Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svаbodаphoto@gmаіl.сom.
У дзень нараджэньня Радыё Свабода, мы, як і абяцалі, падводзім вынікі першага туру фотаконкурсу «Незалежнасьць — гэта...»
Рашэньнне журы і вынікі першага туру камэнтуе вядучы фотаконкурсу Валер Дранчук.
Найперш я б хацеў ад імя ўдзельнікаў фотаконкурсу павіншаваць Беларускую Службу Радыё Свабода зь Днём Народзінаў, падзякаваць за наладжаны фотаконкурс і пажадаць плёну ўсім, хто стварае, слухае і чытае Вольнае Слова. Няхай да Слова далучаецца і Вольная фатаграфія!
Плянаваныя тры прызы па выніках першага туру — пляншэты I-Pad — знойдуць аўтараў найбольш яскравых накірункаў конкурснай тэматыкі. Імі ганаруюцца і заахвочваюцца:
- Ігар Мацьвееў — за публікацыю другога фотатыдня — рэпартажны партрэт Барыса Хамайды, віцебскага дэмакратычнага актывіста, нязьменнага распаўсюдніка незалежнага слова ў цэнтры роднага горада;
- Андрэй Лянкевіч — за мастацкія, вобразна-публіцыстычныя запамінальныя здымкі шостага фотатыдня;
- Міхал Капычка — за сэрыі фотаздымкаў чацьвертага і шостага фотатыдняў, у якіх аўтар выразнымі сродкамі фатаграфіі дасьледуе права чалавека на жыцьцё і сацыяльную абарону.
Да трох прызоў дадаўся і чацьверты, таксама пляншэт I-Pad, за так званы архіўны напрамак — аўтарскую гістарычную фатахроніку. Гэты адмысловы заахвочвальны прыз атрымае Ігар Кірын (пяты, шосты і сёмы фотатыдні).
Усе ўдзельнікі першага туру атрымаюць новыя кнігі з «Бібліятэкі Свабоды». Зьмяшчаем працы, якія вызначылі аўтараў як найлепшых.
«Незалежнасьць — гэта... калі сымбалем краіны становіцца месца, дзе нязьменную варту нясе Барыс Хамайда» (2 фотатыдзень)
Фота Ігара Мацьвеева
«Незалежнасьць — гэта... прывіды мінулага і новыя сымбалі ўлады» (6 фотатыдзень)
Фота Андрэя Лянкевіча
«Незалежнасьць — гэта... абарона асобы і свабода шчасьлівага выбару» (4 і 6 фотатыдні)
Фота Міхала Капычкі
«Незалежнасьць — гэта... калі ў кожнага беларуса дазімэтар, і народ вырашае, будаваць АЭС ці не будаваць» (5, 6 і 7 фотатыдні)
На сёньняшнія «ляўры» былі прадстаўлены таксама фотападборкі Арцёма Гусева і Аляксея Хадыкі.
Журы ўхваліла ініцыятыўныя, па-грамадзянску чулыя допісы Волі Дольнай Валошкі (з прапановай цыклю памяці Ніла Гілевіча і яе асабістым удзелам у выпусках), сталых аўтараў Свабоды Кастуся Сырэля, Ільлі Копыла, Уладзімера Бакава зь іх цікавымі, публіцыстычнымі, часам дасьціпнымі камэнтарамі-развагамі, пошту Івана Дзявойны, Вольгі Дайлід, Тацяны Трухановіч ды іншых.
У першым туры ўдзел узялі васямнаццаць аўтараў, бадай, усе яны прадоўжылі творчы пошук і мелі далейшыя публікацыі. Зьмешчана больш як 100 фотаработ.
