Таня Скарынкіна
Трэба наведаць Розу Леапольдаўну. Сёньня альбо ніколі.
Хутка ёй 90. Невядома колькі пражыве, а гісторыю пра ільвіцу, якая загрызла каханка Розы Леапольдаўны, хто тады раскажа? Па праўдзе, настаўніцу не скажу якой школы, вядомую на ўвесь горад звадлівай натурай, манерай дорага апранацца пры невялікім дастатку, ды частай зьменай кавалераў, а таксама шчырымі расповедамі налева і направа пра свае незьлічоныя раманы, звалі інакш, але адзін з маіх дзядзечкаў называў фанабэрыстую прыгажуню з курносым і ўсё ж кінэматаграфічным носам менавіта Роза Леапольдаўна. Яна яго аднойчы моцна ўразіла:
— Бачыў Розу Леапольдаўну. Выкрочвае — усе на яе, яна ні на кога. Бровы начыпурыла!
*
А і сапраўды, мне суседка Розы неяк расказвала, што ўсіх жанчын у доме, дзе жыла, Роза навучыла бровам форму выразную а-ля Марлен Дзітрых надаваць з дапамогай піва. Трэба бровы ў патрэбным напрамку прыгладзіць указальным пальцам, замочаным у піва, і калі высахне, позірк галівудзкай зоркі вам забясьпечаны — будзьце ўпэўнены. У іхным доме ўсе жанчыны так рабілі. Калі няма піва пад рукой, можна амаль таго ж эфэкту дасягнуць вільготным гаспадарчым мылам.
*
І вось я выйшла з адным толькі намерам — наведаць Розу; купіла заварное. А нумар кватэры ня памятаю. Даўно не была. Тут насустрач калега Розы і яе сяброўка. Я нават не зьдзівілася, бо вялікія тэмы заўсёды суправаджаюцца дапаможнымі эльфамі супадзеньняў. Пытаюся пра нумар кватэры.
— Ніколі ня памятаю. Ты ж дом ведаеш?
— Так.
— Другі пад’езд. Другі паверх, другая кватэра зьлева.
Падыходжу да пад’езду. Адчынены. Дагэтуль, што характэрна, заўсёды быў зачынены. Гэта знак, няйначай. Уваходжу. Засталося толькі знайсьці кватэру. Доўга званю. Нарэшце Роза адчыняе. Бледная, скудлачаная:
— Можа іншым разам прыйдзеш? Дрэнна адчуваю сябе...
Стаю разгубленая. Цяпер што, і знакам ня верыць? У непрыхаваным смутку дастаю заварное, Роза мякчэе сэрцам.
— Ну добра, праходзь. Можа з табой адцягнуся, забудуся пра хваробу.
*
Я не пытаюся, што за хвароба. У 90 год жыцьцё само па сабе спрэс хвароба. Сядаем. Не прызнаюся, што мне патрэбная гісторыя з ільвіцай. Я з агідай нагадваю сабе галоўнага героя рамана абэрыута Канстанціна Вагінава «Працы і дні Сьвістонава», які знаёміўся зь цікавымі асобамі выключна для таго, каб улезьці ў іх прыватнае жыцьцё і цалкам перанесьці ў свой раман. Ды яшчэ тонка пазьдзекавацца са слабасьцяў перанесенага пэрсанажа. Таму я прапаную Розе, што схаджу, калі трэба, у краму, у аптэку, яшчэ куды. Яна адмаўляецца, аднак заварное прымае. Грошы хоча вярнуць за яго. — Ні за што, — кажу і вокамгненна прапаную разам паглядзець Розавы сямейны фотаальбом. У ім, нечакана для мяне, няшмат здымкаў. Але ў гэтай невялікай колькасьці маюцца рэдкія па дасканаласьці старыя кадры. І на ўсіх Роза — нібы актрыса нямога кіно. Узьнёслая, непрыступная і д’ябальскі прыгожая. Губы банцікам, белая каса вакол галавы нібы карона.
*
— Чаму вы не пайшлі ў акторкі?! — не магу стрымаць эмоцыі. — У вас такая зьнешнасьць, цікавейшая за Любоў Арлову!
Ледзь не кажу «была», у сэнсе, «зьнешнасьць была», хоць гэта і праўда. Можна толькі здагадвацца пра былую прыгажосьць, дый то больш па пагардлівай манеры паводзінаў, уласьцівай прыгажуням, якіх не ацанілі па вартасьці. Роза зь «Любоўю Арловай» не пагаджаецца:
— Я і ў тэатральную студыю пры драмтэатры не пайшла, таму што лічыла сябе непрыгожай. Нягледзячы на тое, што паступала і паступіла. Па ўсіх дысцыплінах пяцёркі мела. Я на ўступах чытала маналёг Ганны Карэнінай, вядомая справа. Сьмешна! З маімі пухлымі губамі і заўсёды румянымі шчокамі граць трагічныя ролі хацела.
— А што благога ў румяных шчоках? Ганна ж была здаровая маладая жанчына?
Роза толькі адмахваецца:
— Упарта вырашыла, што я непрыгожая, і сорамна было прызнацца ў гэтым. Проста не пайшла на заняткі, і ўсё. А паступіла ў музычнае вучылішча.
*
— Не сутулься! — раптам робіць мне заўвагу Роза. Голас крыху сярдзіты, бо чарговы раз я ня стала запэўніваць яе, што яна прыгожая. Так мне падаецца. Моўчкі паслухмяна выпрамляюся. Гартаю альбом, задаю пытаньні, а сама думаю, як бы тактоўней уставіць пра цырк. Думала, можа на здымак траплю цыркавы. Ды няма ў альбоме ніводнага з таго часу. Мала здымкаў наогул.
— Здымкаў мала, — дзіўлюся.
— Ведаеш што, у мяне быў паклоньнік, няма ўжо яго, такі раўнівы. Я любіла яго, і ён мяне. Ён зь Менску быў габрэй. І ён усіх маіх, так бы мовіць...
— Кавалераў?
— Кавалераў, так. Спаліў.
— Як спаліў? Жыўцом?
— Не-е... Картачкі з альбомаў павырываў і спаліў.
— Шкада.
*
Кажу ня ў тэму, не падымаючы вачэй на гаспадыню, зь некаторым нават страхам, бо можа і ня памятае ўжо нічога з таго даўнейшага жыцьця:
— Калісьці вы расказвалі, што гралі ў цыркавым аркестры..
На маю радасьць яна жыва адгукаецца:
— Гэта маскоўскі цырк быў. Яны прыйшлі ў вучылішча, шукалі другога скрыпача. У іх адзін меўся, а трэба было два. Ну і нешта я падвярнулася, а потым ужо так і пайшло.
— Значыцца, калі цырк прыяжджаў на гастролі, дык вас кожны раз запрашалі?
— Так. І вось прыехаў цырк да нас чарговы. А дрэсіроўшчык прывёз ільвіцу, 5-месячную Эву. Яна настолькі была ручная. Мае дзеці на ёй вярхом езьдзілі.
— А ільвіца вялікая ў гэтым узросьце?
— Як сапраўдная дарослая. Але паводзіла сябе, нібы дзіцё. І вось ён прыдумаў нумар, што мы з Эвай гайдаемся на арэлях. Я на арэлях у белай сукенцы пад купалам цырку...
— Страшна не было?
— Ад чаго?
— Ну, пад купалам. Без практыкі. Вышыня ж...
— Ды якая вышыня?! Самае большае — мэтар ад сцэны.
І глядзіць на мяне, як на пацярпелую. Ледзь трымаюся, каб не зарагатаць. Ну добра, калі мэтар, сапраўды ня страшна.
*
Роза Леапольдаўна, яшчэ косячыся за дурное пытаньне пра купал, працягвае:
— Аркестар граў нейкі вальсок. А яна, чуючы, што ў маёй кішэні мяса, спэцыяльна падкладзенае, пачынала да мяне падбірацца. І вось, калі арэлі ляцелі ўніз, ёй гэта вельмі не падабалася. Яна рыкала. Я не зьбіралася працаваць у аркестры на гэты раз, не зьбіралася нават ісьці на паказ, ды мне прыяцелька кажа: «Ідзем! Там дзікія зьвяры, дрэсіроўшчык-красунчык». А я кажу: «Ай, адчапіся, не хачу, стамілася я». І сьпякота яшчэ. Гэта летам было. А яна не адстае: «Давай пойдзем, маю квіткі на першы рад». Я кажу: «У мяне і прычоскі няма». А яна: «Надзень свой белы капялюш, ён табе вельмі пасуе». Такі зь вялікімі палямі быў у мяне капялюш. Сядаем. Як звычайна марш: тата-тата-татата-татаратата. З фільму «Цырк». Памятаеш? І выходзіць дрэсіроўшчык. Як убачыла яго, адразу закахалася.
*
— Ува што ён быў апрануты? — пытаюся.
— Плашч, боты... Як звычайна адзяваюцца ўтаймавальнікі.
— З хлыстом, зь пісталетам?
— Ня хлыст у яго быў, а рагаціна. І два пісталеты. Ён проста цудоўна працаваў, і я закахалася. Наступнай раніцай са скрыпкай, у 7 гадзін, прыбегла ў цырк.
— Прапанаваць свае паслугі?
— Канешне! І хутка ён выдумаў для мяне гэты нумар з арэлямі.
— Вы не баяліся у клетцы з драпежніцай знаходзіцца?
— Дык ён жа нас пазнаёміў спачатку. Яна, гэтая Эва, ведаеш, котка была, звычайная котка. Ласкавая, пяшчотная. Мы выяжджалі за горад. Я зь дзецьмі. А ён быў адзінокі. Ягоная жонка была асыстэнткай яму, як гэта звычайна ў цырку. І быў нумар, белая мядзьведзіца зяпу расчыніла, жонку сунула туды галаву, а ў мядзьведзіцы ў гэты час зрабіўся спазм жавальны. І яна раструшчыла жонцы галаву.
*
— Ведаеш, лепшых людзей, чым артысты цырку... вось запішы гэта абавязкова, што лепшых на зямлі няма людзей, — у Розы наварочваюцца сьлёзы. Але хутка яна супакойваецца. Акторка авалодвае эмоцыямі.
— Гэта адня сям’я. Калі грошай няма — дадуць. І калі кажуць: ой, п’яніцы яны ўсе — ня вер. Артысты цырку ня п’юць. І я скажу чаму. Вось я, калі раніцай у той дзень да іх прыбегла, а клетку зь вечару не разьбіралі, каб утаймавальнік змог рэпэтыраваць, я ўселася ў трэцім або чацьвертым радзе. Я ж закахалася, дык на яго толькі хацела глядзець. Раптам ён кажа: «Дзевушка, вы мне мяшаеце работаць». Нічога сабе, я ж ціхенька сяджу. «Я вам патом аб’ясьню. Вы не абіжайцесь». І ты разумееш, я — за інструмэнт свой і выйшла. Справа была ў тым, што я напарфумавалася, і гэта перашкаджала ільвам сканцэнтравацца. Моцная парфумэрыя адцягвала. А ведаеш, я нават аднойчы ў клетку заходзіла да драпежнікаў. Прашу яго аднойчы: «Завядзіце мяне ў сярэдзіну, калі ласка». Ён кажа: «Харашо, но дзяржацца толька возьле меня очэнь блізка і сматрэць, еслі леў рыкае — эта не страшна, но еслі он на цебя внімацельно смотріт — эта страшна».
— І што — глядзелі ільвы?
— Не, толькі рыкалі... Дык вось, атрымала неяк тэлеграму ад няні, што захварэў мой старэйшы сын. А малодшы быў тут са мной у цырку. Ну, я адпрасілася і паляцела. Але нічога страшнага там з сынам не было.
— Чакайце, а цырк быў дзе на той момант?
— У Есентуках. Я з цыркам аб’езьдзіла увесь Крым, усю Малдавію, увесь Каўказ.
— І колькі часу вы патрацілі на гастролі з цыркам?
— Можа гады два, калі ня болей. Я адарвацца ад гэтага не магла. Там такая людзі! Там наогул сьвет зусім іншы.
— І ніводнага здымка не засталося?
— Усё зьнішчыў адзін раўнівы кавалер мой. Там яшчэ недзе альбом ёсьць, але падаецца, што і ў ім няма. І вось уяўляеш, у Есентуках дрэсіроўшчык вывеў Эву на арэну.
— Тады, калі вы паляцелі да сына?
— Вось калі я паляцела. Ён пачаў зь ёй працаваць. Гэтыя астатнія ільвы сядзелі на тумбах спакойна. Ну як спакойна? Менавіта як драпежнікі паводзяць сябе спакойна. Ён зь іх вачэй ня зводзіў. І вось падчас гэтага самага першага з Эвай паказу яна на яго кінулася.
*
Цікава, што паведамляючы пра гэты жудасны эпізод, Роза не заплакала, як можна было чакаць. Можа падзея знаходзілася за мяжой сьлёз? Я хоць і чула калісьці пра дзікае здарэньне, усё роўна шчыра дзіўлюся:
— Ні з таго, ні зь сяго?
— Ні з таго, ні зь сяго. Мёртвай хваткай схапіла за глотку. І ён выстраліў з абодвух сваіх пісталетаў у яе. А яна не адпусьціла яго. Яна памерла і ён памёр..
*
Я шкадую, што я — адзіная слухачка і глядачка гэтага маналёгу. Я, можа, таму і пішу, і пішу падрабязна, бо ня маю права быць адзінай сьведкай незвычайнай споведзі.
— Жах! Вы вярнуліся ў цырк?
— Я прыехала, я ж нічога ня ведала. Яшчэ працавала там колькі часу. І на пахаваньні была. Потым на Каўказ мы паехалі. Нягледзячы на сьмерць утаймавальніка, цырк — гэта мой шчасьлівы ўспамін. Артысты — гэта такія людзі... Разумееш, яны рызыкуюць жыцьцём увесь час! Напэўна таму яны вельмі спагадлівыя.
— Вам пашчасьціла трапіць ў іх калектыў.
— Так. Цудоўнае было мае жыцьцё разам зь імі.
— Дык чаму вы не засталіся ў цырку?
— А як жа мой стаж?
— Колькі вам было, калі вы працавалі ў цырку? — пераводжу размову далей ад стажу зноў на рамантычныя рэйкі.
— Гадоў 28-30, прыкладна. Я была, як табе сказаць... я молада выглядала заўсёды. Сачыла за сабой. З прычосачкай. Размяляваная. Ну вось я сымпатызавала толькі гэтаму ўтаймавальніку.
— А ён?
— Ён? Ну... Ну, так неяк адносіўся. Добра адносіўся.
— Быў закаханы ў вас?
— Не, закаханы ня быў. Закаханы ня быў... Ну, калі ён скажа там: «Сабірай мальчышак, едзем за горад!» Адрэпэтыруецца, і едзем. Раскладзем вогнішча. Нешта я раскажу, нешта ён мне. Трошкі абдымаліся, цалаваліся, але так неяк...
— Па-сяброўску?
— Можна і так сказаць. Такога, каб палез пад спадніцу, не было.
*
Я спачатку думала, можа не пісаць пра спадніцу, але ў мэтах выхаваньня моладзі няхай застанецца, што і паміж дарослымі можа ня быць «нічога такога».
— А я б лягла зь ім! — дрыготкі, слабы голас раптам мацнее і выраўноўваецца. І настойліва паўтарае:
— Лягла б! Утаймавальнікі на дарозе не валяюцца! Па першае, ён прыгожы сам быў. Падсватвалі нас. «Яшчэ пасьпеецца», напэўна ён думаў і не адгадаў. Памятаю, у той фатальны дзень я лячу ў цырк з вакзалу. І бачу нешта ня тое: афішы зьнятыя. Я адразу адчула, нешта здарылася. Падбягаю, мне кажуць: «Ведаеш, што Эва падчас паказу на твайго кінулася?» Я кажу: «Як?! Эва?! Яе за хвост мае дзеці цягалі».
*
— Атрымліваецца, што вы заўсёды былі ў небясьпецы? Яна магла зрабіць такое ў любы момант?
— Я ня ведаю. Яна такая ручная была. Ён яе рыхтаваў да сур’ёзных трукаў. Вялікія стаўкі на Эву рабіў, ты разумееш. І гэтыя арэлі. Мы толькі тады сталі нумар рыхтаваць, калі я магла яе пагладзіць, мяса даць, калі яна мне руку лізала. Толькі так. А гэтыя астатнія 8 ці 10 ільвоў... Ты што! Я калі ў клетку з дрэсіроўшчыкам зайшла, да яго прыціснулася. Думаю: «Ладна, памром, дык разам». Я была б нават рада, я шалёна любіла яго. Ну таму што ён быў харошы чалавек, вельмі добры. Утаймавальнік, да таго ж. Прыгожы сам. Як дзяўчыне не закахацца? Я так прыціснулася. А ён мне: «Ціха. Спакойна». А яны на мяне рыкаюць. Пражэктары гараць, вочы драпежнікаў ад сьвятла пражэктараў агнямі пераліваюцца. Ён мне: «Ціха, ціха, ціха. Адыходзім, адыходзім, адыходзім», а я проста ўся дрыжу. Яго памочнік ужо расчыніў дзьверцы. Выйшла я гэтымі дзьверцамі. А ён пайшоў зь імі працаваць. Мне толькі сказаў: «Ну і сьмелая ты!» Я хацела сказаць: «Побач з каханым чаго толькі ня зробіш», але ж нічога не сказала.
— Можа трэба было прызнацца, можа ён саромеўся першы выдаць сябе? Вы ж маладая, прыгожая былі...
— Не, саромецца ён не саромеўся, канешне. У яго паклоньніц было! Кожны раз напрыканцы выступу яго кветкамі закідвалі. Ну, ня ведаю... Адносіўся ён да мяне вельмі добра. Бывае, запытаецца: «А ты дамой паслала дзеньгі?» «Не паслала». «На, вазьмі». Яны ж вельмі шмат атрымліваюць — утаймавальнікі. Ён за выступ на цяперашнія грошы можа 5 мільёнаў атрымліваў. За вечар.
— Ого!
— Так, так, так! Яны мільянэры ўсе. «Вазьмі — адпраў дзецям», кажа. Я кажу: «Дык я даслала». «Вазьмі, гавару!» — настойвае. Зь ім у гэтым сэнсе цяжка было, канешне.
*
Вочы суразмоўцы зноў засьцяцца сьлязьмі:
— Гэта мае вельмі сьветлыя ўспаміны, вельмі цёплыя, таму што лепшых людзей я не сустракала. У школе былі толькі звадкі, няма пра што казаць...
Роза Леапольдаўна змоўкла і ўтаропілася ў вакно.
— Вось ты мяне прабач, ты ж беларуска, а я так і не прызвычаілася тут. Нічога не палюбіла. І гэтыя бярозкі за вакном не люблю!
*
Я выключыла дыктафон. Вялікая гісторыя зафіксаваная. Я адчувала сябе, як пасьля двайной зьмены. Вымучанай, але задаволенай. І ўсё ж, вярнуўшыся дахаты, пацікавілася дрэсіроўшчыкам ў сеціве. Імя і прозьвішча я ведала. Лепш бы гэтага не рабіла. Ён насамрэч існаваў і напэўна ўжо насамрэч памёр. Але не ад ільвіных вострых іклаў. Можа і ад іклаў, але значна пазьней, чым у маналёгу, які толькі пачула. Разглядаю ягоныя здымкі з сынам, які пераняў ад бацькі прафэсію, вось яны разам на арэне з ільвамі праз год 15 пасьля таго, як мая суразмоўца яго ўмярцьвіла. Чаму яна гэта зрабіла? На маю думку — гэта помста за адрынутае каханьне. Не адказаў на пачуцьці бялявай прыгажуні, дык загінь. Мне яшчэ падчас візыту дзіўна было, што суразмоўца ледзь што — і ў сьлёзы. У дэталёвыя ўспаміны, самыя дробныя падрабязнасьці. Паведамляючы ж пра сьмерць каханага, ейны голас ня дрыгнуў, літаральна двума словамі абмалявала фінал ягонага жыцьця. А шмат чаго можна было расказаць, мне падаецца, пра пахаваньне дрэсіроўшчыка, загрызенага на арэне, і яшчэ пра тое, як ён пісталеты разрадзіў у рыжую тушу сваёй выхаванкі. Так і бачу, як паўскоквалі з крыкамі гледачы. Як страката прыбраныя цыркачы лятуць да акрываўленых целаў. Пражэктары сьлепяць. Апілкі не пасьпяваюць уцягваць кроў...
*
Я не скажу Розе, што ведаю іншую праўду. Хай застаецца пры сваёй, яна столькі год з гэтым жыве. Калі дакладна — 60 год з гэтым жыве. А калі і скажу, усё роўна не паверыць. А я і не скажу. Цікава, што гісторыю пра цырк я наогул ня здолела нікому расказаць — толькі зьбяруся, і нібы паралізуе. Я не адразу здагадалася чаму, але прааналізаваўшы пачуцьці, зразумела, што не стрываю ніякіх жартачкаў у адрас Розы, а яны былі б стоадсоткава. Ведаю я нашых. Сама такая.