Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьнег у залі». Цывілізацыйнае непаразуменьне


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Адсутнасьць ветлівага выразу ў смс ад Менгарвыканкаму сталася нагодай для «сьнегу на галаву» чыноўнікаў.

Я так і бачу разгубленасьць работніцы выканаўчага камітэту – «а што ня так?» Яны на працы так размаўляюць міжсобку. Без «спасіба» і «пажалуста». «Прысажываемся», «абілечываемся», «брачуюшчыеся». Малады «спэцыяліст» прыходзіць у сыстэму, і ўжо праз пару месяцаў не ўяўляе, як можна жыць інакш. Чым так, што папросту завецца хамствам.

Гэта касірка, якая кажа табе «сто рублёў», замест «ці ня знойдзецца ў вас сто рублёў?»: яна стомленая і ня хоча губляць час на ветлівасьць. Гэта міліцыянт, які зьвяртаецца: «Уважаемы, стаяначка». Яны на працы. Яны служаць начальству, а не табе.

Неяк пажартаваў, калі пачуў пра «сто рублёў», што Менгарвыканкам ад першага чысла абавязаў касірак ужываць словы «калі ласка» і «дзякуй». Адказ быў: «Ой, ня веру. Хто ж тагда работаць будзе? Усе ўволяцца». Касірка здагадалася, што гэта жарт. Для яе падобная сытуацыя выглядала абсурдам – ветліва размаўляць.

Знаёмы бізнэсовец выкупіў у дзяржавы фірму сэрвісу. Зрабіў там рэформы ў маркетынгавым кірунку. Адзінае, чаго ня змог дамагчыся – пераканаць супрацоўніц усьміхацца кліентам. «Чаго я як дура буду ім усьміхацца?» – казалі работніцы. Менавіта так – «як дура».

Панурасьць і паныласьць беларусаў адзначаюць турысты. Ветлівасьць у краіне – спэцыяльны тавар. Магчыма, ветлівасьць асацыюецца з асаблівым характарам камунікацыі?

Тады чым абурыліся менчукі, якія бяз «здрасьце» і «дасьвіданія» атрымалі смс пра прыборку сьнегу? Аналізуючы водгукі, я прыйшоў да высновы, што першая думка была такая: «А хто вы такія, каб мне ўказваць?»

Гэта непаразуменьне між «гасударавымі людзьмі» і свабоднымі грамадзянамі. У «гасударавых» важная функцыянальнасьць – эфэктыўнасьць у ацэнцы начальства. У свабодных – павага да асобы. І ўсьведамленьне, што «гасударавы» жывуць не за абстрактныя «дзяржаўныя» грошы, а за выдаткі падаткаплатнікаў.

Эмацыйны бунт з нагоды смс ад Менгарвыканкаму – гэта бунт супраць усёй сыстэмы, якая жыве і сілкуецца ад 1994 году «гасударавымі». Гэта прысуд іхнаму сьветагляду.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG