12 сьнежня ў менскім клюбе «Пляцоўка-хол» адбылася цырымонія ўзнагароджаньня штогадовай прэміяй «Героі году», якая ладзіцца музычным парталам Tuzin.fm і вызначае пераможцаў у дзьвюх галоўных намінацыях — «Адкрыцьцё году» і «Героі году». Згодна з традыцыяй, на перамогу ў кожнай зь іх прэтэндуюць па сем гуртоў і выканаўцаў.
Як тлумачыцца на сайце Tuzin.fm, прэтэндэнты на ўзнагароду вызначаюцца паводле шэрагу крытэраў. Пры гэтым у лік намінантаў «Адкрыцьця году» могуць трапіць тыя выканаўцы, якія цягам году ўпершыню ўсур’ёз заявілі пра ўласныя творчыя амбіцыі, але намінавацца яны могуць толькі аднойчы.
А вось сытуацыя ў намінацыі «Гурт году» крыху іншая. Перамагчы ў ёй магчыма дзякуючы суме дасягненьняў. А гэта творчая і мэдыйная актыўнасьць, канцэртная дзейнасьць, высокія пазыцыі ў чартах. Адначасова на перамогу ў гэтай намінацыі можна прэтэндаваць неабмежаваную колькасьць разоў.
Дапаўняе сьпіс узнагарод згодна з трыма чартамі парталу Tuzin. fm намінацыі «Песьня году», «Кліп году» і «Альбом году». Пераможцаў у гэтых намінацыях назваў вядучы цырымоніі, якім сёлета зрабіўся аўтар і вядучы тэлепраграмы «Відзьма-нявідзьма» Сяргей Філімонаў. Ён і абвясьціў першых ляўрэатаў: «Кліпам году» наведнікі сайту назвалі «Чаго ты, лося» гурту «Re1іkt» (рэжысэр — барабаншчык калектыву Алесь Дземідзенка), «Песьняй году» — твор «Будзь злой» новага праекту Янкі Маўзэра «Мама», «Альбомам году» — праграму «Рэальнасьць і сны» гурту «Akute».
У першай з галоўных намінацый першынствавала Pauline (Паліна Цімохіна), якія ўласную перамогу пракамэнтавала так:
«Цяпер я ўпэўненая, што крочу ў слушным кірунку. У мяне было шмат экспэрымэнтаў, але такой упэўненасьці, як цяпер, не было ніколі. Мы працуем з музыкамі вельмі актыўна і спадзяемся, што вызначэньне „Адкрыцьцё году“ — гэта той штуршок, які надасьць нам хуткага руху наперад. І заўсёды буду згадваць „Тузін“, бо Сяргей Будкін — той чалавек, які заўсёды падтрымлівае маладых музыкаў».
На перамогу ў намінацыі «Героі году» прэтэндавалі і такія калектывы, якія раней ужо перамагалі ў ёй. Абвясьціць пераможцу Сяргей Філімонаў запрасіў вакаліста Алеся Дзянісава з гурта «Dzieciuki», які быў прызнаны «Героямі году» па выніках 2014 году. Героямі году 2015-га Алесь назваў удзельнікаў «Крамбамбулі». Ад імя калектыву ганаровы дыплём атрымаў саксафаніст Павал Аракелян.
Ацэньваючы вынікі цырымоніі, галоўны рэдактар парталу Tuzin. fm Сяргей Будкін падкрэсьліў:
«Я б не сказаў, што сёньня было замала публікі. Проста было роўна столькі людзей, колькі былі гатовыя аддаць грошы за квіток на канцэрт беларускай музыкі. На жаль, людзі ня надта прывучаныя за такія канцэрты плаціць. Вось калі б мы абвясьцілі вольны ўваход, тут было б поўна. Да таго ж, у апошнія дні было шмат іншых канцэртаў нашых выканаўцаў. Што да сёлетняй прэміі, дык хачу падкрэсьліць: завяршыўся пэўны цыкл. У 2004 годзе, калі прэмія яшчэ не называлася «Героі году», пераможцам быў гурт «Крамбамбуля» з песьняй «Люблю». Мінуў тузін гадоў, і «Крамбамбуля» зноў у пераможцах дзякуючы альбому «Чырвоны штраль».
Вызначэньне пераможцаў у намінацыі «Гурт году» пачалося ў 2004 годзе, калі лепшым прызнаваўся той, чыя песьня перамагала ў галасаваньні наведнікаў парталу. Першымі пераможцамі менавіта ў намінацыі «Героі году» зрабіўся гурт «Akute» (2012), пазней — гурты «Re1іkt» (2013) і «Dzieciuki» (2014).
Сёлета цырымонію суправаджала вялікая канцэртная праграма, у якой удзельнічалі «Zolki band», «Teleport», «Navi», «Re1ikt», а таксама Angst i Pauline.