«Белая Русь» набывае аўтарытэт, які ўжо выходзіць па-за рамкі грамадзкай арганізацыі, і гатовая да трансфармацыі ў партыю». Пра гэта на паседжаньні праўладнага аб’яднаньня сёньня заявіў яго старшыня Аляксандар Радзькоў.
Паводле слоў Радзькова, наступным магчымым шляхам разьвіцьця магло б стаць пераўтварэньне ў палітычную партыю:
«У арганізацыйным пляне „Белая Русь“, безумоўна, гатовая да падобнай трансфармацыі. Аднак пытаньне мэтазгоднасьці такога пераўтварэньня неабходна разглядаць ня толькі з пункту гледжаньня сталасьці нашай арганізацыі, але і лёгікі разьвіцьця палітычнай сыстэмы Беларусі ў цэлым».
Крытэрам посьпеху «Белай Русі» Радзькоў назваў прэзыдэнцкія выбары — як тэст на «палітычную сталасьць»: «Сыстэма працы грамадзкіх прыёмных пацьвердзіла на нядаўніх выбарах сваю ўнікальнасьць і аўтарытэт».
Ён лічыць, што да фармаваньня партыйнай сыстэмы трэба падыходзіць комплексна, улічваючы ўсе аспэкты палітычнага жыцьця грамадзтва:
«Трансфармацыя грамадзкага аб’яднаньня ў палітычную партыю зьяўляецца складаным працэсам», — адзначыў кіраўнік «Белай Русі», заявіўшы, што ў любым выпадку арганізацыя будзе ўдзельнічаць у сёлетняй кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.