Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» апублікавала вынікі чарговага дасьледаваньня «Індэкс свабоды прэсы», у якім ацэньваецца стан свабоды слова і свабоды СМІ ў 180 краінах сьвету.
Беларусь, з вынікам 54,32 бала, знаходзіцца на 157-м месцы сярод 180 краінаў. Паводле дасьледаваньня, сытуацыя са свабодай слова ў Беларусі летась пагоршылася ў параўнаньні з папярэднім годам.
«Каб аслабіць уплыў Расеі на Беларусь, рэжым Аляксандра Лукашэнка спрабуе ўбіцца ў ласку міжнароднай супольнасьці і сьцерці свой вобраз „апошняй дыктатура Эўропы“. Але акрамя вызваленьня палітвязьняў, у краіне не наступілі ніякія іншыя зьмены. Журналісты-фрылансэры ня могуць атрымаць акрэдытацыю і церпяць перасьлед з боку судовых органаў. Міністэрства інфармацыі ўзмацніла кантроль над сеткамі распаўсюду друкаваных СМІ і інтэрнэтам ды забараніла праграмнае забесьпячэньне, якое выкарыстоўваецца для абыходу інтэрнэт-цэнзуры» — гаворыцца ў дасьледаваньні.
Калі браць пад увагу кантынэнты, найбольш свабоднымі СМІ застаюцца ў Эўропе — 19,8 бала; затым ідзе Афрыка — 36,9, якая ўпершыню абагнала Паўночную Амэрыку і Паўднёвую Амэрыку (іх разглядаюць разам), дзе сытуацыя ацэньваецца на 37,1 бала; краіны Азіі набіраюць 43,8 бала, а краіны Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі (яны таксама разглядаюцца ў адным «кошыку») атрымалі 48,4 бала.
Самымі спрыяльнымі дзяржавамі з пункту гледжаньня свабоды прэсы застаюцца Фінляндыя, Нідэрлянды, Нарвэгія. Найбольшая пазытыўнае разьвіцьцё адзначана ў Тунісе і ва Ўкраіне. Адначасова па дынаміцы неспрыяльных тэндэнцый сярод эўрапейскіх краінаў лідзіруе Польшча, дзе, як адзначаюць «Рэпартэры бязь межаў», кансэрватыўны ўрад «захапіў кантроль» над дзяржаўнымі СМІ.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1