20 траўня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон аб забароне прапаганды камунізму, паводле якога ў наступным годзе будуць замененыя назвы вуліц, якія зьвязаныя з камуністычным пэрыядам у гісторыі краіны, паведаміла radiopolsha.pl.
Сэйм Польшчы прыняў адмысловы закон аб забароне прапаганды камунізму 1 красавіка. Пасьля падпісаньня закону прэзыдэнтам краіны ў органаў мясцовага самакіраваньня будзе 15 месяцаў на тое, каб замяніць назвы, якія зьвязаныя з камуністычным пэрыядам.
Паводле дэпутата Сэйму Яраслава Краеўскага, у Польшчы засталося больш за 1300 падобных назваў, у тым ліку дагэтуль ёсьць вуліцы Чырвонай Арміі, Фэлікса Дзяржынскага ды іншыя.
Паводле закону, адмова ад прыкметаў камунізму ў Польшчы не распаўсюджваецца на статуі, помнікі і памятныя дошкі.
Ва Ўкраіне ў 2015 годзе быў прыняты пакет з 4 законаў аб дэкамунізацыі. Паводле гэтых законаў зьнесьлі помнікі Леніну ды іншым дзеячам рэвалюцыі 1917 году ў Расеі, была забароненая камуністычная сымболіка, вяртаюцца гістарычныя назвы вуліц, мястэчак і гарадоў, камуністычныя назвы замяняюцца. Прыкладам, днямі гарадзкія ўлады былога Днепрапятроўску зацьвердзілі новую назву гораду — Дніпро. Таксама ў межах законаў аб дэкамунізацыі ва Ўкраіне адкрылі архівы рэпрэсіўных органаў камуністычнага рэжыму.