Учора ўвечары ля Тэатра опэры і балету сабраліся 30-35 раварыстаў, каб разам праехаць па горадзе. Таксама на месцы збору былі заўважаныя супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і АМАПаўцы.
Паводле слоў Кірыла Кажэнава, прыкладна ў 19.30. калёна раварыстаў паехала па дарозе ў бок Нямігі, пасьля чаго павярнулі на праспэкт Пераможцаў. Спачатку ніякіх пытаньняў з боку праваахоўнікаў да іх не было, але потым зьявілася машына ДАІ, і даішнікі сталі патрабаваць, каб раварысты зьехалі на ходнік.
«Некаторыя зьехалі адразу, некаторыя працягвалі ехаць па дарозе — у тым ліку эка-анархісты, якія былі са сьцягамі. Калі мы яшчэ не даехалі да стэлы, адбылася першая невялічкая сутычка: аднаго з удзельнікаў у балаклаве са сьцягам машына ДАІ адсекла, ён зьлез з ровара, і за ім пагнаўся адзін з даішнікаў. Але не дагнаў — хлопец зьбег, а ровар застаўся на дарозе», — кажа Кажэнаў.
Ля стэлы «Менск — горад-герой» раварысты заехалі на ходнік, але потым зноў частка людзей апынулася на дарозе.
«Калі яны зноў зьехалі на дарогу, наколькі я разумею, машына ДАІ падрэзала аднаго з раварыстаў, і даішнікі пачалі забіраць ровар. Адразу да іх пад’ехаў аўтобус з АМАПаўцамі, выскачылі некалькі міліцыянтаў і павалілі аднаго з удзельнікаў акцыі. Я ў гэты момант пачаў здымаць відэа і тут заўважыў, што на мяне з боку таксама бягуць два амапаўцы. Мяне павалілі на зямлю, а потым амаль адразу паднялі і павялі ў аўтобус. У аўтобусе адзін раз ударылі ў жывот і кінулі на падлогу ў канец аўтобуса. Амаль адразу на падлогу побач са мной кінулі хлопца і ўдарылі кулаком у твар. Пасьля гэтага на нас зьверху кінулі 3 ці 4 ровары», — распавёў назіральнік.
Кажэнаў быў апрануты ў камізэльку назіральніка і меў пасьведчаньне назіральніка, але міліцыянты на гэта не зьвярнулі ўвагу.
Агулам было затрымана шэсьць чалавек — іх адвезьлі ў Цэнтральны РУУС.
«Там нас завялі ў нейкі пакой і паставілі тварам да сьцяны — па тры чалавекі на дзьве супрацьлеглыя сьцяны. Каля гадзіны ўсе проста так стаялі. Потым да кожнага да нас падыходзілі і складалі пратакол апытаньня, дзе мы тлумачылі, што адбывалася паводле нашага меркаваньня. Пасьля гэтага нас пакінулі стаяць тварам да сьцяны», — кажа ён.
У Кажэнава і яшчэ аднаго з затрыманых забралі тэлефоны і выдалілі відэа і фатаздымкі інцыдэнту з затрыманьнем.
Кажэнаў кажа, што на ўсіх затрыманых былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне правілаў дарожнага руху — за тое, што раварысты ехалі па дарозе. Таксама былі складзеныя пратаколы за непадпарадкаваньне міліцыі, прычым затрыманым казалі, што калі яны не пагодзяцца з пратаколам, то іх адправяць на «суткі», а калі пагодзяцца — вызваляць.
У выніку 4 з 6 затрыманых адпусьцілі. Яшчэ двое засталіся і, паводле папярэдніх дадзеных, былі адпраўленыя ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсьціна. Мяркуючы па ўсім, яны адмовіліся падпісаць пратаколы.
Самога Кажэнава пратрымалі ў Цэнтральным РУУС амаль 2 гадзіны, вызвалілі толькі бліжэй да дванаццаці. У пратаколе назіральнік напісаў, што з абвінавачваньнем ня згодны.
Паводле вэрсіі міліцыі, якую агучыла прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму, раварысты ўчора ўчынілі бойку з супрацоўнікамі ДАІ.
«Пры спробе спыніць супрацьпраўныя дзеяньні і вярнуць іх на ходнік, парушальнікі правапарадку аказалі непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. Адзін з удзельнікаў кінуўся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ, пашкодзіўшы яму форменнае абмундзіраваньне», — заяўляюць у сталічнай міліцыі.
«Крытычная Маса» — сустрэча ў адным месцы значнай колькасьці раварыстаў з наступным арганізаваным рухам групы па горадзе. Першы сумесны заезд быў праведзены ў 1992 годзе ў Сан-Францыска. З таго часу рух стаў папулярным у больш чым 300 гарадах сьвету. Мэты «Крытычнай масы» — прасоўваньне ровара як транспарту, папулярызацыя здаровага ладу жыцьця, барацьба за правы раварыстаў на дарозе.