Незалежнасьць — гэта... калі сёньня ня можаш нешта зьмяніць на лепшае, але маеш магчымасьць гэта зафіксаваць на фотакамэру
Дык вось, сябры, мы можам! Я ўдзячны ўсім, хто нас глядзеў і дасылаў свае працы на конкурс. Мая падзяка як вядучага ідзе нязьменна поруч з павіншаваньнямі тых, хто па выніках першага туру сёньня названыя лепшымі, — гэта было як адно дыханьне й адзін парыў. І адна «фотакаманда». Я ўдзячны пераможцам і ўсім удзельнікам за водгук і актыўнасьць, давер і жаданьне адказаць на пытаньне «Незалежнасьць — гэта?..» У нашай галерэі вызначаны лепшыя —першы сумесны плён фотаконкурсу, які рэдакцыя Радыё Свабода адпачатку бачыла цалкам як дэмакратычны, даступны, па-грамадзянску адкрыты. Чытач заўважыў, што мы не былі занадта крытычныя ў адборы фотаздымкаў, больш спадзяваліся на адказнасьць і «самацэнзуру» аўтараў. Важна было ня толькі ўбачыць вашу выяву, сябры, але пачуць і адчуць — ваш камэнтар, памкненьне, думку, выснову. Фотамэтафары ў спалучэньні з гуманістычнай ідэяй, гісторыяй нацыянальнага адраджэньня, ідэаламі духу сёньня займаюць асаблівае мейсца, значэньне і ролю ў грамадзтве. Таму былі радыя, калі ўдзельнікі па-свойму мабілізаваліся, дзяліліся развагамі і фотасьвятлом сваіх камэр.
Разам з тым, я сёньня ўдзячны наперад і тым, хто яшчэ ня выдыхнуў сваё запаветнае «Незалежнасьць — гэта...», але плянуе гэта зрабіць, зьбіраецца з думкамі, адшліфоўвае апошнія словы сваіх дэклярацый, а галоўнае — бачыць свой амаль гатовы ўжо фотасюжэт...
Колькі на тое трэба? Усяго што — выйсьці з дому ды не забыцца прыхапіць фотакамэру. Або застацца дома й старанна перагледзець перапоўненыя фотатэчкі (можа, там, у імгненьнях мінулага, якія Вы парупіліся зафіксаваць раней, знойдуцца самыя патрэбныя і цікавыя). Або — падкавацца тэарэтычна. Напрыклад, пагартаць сайты, ілюстраваныя выданьні, любімыя фотаальбомы з кніжнай паліцы. І гэта ня ўсё. Нялішне параіцца з аднадумцамі, патраціцца на сяброўскую дыскусійную гадзіну за кавай, заатакавацца ў добрай шчырай спрэчцы. Зададзены конкурс, як ні круці, мацнаваты арэшак, трэба даўмецца — пашукаць сэнсу і разуменьня.
Што цяпер самае важнае, самае галоўнае? Тое, што фотаконкурс працягваецца! Шчыра хацелася б, каб ён пашыраўся і прырастаў — сваёй дынамікай і якасьцю, гарызантальна і вэртыкальна, мэтафарычна і дакумантальна. Ці многа мы хочам? Мяркую, што многа, нямала. А кожны з вас, сябры, вольны суаднесьці свае магчымасьці з нашымі прапановамі. І ўсё ж мы спадзяёмся на дзёрзкасьць і амбіцыі, на творчы імпэт, на вашу мужнасьць і пасіянарнасьць, сябры.
Нагадаю, конкурс завершыцца 25 жніўня, у дзень, калі 25 год таму Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце стала Канстытуцыйным законам.
Па выніках лепшыя аўтары атрымаюць яшчэ тры прызы.
Галоўны прыз — паездка ў Прагу.
Просьба да ўсіх удзельнікаў, якія жывуць ня ў Менску, даслаць адрасы, на якія рэдакцыя вышле вам прэзэнтаваныя кнігі ад Радыё Свабода.
Што да вынікаў восьмага тыдня, я пракамэнтую іх бліжэйшымі днямі. Як кажуць, сачыце за афішай.
Убачымся!