Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна, якая ніколі ня будзе тваёй


«Краіна доўгай белай хмары» гурту «Ўліс» з аднайменнага дыску з 1990 году — надзвычайная песьня. Як па мне, найлепшая беларуская рок-песьня наогул.

Словы аўтарства Фэлікса Аксёнцава настолькі канкрэтныя, што можам не сумнявацца — песьня пра Беларусь, а не пра Новую Зэляндыю («краінай доўгай белай хмары» — aotearoa — называюць Новую Зэляндыю аўтахтоны-маоры на сваёй мове). І словы песьні настолькі туманныя, што можна іх інтэрпрэтаваць як заўгодна — яны, напэўна, пра Беларусь, але зусім верагодна, што і пра іншыя краіны таксама. Пра тыя перш за ўсё, якія ніколі ня будуць нашымі:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:02 0:00
Наўпроставы лінк

Краіна Доўгай Белай Хмары,
Мы не растлумачым, скуль прыйшлі.
Ты не пачуеш нашай мовы,
Прасякнутай пахам зямлі.

Мы пройдзем моўчкі, быццам вязьні,
Бы цені анёлаў праз царкву.
Мы пройдзем праз спакусу каханьнем,
Хаваючы у сэрцах дрыгву.

Скачы, дурніца —
Мы атрымалі сваё.

Ты стрэнеш мой варожы позірк.
Ты не зразумееш, што са мной.
Краіна Доўгай Белай Хмары
Ніколі ня будзе тваёй.

Скачы, дурніца —
Мы атрымалі сваё.

Музыка ў гэтай песьні ідэальна спалучаецца са словамі. І калыханка ў выкананьні Тацяны Мархель на пачатку, і майстэрская гітара Славы Кораня, і вакал «з надрывам» Андрэя Патрэя, і рафінаваная бас-лінія Сержука Краўчанкі — усё тут ідэальна дапасаванае. І нават робат-бубнач тут вельмі дарэчы (падчас запісу альбому ў студыі Рышарда Шміта ў Ольштыне Сяржук Кныш не бубнаваў, а праграмаваў з калегамі драм-машыну).

З гуртом «Уліс» я ўпершыню сустрэўся летам 1989 году, калі першы раз паехаў у Беларусь. Восеньню таго самага году, калі хлопцы прыехалі ў Беласток, я даў ім 200 даляраў, каб ім было за што запісаць свой першы альбом у Ольштыне — «Чужаніцу». Вінілавая кружэлка «Чужаніца» выйшла ў маскоўскай «Мелодыі» ў 1990 годзе — на «мінімалістычнай» вокладцы, якую запраектаваў Міхал Анемпадзістаў, музыкі «Ўліса» ў падзяцы за фінансавую дапамогу пазначылі мяне як «мэнэджэра гурту» ;)

Ня ўпэўнены, як яно было ў Беларусі ў пачатку 1990-х, але на Беласточчыне, пасьля свайго выступу на першым «Басовішчы» (1990), «Уліс» адразу стаў культавым гуртом. На другім «Басовішчы» (1991), калі хлопцы прыехалі ў Гарадок без Андрэя Патрэя (зь якім тады здарыўся нэрвовы зрыў) і не змаглі выступіць без вакаліста, шмат у каго зьбіраліся сьлёзы ў вачах ад выгляду пустой сцэны, з гукаўзмацняльнікаў якой гучала «Краіна доўгай белай хмары»...

Басовішча 1992 году. Уліс
Басовішча 1992 году. Уліс

P.S.: З таго «рок-мэнэджэрскага» пэрыяду ў маім жыцьці засталася мне асаблівая памятка — master tape запісу альбому «Чужаніца». Хлопцы з «Уліса» прывезьлі з Ольштыну дзьве такія стужкі — адну пакінулі мне ў Беластоку, а другую павезьлі ў Маскву на «Мелодыю». З таго часу я памяняў месца жыхарства ўжо разоў пяць, але гэтая стужка ўвесь час вандруе са мною. Ня ведаю, магчыма, яна і размагніцілася ўжо. Студыйнага магнітафона, каб паслухаць яе, у мяне няма.

Цікава, ці сучаснае наймалодшае пакаленьне, якое выхавалася ўжо цалкам у эпосе лічбавага гуказапісу і музыку слухае з айфонаў, ведае, што такое master tape і як некалі выглядаў грамафон або магнітафон?

Канцэрт «Уліса» на першым «Басовішчы» ў 1990:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG