Двух жыхароў Бярозы асудзілі да 5 гадоў турмы за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Два хлопцы пабілі ды здалі ў міліцыю мужчыну, на якога падумалі, што ён маньяк.
У кастрычніку 2015 году быў затрыманы сэрыйны маньяк з Расеі, які больш за 20 год «гастраляваў» па Беларусі. Праваахоўныя органы канстатавалі, што вельмі часта гэты маньяк спыняўся на Берасьцейшчыне — у Бярозе, Кобрыні, Белаазёрску, дзе гвалтаваў і рабаваў жанчын.
Жыхары Бярозы кажуць, што летась пра маньяка чуткі па горадзе хадзілі актыўна — мужчыны імкнуліся суправаджаць сваіх жанчын.
Яшчэ да таго, як расейскі маньяк-гастралёр быў затрыманы, у Бярозе міліцыя завяла крымінальную справу на двух хлопцаў, якія памылкова затрымалі і зьбілі мужчыну, на якога падумалі, што ён маньяк.
Распавядае Ірына, маці асуджанага 18-гадовага Ільлі Лукашыка:
«Сын тры гады сустракаўся зь дзяўчынай. Яна яму патэлефанавала і сказала, што за ёй больш за два месяцы сочыць нейкі мужчына. Ён не паверыў, але вырашыў зь сябрам прасачыць, ці сапраўды гэта так. Выявілася, што дзяўчаты ішлі сьпераду, а гэты мужчына, апрануты ў чорнае, хаваўся то па кустах, то за слупамі».
Маці асуджанага хлопца кажа, што сябрукі падумалі, што гэта і ёсьць той маньяк, пра якога хадзілі чуткі. Хлопцы затрымалі мужчыну, кажа суразмоўніца, ды самі выклікалі міліцыю. У часе затрыманьня меркаваны «маньяк» аказаў супраціў і хлопцы пабілі яго. У прыватнасьці, мэдыкі канстатавалі ў яго пералом рабрыны, якая прабіла лёгкае. Судмэдэкспэртыза выявіла, што затрыманаму было нанесена ня менш за 9 удараў.
З мужчынай, які сачыў за дзяўчатамі, міліцыянты правялі «прафіляктычную гутарку», а на хлопцаў, якія яго злавілі, завялі крымінальную справу за зьбіцьцё «з хуліганскіх матываў».
Міліцыянты прыехалі ды забралі ўсіх. Як кажа Ірына, з мужчынай, які сачыў за дзяўчатамі, міліцыянты правялі «прафіляктычную гутарку», а на хлопцаў, якія яго злавілі, завялі крымінальную справу за зьбіцьцё «з хуліганскіх матываў».
У судзе, кажа жанчына, пацярпелы прызнаўся, што сачыў за дзяўчатамі некалькі год. Як кажа спадарыня, калі міліцыянты пыталіся ў яго, навошта ён хадзіў за імі, ён адказаў «проста так». Маці кажа, што зьбіты аказаўся не зусім псыхічна здаровым чалавекам.
«Яму 39 год, нідзе не працуе. Яго вазілі на экспэртызу і пацьвердзілі, што ў яго ёсьць крышку адхіленьні. Але суду сказалі, што ён можа даваць паказаньні.»
У выніку Бярозаўскі суд прысудзіў хлопцам па 5 год турмы строгага рэжыму кожнаму.
На наступны пасьля зьбіцьця дзень бацька дзяўчыны, за якой сачыў пацярпелы, панёс у міліцыю заяву пра тое, што яго дачку перасьледавалі. Аднак на гэтую заяву быў адказ, што «зь ім праведзеная прафіляктычная гутарка». Незадаволеныя бацькі дзяўчыны спрабавалі скардзіцца ў пракуратуру, але ніякай справы на чалавека, які сачыў за іх дачкой, заведзена не было.
Ірына кажа, што знаходзіцца ў шоку ад такога жорсткага прысуду:
Якія тут хуліганскія матывы былі? Ён жа ня тое што злавіў звычайнага чалавека, які яму не спадабаўся, ды пабіў. Ён зьбіраўся яго ня біць, а здаць у міліцыю. Пацярпелы першы нанёс удар, ён прызнаваў на судзе.
«Я не разумею, за што... Якія тут хуліганскія матывы былі? Ён жа ня тое што злавіў звычайнага чалавека, які яму не спадабаўся, ды пабіў. Ён зьбіраўся яго ня біць, а здаць у міліцыю. Пацярпелы першы нанёс удар, ён прызнаваў на судзе. І калі цяжкія цялесныя пашкоджаньні — то трэба каб чалавек мінімум 40 дзён праляжаў у лякарні. А ён жа паляжаў 6 дзён! Якія гэта цяжкія цялесныя пашкоджаньні?»
Спадарыня распавяла, што 8 гадоў таму ў яе забілі мужа, бацьку асуджанага Ільлі, то забойцам далі меншыя тэрміны:
«У мяне мужа забілі, то ім далі па 3 гады ўмоўна. Два хлопцы білі яго і забілі. Галавой білі аб асфальт, зламалі чэрап у двух месцах. Паляжаў 4 дні ў лякарні і памёр. І па тры гады... А зараз сына на такі тэрмін... Невядома, што б ён зрабіў, той чалавек, зь дзяўчатамі, калі б і надалей хадзіў за імі...»
Бацькі Ільлі нанялі новага адваката зь Менску і рыхтуюцца абскарджваць прысуд у абласным судзе.