Тое, што дзеяньне санкцыяў 15 лютага ня вернуць, было відавочна ўсім. Але яшчэ месяц таму ўяўлялася, што, хутчэй за ўсё, працягнецца іх «замарозка» яшчэ на некалькі месяцаў, скажам, да завяршэньня парлямэнцкіх выбараў. Аднак незадоўга да 15 лютага, калі ЭЗ павінен быў вырашаць, што з санкцыямі рабіць, сталі раздавацца сыгналы, гучаць заявы, адбывацца візыты, якія сьведчылі пра тое, што санкцыі адменяць зусім. Што і адбылося. Чаму?
Гэта рашэньне можна ахарактарызаваць шахматным тэрмінам гамбіт — варыянт, пры якім адзін бок ідзе на ахвяру за ініцыятыву і магчымасьці. Чаму размова не ішла аб вяртаньні да санкцыйнай палітыцы, больш-менш зразумела: беларуская ўлада вызваліла ўсіх палітвязьняў, адносна канфлікту ва Ўкраіне заняла калі не нэўтральную пазыцыю, то, прынамсі, пазыцыю, якая не ва ўсім супадае з пазыцыяй Масквы, у дадатак, аказала сьвету ( ну і Захаду ў тым ліку) карысныя паслугі ва ўрэгуляваньні гэтага канфлікту ва Украіне.
Галоўная прычына, з-за якой была ўведзена вялікая частка санкцый, была ліквідаваная, добрыя паслугі чагосьці вартыя.
Аднак на першы погляд падобнай была сытуацыя і ў 2008 годзе, падчас тагачаснага «мядовага месяца» паміж Беларусьсю і ЭЗ — палітвязьняў і тады ўсіх вызвалілі, у расейска-грузінскай вайне Менск у расейскі ваенны і дыпляматычны «шыхт» не ўстаў. Але тады толькі прыпынілі дзеяньне санкцый.
А зараз — адмянілі. Дык і сытуацыя іншая. Расейска-грузінская вайна, пры ўсім яе драматызьме, здавалася ізаляваным эпізодам, тады Грузія страціла тэрыторыі, якія і шмат гадоў да таго фактычна не кантралявала. І пасьля 2008 году партнэрства Захаду з Расеяй хоцькі-няхоцькі, але ўсё ж працягвалася.
Пасьля 2014 усё стала інакш. Лёгіка жорсткай канфрантацыі патрабуе заахвочваць саюзьнікаў суперніка, якія хоць бы трохі адхіляюцца ад «генэральнай лініі». Чым больш жорсткая канфрантацыя — тым вышэй цэніцца нават невялікае адхіленьне.
У сувязі з гэтым крыху камічным выглядаў адмоўны адказ кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыкі Магерыні на пытаньне журналіста TUT.BY аб геапалітычнай подбіўцы адмены санкцыяў. Ну як жа, вядома, і ў думках такога не было. Зрэшты, выступаючы супроць самой сабе, спадарыня Магерыні ў якасьці аднаго з матываў рашэньня назвала пазыцыю Беларусі ў канфлікце ва Украіне. Дык гэта ж і ёсьць геапалітыка.
Між іншым, быў, мяркуючы па ўсім, яшчэ адзін фактар. Дзяржавы і іх саюзы — гэта не праваабарончыя арганізацыі і не цэрквы. І таму санкцыі, якія яны ўводзяць, асабліва калі ўводзяць па матывах сытуацыі з правамі чалавека — гэта не маральны пратэст (не толькі ён, па меншай меры), а інструмэнт палітыкі. Санкцыі ўводзяцца, каб дамагчыся паляпшэньня сытуацыі.
Так у гэтым сэнсе яны, з аднаго боку, выканалі сваю задачу: было сказана — палітвязьняў у Беларусі быць не павінна, іх і няма. З іншага, высьветлілася, што да істотных палітычных зьменаў санкцыі не прывялі, склалася ўражаньне, што і не прывядуць.
І ЭЗ разыграў гамбіт, зрабіўшы буйны крок насустрач афіцыйнаму Менску. Не атрымліваецца «пугай», можна паспрабаваць «пернік».
ЭЗ разыграў гамбіт, зрабіўшы буйны крок насустрач афіцыйнаму Менску. Не атрымліваецца «пугай», можна паспрабаваць «пернік»
Гэта, вядома, рызыка, як і любы гамбіт у шахматах. У агляднай будучыні вярнуць санкцыі будзе немагчыма і псыхалягічна, і з улікам марудлівасьці і складанасьці прыняцьця рашэньняў у ЭЗ, хіба што беларускія ўлады ўчыняць нешта зусім жахлівае. Іншымі словамі, яны зараз вольныя ўчыняць рэчы не зусім жахлівыя, хоць і заганныя, не асьцерагаючыся вяртаньня санкцыяў.
Але ёсьць нюансы. Аўтарытарная сыстэма не можа зьмяніць свае інстытуты на дэмакратычныя, не перастаючы пры тым быць самой сабой. Але яна можа пайсьці на паслабленьні, паблажкі, аслабіць хватку. Сутнасна яна пры гэтым не зьмяняецца, але для людзей, якія жывуць у аўтарытарным «парадызе», сіла дзяржаўных «абдымкаў» — пытаньне зусім не другараднае. Крокі, зробленыя насустрач гэтай сыстэме, могуць быць псыхалягічным матывам, каб і яна ў парадку ўзаемнасьці на паслабленьні і пайшла ці хаця б не пагаршала існую сытуацыю.
Зрэшты, новая палітыка Эўропы (а адмена санкцыяў — не аднаразовы крок, а элемэнт новай палітыкі) прадугледжвае ня толькі псыхалягічныя, але і больш адчувальныя стымулы. Санкцыі па ідэі павінны былі падахвочваць беларускія ўлады паводзіць сябе больш-менш прыстойна дзеля адмены санкцый ці дзеля іх непашырэньня. Зараз да прыстойнасьці будуць заахвочваць пазытыўныя стаўкі, іншымі словамі, мяркуецца, што ўмоўныя «галубы» у беларускім кіраўніцтве будуць казаць умоўным «каршакам»: «Вы там акуратней, а то ў нас тут крэдыт ЭБРР намячаецца, эўрабонды зьбіраемся разьмясьціць, прэзыдэнт з візытам у Брусэль едзе, а вы сваімі дубінкамі не толькі па галовах крамольнікаў, але і па гэтых важным дзяржаўным інтарэсам лупцуеце». Падзейнічае гэта — хто ведаць. Нэгатыўныя стаўкі санкцыяў дазволілі Захаду за 5 гадоў дасягнуць ўсяго толькі вызваленьня палітвязьняў.
А пазытыўныя стаўкі — гэта толькі магчымасьці, закладзеныя ў рашэньне аб адмене санкцыяў. З афіцыйнымі візытамі кіраўнікі дзяржаў езьдзяць па запрашэньнях, а яны нават у адсутнасьці санкцыяў могуць быць, а могуць і не быць. Фінансавыя «пернікі», пра якія казалі прадстаўнікі ЭЗ — яны зноў жа і ў адсутнасьці санкцыяў могуць быць, а могуць і не быць. А наяўнасьць гэтых прыемных і карысных рэчаў некаторым чынам будзе залежаць і ад ступені прыстойнасьці.
Нэгатыўныя стаўкі санкцыяў дазволілі Захаду за 5 гадоў дасягнуць ўсяго толькі вызваленьня палітвязьняў
Калі казаць пра інтарэсы Захаду, то яго гамбіт сапраўды дае яму шэраг магчымасьцяў. У свой час ЗША ўсяго толькі наладзілі адносіны з Кітаем Мао, аднавіўшы дыпляматычныя адносіны. Але ўжо адно гэта паўплывала на пазыцыю Масквы, яна вымушана стала больш гнуткай. Беларусь 2016 года — не Кітай 1971 году, але некаторую зьмену на шахматнай дошцы, на якой змагаюцца Захад і Расея, нармалізацыя адносінаў ЭЗ і РБ зробіць. Невялікую, але вялікі посьпех складаецца з малых, курка па зярнятку дзяўбе і сытая бывае. У поўнай меры гэты эфэкт можа быць дасягнуты пры поўным прызнаньні.
Не ў тым справа, што адмена санкцыяў прывядзе да «ўцёкаў» Беларусі на чале з Лукашэнкам на Захад. Не прывядзе. Але ў 1971 годзе Мао ў НАТА таксама не ўступаў. А расклад зьмяніўся.
Ну а наконт «уцёкаў» ... Заўтра — так, пэўна яе не будзе, але цяпер Эўропа, мяркуючы па ўсім, пераходзіць у дачыненьні да Беларусі да даўняй, яшчэ часоў Вілі Брандта, нямецкай палітыцы — «зьмяненьне праз збліжэньне» (Wandel durch Annäherung).
Гэтая большая прысутнасьць Эўропы, збліжэньне, можа выклікаць зьмены далёка не адразу
Уцягваньне беларускай кіроўнай эліты ў разнастайныя формы ўзаемадзеяньня з Эўропай павінна, па задуме, зьмяніць яе, не тое, каб прышчапіць эўрапейскія каштоўнасьці, але прынамсі стварыць у яе нейкія эўрапейскія інтарэсы. Зрэшты, гэта тычыцца і грамадзтва ў цэлым, паводле апытаньняў самы высокі ўзровень праэўрапейскіх настрояў за апошняе дзесяцігодзьдзе быў у Беларусі менавіта ў папярэдні пэрыяд нармалізацыі адносінаў з ЭЗ — у 2009-2010 гадах. Падобныя настроі ў Беларусі наўпрост на прыняцьце дзяржаўных рашэньняў не ўплываюць, але і не сказаць, што яны не маюць ніякага значэньня. А зьмены тады былі выкліканыя ўсяго-та памяншэньнем градуса антызаходняй прапаганды ды ТБ-малюнкамі поціскаў рукі прэзыдэнта з эўрапейскімі партнэрамі.
Гэтая большая прысутнасьць Эўропы, збліжэньне, можа выклікаць зьмены далёка не адразу. Гэта наогул не дакладна разьлічаная шматхадоўка, апошні ход якой — Майдан або ўступленьне Беларусі на чале з Лукашэнкам у НАТА. У адрозьненьні ад шахмат асаблівасьць шматхадовак ў палітыцы і ўвогуле ў жыцьці — у тым, што яны, як правіла, гараць сінім полымем ўжо на другім хаду. Але доўгатэрміновыя стратэгіі часам і спрацоўваюць.
Можа, і не атрымаецца тая зьмена. З Расеяй вось не вельмі атрымалася, мякка кажучы. Гэта рызыка, заклад. Як і санкцыйная палітыка, дарэчы. Апошняя выглядае безрызыкоўнай з-за яе большай прастаты: ўводзім санкцыі і чакаем, калі ў падсанкцыйнай краіне адбудуцца зьмены. Рызыка ў тым, што пры гэтым прапускаецца альтэрнатыва, якая можа даць больш.
Гэтай альтэрнатыве варта пажадаць посьпеху.