У Беларусі за апошнія два дзесяцігодзьдзі ліквідаваныя сотні вясковых школ. Мясцовыя ўлады абгрунтоўваюць гэта малакамплектнасьцю клясаў і высокімі выдаткамі на іх утрыманьне. Пры гэтым чыноўнікі абяцаюць, што ўсе сацыяльныя паслугі для вясковых жыхароў, у якіх ёсьць дзеці, застануцца даступнымі. Але якія рэальныя зьмены адбываюцца з тымі вёскамі, у якіх зьнікаюць школы? Вёска Паўлавічы, якая ў Клімавіцкім раёне Магілёўшчыны, адна з такіх. Тутэйшую школу зачынілі пяць гадоў таму.
Паўлавічы — даволі вялікае паселішча. Акрамя прыватных сядзібаў у ім нямала панэльных двухпавярховікаў з дыхтоўнымі катэджамі. Жыве ў вёсцы больш за дзьвесьце чалавек. На ўскрайку — комплекс кароўнікаў. Адна з фэрмаў узьведзена нядаўна.
Ад будынкаў школы ды садка мала што засталося. Пра іх месца знаходжаньня падказвае зьдзічэлы сад, рэшткі драўлянага зрубу ды пограб з наваленым у яго сьмецьцем. Побач школьная гаспадарчая будыніна. Школу зачынілі пяць гадоў таму. Неўзабаве і сам будынак зьнесьлі.
Вуліцы Паўлавічаў у зімовую слоту бязьлюдныя. Дзяцей не відаць. «У вёсцы стала сумна бяз школы», зазначае адна зь вясковак.
«Дзяцей жа няма. Маладыя сем’і пераехалі ў горад. Старыя адны засталіся. Сядзім цяпер тут, апавядае пра жыцьцё кабета. — Маладыя ў вёсцы не застаюцца. Тут і садок быў, і школа была. Працы людзям хапала. Кантора калгасная была. А цяпер на тую фэрму колькі працаўнікоў трэба? Цяпер школы няма, дык куды дзяцей вучыцца аддаваць? Вось моладзь і ўцякае зь вёскі. Як усюды. Дык гэта добра, што мы яшчэ пошту адстаялі».
Суразмоўніца ўсе свае гады пражыла ў Паўлавічах. Тут, кажа, і вучылася. «Як школу руйнавалі, дык душа балела. А вёска гэтак і памрэ», — робіць выснову жанчына.
Па словах былой дырэктаркі зачыненай школы, жыцьцё вёскі зьмянілася. Кажа, што яно зьдзічэла, хоць тутэйшыя і трымаюцца свае вёскі. Дачаў пакуль не набудавалі.
«Заціхла нашая вёска. Многія зь яе выехалі ў горад. Асабліва тыя сем’і, у якіх было па трое і больш дзяцей, бо дзецям патрэбная школа. У вёсцы яшчэ ёсьць дзеці, але яны дабіраюцца ў трэцюю школу Клімавіч. Іх туды аўтобусам возяць», — апавядае былая настаўніца.
Вяскоўцы, паводле суразмоўніцы, адкрыта не выступалі супраць закрыцьця школы, хоць між сабою і выказвалі незадаволенасьць. «Усе былі супраць, але як такога пратэсту не было. Ля школы была прыбудова новая. Але яе разабралі, згарнулі ў яміну і ўсё», — з прыкрасьцю згадвае жанчына.
Наступная суразмоўніца, маладая жанчына, мае двух дзяцей. Адзін школьнік, а другі неўзабаве ім стане. Жанчына не хавае: хоць дзяцей і возяць аўтобусам у клімавіцкую школу, гэта для бацькоў надта нязручна.
«Майму меншаму праз два гады ў школу. Яго мне няма з кім адпраўляць. Давядзецца самой езьдзіць, а ў мяне ж праца. Зьяжджаюць дзеці на цэлы дзень ад самага ранку. Думаецца рознае, пакуль у школе. Пасьля закрыцьця школы шмат маладых сем’яў пазьяжджала», — апавядае вяскоўка.
«Дзіцячага садку тут няма, — дадае яна. — Спрабавалі яго адкрыць, але перадумалі. Зразумела: людзі звыкліся ўжо, але хацелася б, каб тут былі хаця б пачатковыя клясы. Мы б пераехалі ў Клімавічы, але кватэру здымаць дорага. І тут працы няма, і там дзе знайсьці яе?» — рэзюмуе маладая маці.
У вёсцы некаторыя панэльныя двухпавярховыя дамы напаўпустыя. Адзін з цагляных разбураны. Для яго выкапаны катлаван, але рэшткі дома туды не згарнулі.
Цэнтральная вуліца вёскі заасфальтаваная. Адразу на выезьдзе асфальт заканчваецца.
Наступны суразмоўца, Аляксандар, зазначае: далей цывілізацыі няма. Хлопец заўважае, што вяскоўцы дамагліся добрай дарогі, напісаўшы калектыўны зварот у райвыканкам. Дамагліся ўсталяваньня і павільёну на прыпынку.
«Каб зьмянілі дарожнае пакрыцьцё дамагаліся вельмі доўга. Не хацелі гэтага рабіць. Казалі: „Няма грошай“. Праз год, праўда, адшукалі і зрабілі, — апавядае хлопец. — Дамагліся, каб асьвятленьне зрабілі. Дамагліся захаваньня пошты. Яе зьбіраліся зусім зачыніць. А людзям жа выплачваюць пэнсіі, газэты яны выпісваюць, крэдыты выплачваюць разам зь некаторымі плацяжамі».
Пасьля закрыцьця школы, кажа суразмоўца, амаль уся моладзь зьехала бліжэй да цывілізацыі — у райцэнтар: «А тут жа нават інтэрнэт падключыць ня можам. Кажуць, падстанцыя старая», даводзіць Аляксандар.
«Раней у вёсцы была базавая школа і пачатковая, згадвае ён. — У школе было тры будынкі. У кожным па тры клясы. Будынак, дзе месьцілася пачатковая школа, быў яшчэ прыдатны для школы. І можна было яе пакінуць, але райвыканкам прыняў рашэньне — зачыніць. А пагатоў у Клімавічах адчынілі новую школу і яе трэба было напоўніць вучнямі».
Аляксандар да шостай клясы вучыўся ў беларускамоўнай вясковай школе. У Клімавічах жа школа была з расейскай мовай. Паводле суразмоўцы, працэс адаптацыі ня быў асабліва складаным, хоць, прызнаецца ён, у першыя месяцы навучаньня было ня звыкла вучыцца па расейскамоўных падручніках.
Пасярод Паўлавічаў у адным будынку цяпер месьцяцца бібліятэка, пошта і фэльчарска-акушэрскі пункт. Крыху далей — вясковы клюб. Для дзетак там арганізаваныя гурткі. Каб не яны, установа б пуставала, зазначае Аляксандар.
Да Клімавічаў недалёка — сем кілямэтраў. Паўлавічы схаваныя за невялікім ляском. На ўезьдзе — крыж зь беларускім ручніком. У вёсцы кажуць, што раней, як не было гэтага знаку, білася тут нямала машын. Грошы на крыж зьбіралі талакою.
Талакою сабралі грошы на яшчэ адзін знак — камень у гонар самой вёскі. Упершыню яна згадваецца пры канцы шаснаццатага стагодзьдзя.