Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашы ў Невелі: «падпольная» беларуская каўбаса і любоў да Лукашэнкі


Рэпартаж Свабоды з памежнага расейскага Невеля, які колісь было горадам у складзе ВКЛ і БССР. Цяпер беларусы сюды езьдзяць на працу ў сьвінакомплексы і на рынак — прадаваць беларускія харчы.

У Пскоўскую вобласьць беларусы зь віцебскага памежжа езьдзяць гандляваць «зь зямлі», хаваючыся ад паліцыі. А яшчэ — на працу, бо на расейскіх сьвінакомплексах пад Невелем добрыя заробкі, у адрозьненьне ад фэрмаў суседняй Гарадоччыны.

Расейскае памежжа
Расейскае памежжа

Ад Віцебска да расейскага Невеля — трошкі болей за 100 км. Ад райцэнтра Гарадок, прыблізна роўнага зь Невелем па колькасьці насельніцтва, — амаль на палову меней. А ўжо ад мястэчка Езярышча на самым беларускім памежжы, дык увогуле 25 кілямэтраў. Гэтым і карыстаюцца мясцовыя жыхары, тлумачыць памежны страхоўшчык аўтамабіляў:

«Бачылі людзей на прыпынку? Гэта ў Расею едуць па макароны і алей, праз Езярышча раз на суткі ходзіць аўтобус. Але ў асноўным езьдзяць працаваць. На сьвінакомплексы ажно пад Вялікія Лукі. Там заробкі — ого-го, ня тое што на нашых фэрмах, дзе даярка ўзімку зарабляе 500 тысяч рублёў. Едуць і едуць, бо ні ў Гарадку, ні ў Езярышчы працы няма, усё да абуха дабіта!»

Тут пачынаецца Пскоўшчына
Тут пачынаецца Пскоўшчына

Езярышча сканчваецца неяк неўпрыкмет, і на дарозе паўстае памежны пункт з расейскім гербам на гранітнай стэле і надпісам на трыкалёры «Псковская область». Зрэшты, на гэтым веліч бліжэйшага «русского мира» і заканчваецца: праз колькі вёсачак амаль што беларускага выгляду вандроўніка сустракае заіржаўленая шыльда «Невель». Населены пункт, які значна даўжэй быў горадам у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, чымсьці заштатным паселішчам у Расейскай імпэрыі, і які меў беларускую мінуўшчыну нават у складзе БССР — пакуль у сакавіку 1924 году не была скасаваная Віцебская губернія, частка якой — Вяліскі, Себескі і Невельскі паветы — увайшла ў склад РСФСР.

Так Невель вітае гасьцей
Так Невель вітае гасьцей

Здаецца ж, тое было дужа даўно. Аднак першае ўражаньне ад Невеля, нібыта грамадзянская вайна і паваенная разруха яшчэ ня скончыліся. Побач з шашой — закінуты Дом культуры з выбітымі вокнамі, а за брамай зь сярпом і молатам зеўрае пустымі праёмамі нежылы будынак з чырвонай цэглы. І нарэшце першая прыкмета сучаснасьці: білборд са слоганам «ЛДПР за Псковскую область».

Дом культуры, дзе жывуць «бамжы»
Дом культуры, дзе жывуць «бамжы»
Матэрыяльныя сведчаньні «сацыялістычнага рэалізму»
Матэрыяльныя сведчаньні «сацыялістычнага рэалізму»
ЛДПР недзе побач
ЛДПР недзе побач

Вочы міжволі шукаюць хрэстаматыйных прыкметаў «старажытнага рускага горада». І знаходзяць — у афармленьні аўтобуснага прыпынку, аздобленага малюнкамі «сямі праваслаўных цэркваў, манастыра і адной капліцы». А таксама, як пісаў пра Невель напрыканцы 19-га стагодзьдзя віцебскі этнограф і краязнаўца Аляксандар Семянтоўскі, «аднаго мураванага касьцёла, дзевяці габрэйскіх школ, 3-х грабарных і 2-х цагляных заводаў».

