Бы мурашка‚ не па росту падымаю цяжар‚
Згібаюся‚ нясу‚ глытаю пот гарачы;
Зьняможаны‚ паглядаю ў неба‚ можа‚ скажа:
«Апошняя ступень‚ адпачні‚ бядача!...»
У небе маўкліня. Цяжка. Паўзі‚ чалавек-мурашка!
Калі чалавеку спаўняецца сто год, яму не асабліва да візыцёраў зь віншаваньнямі, хай бы тыя й жылі ў адной зь ім краіне. Таму большасьць знаёмцаў і чытачоў Міхася Кавыля будуць яго згадваць паасобку — кожны ў сваім гарадку ці мястэчку. Хтосьці ў Беларусі мо’ й наагул зьдзівіцца, што паэта жывы; як той сам калісьці напісаў:
Я ішоў па краі прадоньня
Я ступаў на збутлелыя скалы;
Здані з радасьці білі ў далоні‚
Злыдзень зубы нячыстыя скаліў.
Не баяўся я сьмерці‚ а неяк
Затрымаўся ля самай магілы...
Нехта згадае яго як апошняга жывога сябру (вы толькі ўявіце!) «Маладняка», а хтосьці — як аўтара шалёна папулярнай у часе вайны песьні «Арляняты маладыя, маладыя сьмелыя// Падымайце ў сонца сьцягі бел-чырвона-белыя!». (Кавыль наагул, здаецца, самы песенны эміграцыйны паэт. У 1972 годзе пісаў да Вітаўта Тумаша: «Шчыра дзякую за два сшыткі песьняў Сп. Зубковіч! На музычных загагульках я мала разумеюся, а таму не магу судзіць аб якасьці песьняў. З маіх песьняў меў нагоду пачуць толькі адну: „Я душу нявыгойна параніў“ у выкананьні дуэту. Мэлёдыя мне спадабалася. А рэшту песьняў ня чуў, але веру кампазытару Карповічу, што яны сапраўды вартыя таго, каб мы іх часьцей чулі на нашых гэтак рэдкіх вечарынах».)
Прыхаджане царквы Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры згадаюць, як ён, каталік, надта-ж хораша сьпяваў у хоры, а за нейкіх там дваццаць крокаў ад яе, у грамадзкай залі, прыгадаюць яго не як жыхара вежы з слановай косткі, а суседа, што ахвотна й радасна адгукаўся рыфмаю на ўсе падзеі ў грамадзе.
Я от згадваю яго ня толькі як аўтара «турэмных» успамінаў «Казённы дом і казённая дарога» («Запісы БІНІМ», № 20, 1992), але і як, мабыць, самага вясёлага нашага паэта-эмігранта, заўсёды гатовага да экспромту, эпіграмы, што, разам з тым, і да сябе ставіўся з іроніяй («Сягоньня, 4-га травеня 1956 г., атрымаў з Інстытуту запросіны на вечар, прысьвечаны разгляду кагадзе выданых У. Пелясою вершаў паэтаў М. Сяднёва, Я. Юхнаўца і маіх. На вялікі жаль, я прысутнічаць не магу, бо буду працаваць. Спадзяюся, што мая адсутнасьць не пашкодзіць аб’ектыўнаму падыходу да мае творчасьці»).
А вось Вітаўт Кіпель, напэўна, перачытае Кавылёвы радкі
Мне падушкай — сталёвая каска.
Збоку туліцца «жонка» із Тулы...
У вакопе студзёна і гразка...
Добра тым, што навекі паснулі...
і прыгадае свайго даўняга сябру і ягоныя «Мёртвым не баліць»...
Міхась Кавыль ваяваў на розных франтах з Васілём Быкавым, але не па розныя бакі. От што паэт пісаў (ня ўпэўнены, ці гэта калісьці друкавалася) пра ўласныя «даносы» падчас акупацыі:
«У часе вайны мой „сябра“ Валянтын Казлоў (пасьля вайны ён „перахрысьціўся“ на Багдановіча, кажуць, „возвратился на Родину“) не таіўся, што зьяўляецца агэнтам СД. Я западозрыў, што Казлоў нешта „нюхае“ ў сям’і Шчарбіцкіх, і „данёс“ ім, каб із Менску выехалі, што яны й зрабілі.
На маю гаспадыню Аню Бабкевіч сьмярдзюха Калядка данёс у СД, што яна дапамагала партызанам узарваць будынак „Беларускіх прафсаюзаў“, дзе яна працавала „ўборшчыцай“. У часе выбуху быў забіты шэф гэтых „прафсаюзаў“. Ані пагражала сьмерць. Я падпісаў „данос“ у СД аб тым, што я доўгі час жыву ў яе на кватэры і магу паручыцца, што Аня Бабкевіч не вінавата. Мяне падтрымаў С. Шаўцоў. Аню ўратавалі.
У тым будынку, які ўзарвалі партызаны, працаваў як беларускі прапагандыст жыд Аляксандр Лабовіч, якога, як я пазьней даведаўся, усынавіла беларуская сям’я Лабовічаў. „Саша“, як мы яго называлі, часта прыходзіў да мяне іграць у „шварц бёзэ“ (чорная ведзьма). Гуляў з намі і Валянтын Казлоў. Неяк ён мне і кажа: „Я думаю, Саша еврей“. Я „данёс“ аб гэтым Сашу. Ён і яго нарачоная, здаецца, Кесьлер, уцяклі із Менску.
Аднойчы ішоў па шпалах каля таварнай станцыі ў Менску. Бачу — вязьні папраўляюць жалезную дарогу. Пабачыў мяне і Мікалай, хутка прыблізіўся да мяне. Пакуль немец заўважыў, я пасьпеў перадаць Мікалаю чацьвяртушку самагонкі, якую толькі што купіў у знаёмай бабкі, і сказаць: Сёньня ноччу мусіш уцячы, бо праз пару дзён немцы будуць уцякаць із Менску і вас усіх могуць пастраляць. Мой „данос“ уратаваў Малочку. Зараз жыве ў Саўт Рыверы».
Прашу ня шмат — кунегі, ласкі,
Спагадных слоў і цяплыні.
Жыцьцё, я ведаю, ня казка,
І людзі — згорбленыя пні.
Карнею Іванавічу прыпісваюць словы, што ў Расеі трэба жыць доўга. Беларусь не Расея. Таму тут яно не працуе. Апошні том выбранага Міхася Кавыля выйшаў у Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва чвэрць стагодзьдзя таму. Да стогадовага юбілею — ні чароднага зборніка, ні, упершыню, асобнага выданьня раману «З вагню ды ў полымя». Сам паэт, страціўшы зрок і слых, абыякавы да ідэі новага выданьня. Яго можна зразумець.
Нас — не.
Варожыць ноч‚ смуглявая цыганка‚
На трэфах зор сівых вякоў спакон.
Ня сьпіцца мне. Блакітная фіранка
Казыча скроні. Звонкамі вакон
Глядзяць дамы трывожна‚ таямніча‚
Палошча вецер ночы чорны шаль;
Мільгае ў небе срэбра і крышталь‚
Мільгнеш і ты ў вечнасьць зоркай — зьнічам.
Лявон Юрэвіч