Пакуль будоўля комплексу на мысе Ая прыпыненая. На яго месцы меркавалася адкрыць пансіянат, але цяпер аб’ект перададзены кіраўніцтву спраў Пуціна.
Недабудаваны палац экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў Крыме будзе перададзены кіраўніцтву спраў прэзыдэнта Расеі, перадае flashcrimea.com са спасылкай на крыніцу ва ўладах анэксаванага Расеяй Севастопаля. Цяпер будоўля прыпыненая.
«Першапачаткова плянавалася, што палац дастанецца Севастопалю. Думалі дабудаваць, адкрыць санаторый ці пансіянат. Але цяпер прынятае рашэньне, што аб’ект будзе перададзены кіраўніцтву спраў прэзыдэнта», — распавялі агенцтву прызначаныя Расеяй гарадзкія ўлады.
Базу адпачынку «Мыс Ая» і 3,5 гектара зямлі, якія адносіліся да яе, паводле ўкраінскіх СМІ, набылі ў дзяржавы ў 2007 годзе структуры, блізкія да Аляксандра Януковіча, старэйшага сына прэзыдэнта Ўкраіны. На той момант цана склала 1,2 млн даляраў. Адміністрацыя прэзыдэнта Ўкраіны ў 2013 годзе адмаўляла сувязь Януковіча і ягонай сям’і з будаўніцтвам.
Пасьля ўцёкаў Януковіча ў Расею ўкраінцы атрымалі доступ у ягоную галоўную рэзыдэнцыю ў Межыгор’і. Цяпер прапануюць зладзіць у тамтэйшым палацы рэабілітацыйны цэнтар для байцоў АТА альбо зрабіць Межыгор’е нацыянальным паркам — помнікам карупцыі.