"Гістарычны" прыпынак
"Гістарычны" прыпынак

З усяго пералічанага ў цэнтры сучаснага Невеля можна ўбачыць хіба што Сьвята-Троіцкі сабор. І якраз побач — кірмаш, куды беларусы едуць па танныя макароны і алей. Аднак часьцей прывозяць на продаж сваё — ад прадукцыі, вырашчанай на ўласным падворку, да «падпольнай» каўбасы.

Сьвята-Троіцкі сабор
Сьвята-Троіцкі сабор
Саматужныя гандляры-беларусы
Саматужныя гандляры-беларусы

Вёдры зь беларускай бульбай стаяць недалёка ад уваходу на кірмаш. Гаспадары размаўляць ня хочуць: больш як прызнаньня, што яны беларусы, зь іх ня выцягнуць. Аднак прадукцыя карыстаецца попытам: каля яшчэ адной машыны зь беларускімі нумарамі добрая чарга па бульбу і яблыкі. Хлопец-гандляр, не адрываючыся ад вагаў, кажа каротка і ёміста: «Прывожу, значыць выгадна!»

Выгадны гандаль
Выгадны гандаль

Але найвыгаднейшага для абодвух бакоў гандлю шукаць на кірмашы марна. Жыхары Невеля спачатку падазрона агледзяць цябе з галавы да ног і толькі пасьля употайкі махнуць рукой за плот: там прадаецца «падпольная» беларуская каўбаса, зь якой змагаецца мясцовая паліцыя.

Патаемны продаж беларускай каўбасы выглядае так
Патаемны продаж беларускай каўбасы выглядае так

А беларускія «падпольшчыкі»-гандляры гатовыя ў любы момант «прыкрыць лавачку» — захлопнуць багажнік аўто, які служыць і прылаўкам, і складам мясной прадукцыі.

«Так, паліцыя крыху ганяе. Але што нам застаецца рабіць, калі ў Беларусі працы няма, а жыць трэба? Грузім каўбасу, „згушчонку“, сыр і на выходныя — сюды», — гаворыць гандлярка, паглядаючы па бакох.

Гандаль «зь зямлі». Дакладней, з машыны
Гандаль «зь зямлі». Дакладней, з машыны

Пакупнікі дружна абураюцца: маўляў, ня трэба беларусаў ганяць, у іх дужа смачныя і каўбасы, і ўсё іншае. У супэрмаркетах «Магніт» або «Пяцёрачка» такога таннага ды смачнага нізавошта ня купіш. А што без санкніжкі ды іншых атрыбутаў законнага продажу — дык на гэта даўно ніхто не зважае.

Пакупніцы задаволеныя
Пакупніцы задаволеныя

Пакуль параўноўвалі смакавыя якасьці расейскіх і беларускіх каўбас, ледзьве не прапусьцілі падыход паліцыянта. Але багажнік своечасова зачыніўся, і прэтэнзіяў не было.

Багажнік зачынены, а сыр праз вакно ніхто не заўважыў
Багажнік зачынены, а сыр праз вакно ніхто не заўважыў

Зрэшты, зь нядаўняга часу на кірмашы ў Невелі зьявілася афіцыйная крама «Продукты из Белоруссии». Уладальнікі гандлёвай кропкі — зь Віцебску, адтуль жа прыяжджае і гандлярка. У асартымэнце ж — прадукцыя ня толькі віцебскай вытворчасьці. Каўбасы, мяса, малочныя і кандытарскія вырабы — з розных рэгіёнаў. Пакупнікі задаволеныя, паўтараюць ужо пачутае раней «беларускія прадукты натуральныя» і «ваш Лукашэнка сочыць за якасьцю».

Беларуская гандлёвая кропка
Беларуская гандлёвая кропка
З усіх рэгіёнаў Беларусі
З усіх рэгіёнаў Беларусі

Кошты на мясныя вырабы ў краме і «зь зямлі» прыкладна аднолькавыя, і прыблізна такія ж, як у Беларусі. Але толькі ў Невелі харчы можна скласьці ў пакет-«майку» з Пагоняй! Вершнік з узьнятым мячом на зялёным полі — герб Невеля, ён крыху перагукаецца з сучасным гербам Віцебскай вобласьці. І паходзіць з 1781 году, калі на гербе былі дзьве сымбалічныя выявы: у верхняй частцы — дзьвюхгаловы імпэрскі арол, а ў ніжняй, якая азначае падпарадкаванасьць, «в серебряном поле старый Полоцкий герб, на коне воин, держащий в правой руке саблю, а на левой руке надетый красный щит с двойным на оном крестом».

11 красавіка 2001 году ў Невеля зьявіўся герб з «Пагоняй»
11 красавіка 2001 году ў Невеля зьявіўся герб з «Пагоняй»

Што да рэчаўнай часткі невельскага кірмашу, то тут у асабліва буйных маштабах гандлююць адзеньнем «сэканд хэнд» з Эўропы. І — кажуць — попытам карыстаюцца зноў-такі беларускія тавары. Праўда, у краме «Продукты из Белоруссии», што побач з кірмашом, пакупнікоў амаль не было.

Адзеньне сэканд хэнд — на ўсе густы
Адзеньне сэканд хэнд — на ўсе густы
У краме «Продукты из Белоруссии»
У краме «Продукты из Белоруссии»

Прыметнік «беларускае» даўно стаў тут сынонімам «якаснае», калі вядзецца пра харчы або адзеньне. А вось пра заробкі ў Беларусі расейцы ў Невелі разважаюць са шкадобай.

«Хіба гэта грошы, што ў вас атрымліваюць? Дый беспрацоўе ў вас... Вось пачакайце, наш Пуцін набудуе сьвінакомплексаў. Ужо адзін збудавалі, дык там рабочыя атрымліваюць па 20 тысяч рублёў! У нас настаўнікі, і тыя маюць толькі каля 12 тысяч. Будзе праца і вам, беларусікі! Прыяжджайце! Ну і Лукашэнка ваш, канешне, маладзец! Мы яго ўсе любім. У вас паўсюль парадак,» — разважае спадар, паказваючы дарогу да невельскай адміністрацыі і цэнтру гарадка.

Невельская адміністрацыя
Невельская адміністрацыя
Помнік Леніну
Помнік Леніну

Адміністрацыя тут суседнічае з будынкам, дзе даўно і надзейна забітыя вокны. Калі зірнуць лявей, то ўбачыш помнік Леніну. За ягонай сьпінай — крама «Кооператор» зь вясёлкавай сымболікай. А сам правадыр сусьветнага пралетарыяту выглядае драбнаватым падлеткам, ускочыўшым на неадпаведна вялікі пастамэнт. Ягоны позірк накіраваны ці то на кінатэатар «Ракета», дзе фільмы апошні раз паказвалі ў мінулым стагодзьдзі, ці то на абшарпаны бюст Пушкіна, прыткнуты ў сквэрыку за аўтобусным прыпынкам.

Закінуты кінатэатар
Закінуты кінатэатар
У памяць пра Пушкіна
У памяць пра Пушкіна

Пушкіна шкада: у свой час ён стаўся ахвярай царызму і быў сасланы ў пскоўскую глыбінку, а цяпер ягоныя нашчадкі шкадуюць для клясыка якаснага цэмэнту ды блакітнай фарбы. І пра паэзію, дзе «Пушкін — наша ўсё», ня згадваюць, — хваляць Лукашэнку і «падпольную» каўбасу, якую прывозяць у Расею беспрацоўныя беларусы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG