казаком»: былы сьлесар зь Менску вярбуе байцоў для «русского мира»


Аляксандар Шэянаў (зьлева) разам з Ігарам Стралковым-Гіркіным
Аляксандар Шэянаў (зьлева) разам з Ігарам Стралковым-Гіркіным

Свабода даведалася, што фармаваньнем казацкага батальёна для наступнай адпраўкі ў «ДНР-ЛНР» займаецца 43-гадовы Аляксандар Шэянаў, родам зь Менску.

Вярбоўка адбываецца ў тым ліку праз адпаведную суполку «Ўкантакце», дзе пазначана, што казацкі батальён ствараецца «для аказаньня братэрскай дапамогі на Данбасе». Кандыдаты ў байцы «русского мира» павінны пры гэтым адпавядаць шэрагу нескладаных патрабаваньняў: быць казаком ці жадаць ім стаць, мець досьвед вайсковай службы, быць гатовым да знаходжаньня на тэрыторыі Данбаса на працягу як мінімум 3 месяцаў і г.д. Падкрэсьліваецца пры гэтым, што батальён ствараецца на добраахвотнай аснове — то бок грошай патэнцыйным баевікам не абяцаюць.

Фармаваньне батальёна адбываецца ў лягеры пад Тулай, і займаюцца гэтым казакі, якія ўваходзяць у структуру «Вялікага брацтва казацкіх войскаў».

Сярод адміністратараў суполкі — грамадзянін Беларусі Аляксандар Шэянаў. Менавіта на ягоную пошту прапаноўваецца дасылаць і анкеты кандыдатаў у баевікі.

Як высьветліла Свабода, нарадзіўся Аляксандар Шэянаў у Менску, у 1990-1992 гадах адслужыў у войску ў Полацку, потым быў сьлесарам, кіроўцам, перад вайной на Данбасе працаваў на дражджавым заводзе.

На Данбас, ваяваць на баку сэпаратыстаў, Аляксандар Шэянаў паехаў у 2014 годзе, але ў 2015-м зьехаў адгэтуль. Цяпер у адной з расейскіх казацкіх арганізацыяў ён займае высокую пасаду — намесьніка атамана (пры тым, што да вайны ніякага дачыненьня да казацтва ён ня меў). Сам сябе ён лічыць «рускім чалавекам», хоць і мае пашпарт грамадзяніна Беларусі.

У інтэрвію Свабодзе Аляксандар Шэянаў пацьвердзіў, што цяпер ён займаецца фармаваньнем казацкага батальёна для адпраўкі на Данбас, і паведаміў, што да іх таксама едуць і беларусы. Праўда, упэўненасьці ў тым, што казацкі батальён адправіцца на Данбас, у яго няма.

Аляксандар Шэянаў
Аляксандар Шэянаў

— Вы набіраеце ў батальён толькі грамадзян Расеі?

— Гэта ня мае значэньня. Вядома, з грамадзянамі Расеі прасьцей. Але і зь Беларусі ахвотныя таксама ёсьць. Іншая справа, што тыя, хто зьяжджае зь Беларусі, вярнуцца ня могуць з-за пагрозы крымінальных спраў.

У мяне асабіста жаданьня вяртацца ў Беларусь няма. Адразу, калі ехаў на Данбас, плянаваў вярнуцца. А потым, калі людзі пачалі пісаць, што ў нас саджаюць...

— А вы ведаеце канкрэтныя выпадкі, калі тых, хто ваяваў на баку сэпаратыстаў, у Беларусі арыштоўвалі і саджалі?

— Ну як сказаць... Людзі проста зьнікаюць з поля зроку. Едуць дадому ненадоўга, каб наведаць сваякоў, а потым кантакты ўсякія перарываюцца, на сувязь не выходзяць.

Там жа беларусаў шмат ваявала. Я нават ведаю хлопцаў-беларусаў, якія пасьля Данбасу паехалі ў Сырыю ваяваць. Яны паехалі ад прыватных ваенных кампаніяў, а каб ім не плаціць, іх проста за дзень да завяршэньня кантракту спэцыяльна падставілі пад агонь. Вось у мяне адзін таварыш загінуў так, другі быў паранены.

— Зь якімі мэтамі вы цяпер фармуеце гэты казацкі батальён?

Там жа ўсё расьцягваецца, раскрадаецца на хаду. А каб грузы даходзілі па прызначэньні, мы і хочам стварыць гэтае падразьдзяленьне. То бок пераважна паліцэйскія функцыі ў нас будуць.

— Перш за ўсё — гэта навядзеньне парадку (бо там марадэрства паўсюль), а таксама суправаджэньне расейскай дапамогі — там жа ўсё расьцягваецца, раскрадаецца на хаду. А каб грузы даходзілі па прызначэньні, мы і хочам стварыць гэтае падразьдзяленьне. То бок пераважна паліцэйскія функцыі ў нас будуць.

Цяпер мы набіраем людзей. А потым, магчыма, паедзем.

— Магчыма?

— Ну, мы набіраем, набіраем, але, можа, і не паедзем. Штосьці няма асаблівага жаданьня: ні ў людзей, ні ў нас ехаць ім дапамагаць. Я вось на Данбасе паваяваў, і больш жаданьня за іх ваяваць няма.

Там жа, на Данбасе, ваявала казацтва, а пасьля штурму Дэбальцава казацтва стала не патрэбнае — усе нашы атрады казацкія былі зьнішчаныя. Калі я паглядзеў, чым яны (сэпаратысты. — РС) там займаюцца — прапала ўсякае жаданьне ім дапамагаць.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Там (у «ДНР». — РС) — страшэнная карупцыя і крадзяжы. Там цяпер, у ваенны час, адбываецца тое, што было па ўсім СНД у 90-я гады — падзел маёмасьці, сфэр уплыву, захоп заводаў, фабрык і ўвогуле ўсяго, што працуе. Было такое, што і машыны забіралі. Едзе чалавек на машыне, яго высаджваюць і забіраюць машыну. Ёсьць такое падразьдзяленьне «Апора» («гвардыя» Захарчанкі), дык у іх на стаянцы гэтых машын было нямерана.

Карацей, кожны пнецца нешта захапіць. А захоплівае той, у каго больш войскаў — а больш войскаў у Захарчанкі.

— А як жа расейская армія? Што яна робіць?

70% добраахвотнікаў, у тым ліку расейскіх, прыйшлі туды проста каб зарабіць, «адціснуць», сьцягнуць...

— Звычайных расейскіх салдат і афіцэраў, якія б былі там па загадзе, на Данбасе я ня бачыў. Не спрачаюся, можа, нешта было — і выведка, і ГРУ, і ФСБ — але яны гэта не афішуюць. А так былі толькі добраахвотнікі... Праўда, 70% добраахвотнікаў, у тым ліку расейскіх, прыйшлі туды проста каб зарабіць, «адціснуць», сьцягнуць...

— А гледзячы на гэта, вы самі не шкадуеце, што ў свой час паехалі на вайну?

— Ёсьць такое. Усюды былі заклікі — маўляў, прыяжджайце, братоў-славян забіваюць. А калі я прыехаў у Данецк, мяне проста ў твар запыталі: а чаго ты прыпёрся? Мы і бяз вас выдатна спраўляемся.

Я ж нават у войска іх («ДНР». — РС) запісаўся, атрымаў ваенны білет. А потым паглядзеў на гэтую справу і скасаваў кантракт. Мы ж ішлі людзям дапамагаць, якія ваююць за сваю свабоду. А выходзіць, што там свабода толькі ў некаторых была.

— А як вы — грамадзянін Беларусі, мянчук — сталі казаком?

— Калі я паехаў на вайну, я трапіў у казацкае падразьдзяленьне. Там я ўступіў у казацтва і з гэтай групай далей ваяваў.

— Расейскія казакі падтрымліваюць сувязь зь беларускімі казацкімі арганізацыямі?

— Так. Беларускае казацтва ўваходзіць у «Вялікае брацтва казацкіх войскаў». Яны працуюць сумесна.

— А ў пляне дапамогі «ДНР-ЛНР» беларускія казацкія арганізацыі неяк фігуравалі?

— Я ведаю, што прыватныя асобы зь Беларусі дапамагаюць — і грашыма, і абмундзіраваньнем. А вось арганізацыі... Нічога пра гэта ня чуў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG