Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ прапануе перанесьці сталіцу ў Полацак


У 2017 годзе спаўняецца 500 год першай у гісторыі ўсходнеславянскіх народаў друкаванай кнігі — беларускага «Псалтыра», які 6 жніўня 1517 году ў Празе выдаў асьветнік Францішак Скарына.

Свабода даведалася, якія ініцыятывы рыхтуюць да гэтай даты Таварыства беларускай мовы і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. ТБМ носіць імя Францішка Скарыны, каля бібліятэкі стаіць помнік першадрукару.

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пачне рыхтавацца да 500-годзьдзя з моманту выхаду першай беларускай друкаванкі ўжо сёлета — 21 лютага пройдзе традыцыйная агульнабеларуская дыктоўка, прысьвечаная Францішку Скарыну. А ў наступным годзе — юбілейная, дзясятая, і таксама ў гонар першадрукара. Але асноўнай ініцыятывай з нагоды памятнай даты будзе спроба дамагчыся пераносу сталіцы Беларусі зь Менску ў Полацак, на радзіму Францішка Скарыны.

Алег Трусаў
Алег Трусаў

«Любыя юбілеі трэба адзначаць канкрэтнымі справамі. У наступным годзе мы плянуем правесьці шэраг зальных мерапрыемстваў, зьвязаных з 500-годзьдзем беларускай друкаванай кнігі. У Менску быў праспэкт імя Францішка Скарыны, але пры гэтай уладзе вярнуць яго ня ўдасца. Няма сэнсу траціць сілы і псаваць паперу. Ёсьць іншая ідэя — ініцыяваць перанос сталіцы Беларусі ў Полацак. Мы будзем пісаць адпаведны зварот да ўладаў з гэтай нагоды», — кажа старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Грамадзкі дзеяч перакананы, што перанос сталіцы ня толькі ўшануе першадрукара, але і дасьць іншы плён — перастане расьці Менск.

«Калі перанесьці сталіцу, то можна злучыць Полацак і Наваполацак у адзін горад. Зрабіць новую адміністрацыйную плошчу і назваць яе імем Францішка Скарыны. Трэба вярнуць сталіцу туды, дзе яна была раней. Іначай мы ня зможам спыніць рост менскага мэгаполісу. Трэба зрабіць тое, што зрабілі казахі і бразыльцы, — перанесьці сталіцу зь вялікага гораду ў малы. Тым больш што нам ня трэба будаваць новы горад, у нас ёсьць старая сталіца — Полацак. Гэта быў бы самы лепшы падарунак на 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня».

Алег Трусаў сказаў, што добра ставіцца да імпрэзаў, якія будуць ладзіцца на афіцыйным узроўні ў сувязі з 500-годзьдзем беларускага кнігадруку. Але адзначыў, што ўсе яны павінны праходзіць толькі па-беларуску.

Імпрэзы, прысьвечаныя Скарыну, павінны праходзіць на яго мове, а не на якой іншай.

«Як бы мы ні ставіліся да ўладаў, добра, што такія мерапрыемствы будуць. Адзінае, трэба, каб яны праходзілі па-беларуску, бо ў нас часам могуць і па-расейску нешта такое правесьці. Такое, на жаль, бывае. Імпрэзы, прысьвечаныя Скарыну, павінны праходзіць на яго мове, а не на якой іншай».

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі да адзначэньня даты рыхтуюцца ўжо пяць гадоў. Дырэктар бібліятэкі Раман Матульскі кажа, што распрацаваны плян сьвяткаваньня, у якім выданьне поўнай спадчыны першадрукара, а таксама міжнародныя зальныя імпрэзы:

Раман Матульскі
Раман Матульскі

«Першы і галоўны праект, які мы рыхтуем да гэтага сьвята, — факсымільнае ўзнаўленьне ўсёй кніжнай спадчыны Францішка Скарыны. Па старонцы зьбіраем працы Скарыны, якія разышліся па ўсім сьвеце за 500 гадоў. Мэта — выдаць поўную спадчыну Францішка Скарыны. Усяго будзе 21 том. Ужо цяпер выдадзена 11 тамоў. А да 2017 году выйдзе ўвесь збор. Гэта і будзе галоўным падарункам усім беларусам і ўсяму сьвету да значнай даты. Таксама будзе міжнародны кангрэс і міжнародная кніжная выстава, прысьвечаныя падзеі. На выставе, апроч поўнага збору спадчыны Скарыны, які мы выдаём, будуць прадстаўленыя экзэмпляры, якія захоўваюцца не ў Беларусі».

Раман Матульскі адзначыў, што агулам беларускія бібліятэкі заплянавалі да 500-годзьдзя першага беларускага друкаванага выданьня ажно 500 мерапрыемстваў:

Бібліятэчная супольнасьць напрацавала пералік у 500 мерапрыемстваў, якія неабходна правесьці ў Беларусі і за мяжой дзеля папулярызацыі ня толькі імя Скарыны, але і дасягненьняў беларусаў у кнігадрукаваньні і ўвогуле ў гуманітарнай сфэры.

«Асоба Скарыны надзвычай важная для Беларусі. А тут такая рэдкая дата — 500 гадоў з моманту выхаду першай друкаванай кнігі. Гэта вельмі добрая нагода для таго, каб пашыраць інфармацыю пра беларускага першадрукара. Бібліятэчная супольнасьць напрацавала пералік у 500 мерапрыемстваў, якія неабходна правесьці ў Беларусі і за межамі нашай краіны дзеля папулярызацыі ня толькі імя Скарыны, але і дасягненьняў беларусаў у кнігадрукаваньні і ўвогуле ў гуманітарнай сфэры».

У 2015 годзе ў рамках Кангрэсу беларусістаў сьвету, які прайшоў у Менску, адбыўся круглы стол, прысьвечаны ініцыятыве кананізацыі беларускага першадрукара Францішка Скарыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG