У сацыяльных сетках апазыцыйны актывіст Андрэй Кім абвінаваціў арганізатараў у тым, што яны запрасілі на фэстываль галоўным выступоўцам «нацысцкі гурт, які хваліць Гітлера».
Андрэй Кім называе хлусьнёй тое, што гурт ужо памяняўся, як цьвердзяць арганізатары:
«Так, іншыя ўдзельнікі памяняліся, але лідэр гурту застаўся той самы, ён не раскайваўся ў поглядах. А тое, што цяпер гэты гурт напісаў некалькі песень па-ўкраінску і выступаў перад батальёнам „Азоў“, нічога не мяняе, а толькі яшчэ раз пацьвярджае рэпутацыю гэтага батальёна.
Адкрытым застаецца пытаньне, па якой прычыне арганізатар фэстывалю Алесь Таболіч так хоча бачыць гэты гурт у Беларусі. Ці справа толькі ў грошах, ці ён таксама з задавальненьнем пачысьціў бы краіну ад недастаткова арыйскіх людзей?»
Камэнтуючы гэты артыкул Андрэя Кіма, суарганізатарка фэстывалю Насьця Дубовік сказала карэспандэнту Свабоды, што гурт Nokturnal Mortum вядзе шырокую канцэртную дзейнасьць за мяжой і ня першы раз выступае ў Беларусі.
«Яны проста даўно не былі ў Беларусі, таму выклікалі такі ажыятаж у публікі, іх вельмі чакаюць», — кажа Насьця Дубовік.
Адносна абвінавачаньняў, выказаных Кімам, Насьця сказала карэспандэнту Свабоды:
Гурт Nokturnal Mortum даўно не прытрымліваецца таго напрамку, пра які напісаў Кім. І гэта было апублікавана на афіцыйным сайце гурту і ў суполках — пра тое, што гурт больш ня мае дачыненьня да праварадыкальнай плыні.
«Я разумею, Кім — такая мэдыйная пэрсона, ён публікуе ўсё, што чуе. Але гурт Nokturnal Mortum даўно не прытрымліваецца таго напрамку, пра які напісаў Кім. І гэта было апублікавана на афіцыйным сайце гурту і ў суполках — пра тое, што гурт больш ня мае дачыненьня да праварадыкальнай плыні. Тэмы, якія ўзгадваў Кім, закраналіся ў тэкстах, але гэта было па маладосьці Гэта гурт блэк-мэталавага кірунку, натуральна, ён сьпяваў пра антыхрысьціянства. Цяпер тэматыка песень гурту закранае больш патрыятычныя тэмы — па першае, больш тэмы духоўныя, тэмы макракосму, узгадваецца прырода і чалавек з прыродай.
Фэстываль „Купальскае кола“ — гэта фэстываль, які ладзіцца восьмы раз. Гэта сур’ёзны фэстываль, які набывае вялікі маштаб. Таму, натуральна, мы сочым вельмі ўважліва за тым, каб гурты ведалі, куды яны едуць, і трэба сачыць за сваім фарматам і суадносіцца з фарматам у сваіх тэкстах. Мы дакладна праверылі ўсе тэксты. Тэксты прайшлі ўзгадненьне зь Менгарвыканкамам, з ідэалягічным упраўленьнем. Яны падаліся прыдатнымі. Таму ў праграме ня будзе нічога такога, пра што пісаў Кім.
Вельмі крыўдна, што чалавек знайшоў у гісторыі гурту, дзесьці дакапаўся да нейкіх там фактаў разавых, якіх даўно ўжо няма. Нават лягатыпу такога, які ён зьмясьціў, ужо няма, ён не існуе. Гурт зьмяніў лягатып. І вельмі крыўдна, што з-за гэтага ў інтэрнэце ідуць нейкія такія плёткі, якія ня ведаю на што накіраваныя. Але яны неяк псуюць наш імідж і імідж фэстывалю наогул. Нам бы гэтага не хацелася, бо насамрэч усё ня так».
Прадусар, выдавец беларускамоўных дыскаў, арганізатар шматлікіх музычных фэстаў Віталь Супрановіч дапамагае ў рэклямнай кампаніі фэстывалю. Ён назваў «дурной інфармацыяй» вінавачаньні на адрас арганізатараў і гурту Nokturnal Mortum.
«Гурт даўно грае зусім іншую музыку. Я думаю, што арганізатары самі былі б не зацікаўленыя ў тым, каб на фэстывалі выступалі нейкія нацысты. Таму ўсё было ўзгоднена з гуртам, яны ведаюць, куды і на які фэст яны едуць. Мы праслухоўвалі новую праграму, зь якой яны едуць, там нічога антызаконнага няма. Цягам апошніх гадоў гурт зьмяніў сваю музычную і ідэалягічную накіраванасьць, грае зусім іншае, яны зьмянілі свой лягатып. Раней там нешта было, але гэта вельмі старыя праграмы, зь якімі гурт ужо не выступае. Таму аўтарам такіх публікацыяў я параіў бы займацца больш важнымі пытаньнямі для нашай краіны».