Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі служыў, патрэбны быў...» — былы міліцыянт рыхтуецца стаць бамжом, яго высяляюць з кватэры пасьля 25 год службы


Сяргей Стасевіч
Сяргей Стасевіч

Сяргею Стасевічу зь Бярозы, які сышоў на пэнсію з-за дрэннага здароўя, прыйшло паведамленьне аб высяленьні са службовай кватэры. Былы міліцыянт не разумее, як можна выганяць на вуліцу пасьля 25 год бездакорнай службы.

Старэйшы прапаршчык Сяргей Стасевіч працаваў у Дэпартамэнце аховы ў Бярозе камандзірам аддзяленьня ўзводу міліцыі. Пару тыдняў не дапрацаваўшы да пэнсіі мусіў сысьці паводле стану здароўя — выявілася хвароба сэрца.

«Трохпакаёвую кватэру атрымаў 8 год таму, да гэтага жыў з маці ў вёсцы Малеч. Цяпер кватэра са службовай перайшла ў арэндную. Здавалася б — плаці арэнду ды жыві, але хочуць нас выселіць. Ужо былі 2 паведамленьні аб высяленьні. А цяпер ужо начальнік сказаў, што ў суд падалі.

Летась дамову на жыльлё перазаключылі і прапісалі, што да сканчэньня службы. То бок, першая дамова была на 5 год, потым яе працягнулі ізноў на 5 год, а летась ужо даведаліся, што я на пэнсію сыходжу, то перазаключылі, скараціўшы тэрмін. Я яе не хацеў падпісваць, але куды падзенесься», — распавёў Сяргей Стасевіч.

Дом на вуліцы Леніна ў Бярозе зь якога высяляюць былога міліцыянта
Дом на вуліцы Леніна ў Бярозе зь якога высяляюць былога міліцыянта

Тры дні на высяленьне адразу пасьля звальненьня

Паведамленьне аб высяленьні сям’і Стасевічаў цягам трох дзён было падпісанае ўжо на наступны дзень пасьля выхаду Сяргея на пэнсію.

У службовай кватэры Сяргей Стасевіч жыве з жонкай, двума сынамі ды нявесткай з унукам. Былы міліцыянт цяпер стаіць у агульнай чарзе на будаўніцтва жыльля, кажа, што цяпер ён 1900 ў гэтай чарзе.

Сяргей Стасевіч кажа, што спрабаваў шукаць дапамогі ў вышэйшых кабінэтах:

«Быў у генэрала ў Менску, у начальніка Дэпартамэнта аховы. Сказалі, што ёсьць адзін варыянт — выселіцца і прапісацца ў іншым месцы. А потым стаць на чаргу жонцы, якая таксама працуе ў ахове. Былі таксама на прыёме ў памочніка прэзыдэнта па Берасьцейскай вобласьці...»

Падзякі і граматы за службу былога міліцыянта
Падзякі і граматы за службу былога міліцыянта

Былы міліцыянт кажа, што ў часе службы спадзяваўся, што кватэру пакінуць за ім:

«Ніхто ж ня думаў, што такія ўказы прыдумаюць. Што службовае жыльлё нельга выкупляць, што нельга працягваць арэнду ў выпадку звальненьня са службы па выхадзе на пэнсію. Раней былі выпадкі, што пасьля выхаду на пэнсію часам нават бясплатна перадаваліся кватэры. А мы згодныя яе выкупіць. І здаецца, ёсьць указ прэзыдэнта, што гэта магчыма, але ніхто ня хоча займацца».

Сяргей Стасевіч кажа, што ведае калегу ў Берасьці, які працягвае жыць у арандаванай кватэры нават пасьля выхаду на пэнсію. Таму былы міліцыянт не разумее, чаму яму ня могуць пайсьці насустрач:

«Мне першаму такое прыйшло. У Берасьцейскай вобласьці ўсіх такіх кватэр 60. Сёньня тэлефанаваў хлопцу ў Берасьце, які таксама пэнсіянэр, казаў, што нікому нічога пакуль не прыходзіць...»

Паведамленьне аб высяленьні
Паведамленьне аб высяленьні

Зь міліцыянтаў — у бамжы?

Прапісацца ў Бярозе, каб захаваць чаргу на жыльлё, кажа Сяргей Стасевіч, яму няма дзе. Такая ж сытуацыя і ў яго сына зь нявесткай, таму, высяляюць, кажа Сяргей, фактычна дзьве сям’і. Нават да маці ў вёску паехаць няма як, бо туды пераехала сям’я сястры зь Віцебшчыны.

Былы міліцыянт кажа, што цяпер ён, па-сутнасьці, стане бамжом:

«Калі служыў — патрэбны быў, а цяпер... У інтэрнэце напісана, што цяпер бамжоў будзе болей, таму што высяляюць з арэнднага службовага жыльля».

Разам зь Сяргеем высяляюць яго двух сыноў, нявестку і ўнука
Разам зь Сяргеем высяляюць яго двух сыноў, нявестку і ўнука

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG