Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва ЭГУ крытыкуе аўдыт Deloitte


Кіраўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту адрэагавала на публікацыі Радыё Свабода. Мы друкуем гэты зварот бязь зьменаў.

«Шаноўны сп. Рэдактар,

Ад імя Кіраўнічай рады Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, дазвольце мне адрэагаваць на нядаўні рост зацікаўленасьці беларускай службы Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода справамі нашае ўнівэрсытэцкае супольнасьці, што вылілася ў шэраг артыкулаў, апублікаваных на мінулым тыдні.

На самым пачатку змушанае эміграцыі ўнівэрсытэту ў Вільню ў 2004 годзе міжнародная донарская падтрымка высакаякаснай і інаватыўнай вышэйшай адукацыі для маладых беларусаў падавалася нязбытнай марай, але амаль адразу амэрыканскія партнэры, Фундацыя МакАртураў, Фонд Эўразія і Фундацыя “Адкрытае грамадзтва” выступілі з прапановамі, параўнальнымі па шчодрасьці з неверагоднай гасьціннасьцю Ўраду Літвы, які даў ЭГУ новы дом у сваёй краіне. Новыя фундатары з усяго Эўразьвязу і Паўночнай Рады спрычыніліся да фінансавай дапамогі ўнікальнаму праекту ЭГУ.

Але непазьбежна, у той час як сусьветная палітычная і эканамічная павестка дня сутыкнулася з радыкальнымі выклікамі цягам апошняга дзесяцігодзьдзя, зьмяніліся і падставовыя прыярытэтныя кірункі фінансаваньня некаторых нашых партнэраў. Да прыкладу, калі па Эўропе ўдарыў эканамічны крызіс, Грэцыя апынулася няздольнай аказваць падтрымку ў колішнім аб’ёме; падобным чынам, наступствам міграцыйнага крызісу, як нам паведамляюць, сталася нядаўняе рашэнне Рады міністраў Паўночных краін. На шчасьце, ЭГУ падтрымлівае цэлы шэраг фундатараў па абодва бакі Атлянтычнага акіяну: тыя, хто засталіся нашымі партнэрамі нягледзячы на зьмену ў палітычнай павестцы дня; сярод іх – Эўракамісія, агенцыі і фундацыі, напрыклад, Фундацыя “Адкрытае грамадзтва”, Швэдзкая агенцыя па міжнародным разьвіцьці (SIDA) ды іншыя.

У адказ унівэрсытэцкая супольнасьць унесла зьмены ў свой стратэгічны плян, з тым каб падвысіць апэрацыйную эфэктыўнасьць, стварыла новы блёк агульнаўнівэрсытэцкіх курсаў і ўвяла больш эфэктыўную форму кіраваньня акадэмічнымі працэсамі. Таксама адбыліся вялікія фінансавыя скарачэньні, аднак тыя зь іх, што цягнуць за сабой зьмяншэньне колькасьці супрацоўнікаў, не паўплываюць станоўча на бюджэтную дынаміку, пакуль ня будуць прапрацаваныя выдаткі на скарачэньне пэрсаналу.

Як атрымальнік міжнароднае донарскае дапамогі, унівэрсытэт, натуральна, павінен прадэманстраваць донарам, што ягоныя апэрацыі ёсьць празрыстымі і эканамічна эфэктыўнымі – праз публікацыю штогадовых справаздачаў (што наўрадці ўласьціва любому іншаму з беларускіх унівэрсытэтаў), міжнародныя працэдуры забесьпячэньня якасьці ды незалежны аўдыт. Што тычыцца апошняй справаздачы, замоўленай Радай міністраў Паўночных краін і выкананай літоўскім прадстаўніцтвам “Deloitte“, я мушу адзначыць, што д-р Дэніэл Таршыс (на той час Старшыня Кіраўнічай рады ЭГУ) выказаў шэраг істотных пярэчаньняў што да працэсу аўдыту і да высноваў, якія ўтрымліваюцца ў першапачатковым варыянце справаздачы. На гэтыя пярэчаньні мы не атрымалі ніякага адказу: ні ад літоўскага прадстаўніцтва “Deloitte“, ні ад Рады міністраў Паўночных краін. Цяпер яны выпусьцілі яшчэ адзін варыянт справаздачы, да якой могуць быць выказаныя тыя самыя пярэчаньні, таму, карыстаючыся з парады вашынгтонскай юрыдычнай фірмы “Akin Gump Strauss Hauer & Feld LLP”, я як в.а. Старшыні Кіраўнічай рады лічу немагчымым прыняць справаздачу, якую выканала літоўскае прадстаўніцтва “Deloitte“, у яе цяперашняй форме, і цяпер я раблю крокі, каб афіцыйна аспрэчыць працэдуру і высновы апошняй вэрсіі справаздачы Паўночнай радзе.

Эн Лонсдэйл, в.а. Старшыні Кіраўнічай рады Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту»

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які першапачаткова базаваўся ў Менску і быў зачынены беларускімі ўладамі ўлетку 2004 году, у кастрычніку 2005 пачаў сваю працу ў Вільні (Літва). Фінансавую падтрымку ўнівэрсытэту забясьпечылі шматлікія прыватныя фонды, НДА і кіраўніцтва краінаў ЭЗ і ЗША. Скандынаўскія фонды былі сярод галоўных спонсараў ЭГУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG