Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: Спадзяюся, да наступнай дэнамінацыі гэтай улады ўжо ня будзе


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

За цяперашняй дэнамінацыяй беларускім уладам можа спатрэбіцца яшчэ адна, а то і не адна, калі ўлады па-ранейшаму ня будуць падтрымліваць стабільнасьць нацыянальнай валюты, мяркуе кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч.

«Ведаеце, звычайна дэнамінацыю праводзяць, калі нацыянальная валюта стабільная. А стабільнай назваць яе нельга: за часы існаваньня беларускай валюты намінал паменшыўся ў дзесяць мільёнаў разоў! Гэта, безумоўна, не Зымбабвэ (там інфляцыя дасягала 98% на дзень, а з 1980 да 2009 года зімбабвійскі даляр абясцэніўся ў 1025 раз. — РС), з вазкамі за грашыма мы яшчэ ня езьдзім, але другое месца ў сьвеце і першае ў Эўропе па інфляцыі ў нас ёсьць. Калі валюта будзе стабільная, тым чыноўнікам зь беларускага ўраду, якіх лічаць рэфармістамі, можна будзе выказаць рэспэкт. Але я сумняюся.

Таму, думаю, гэта зараз будзе насіць чыста тэрапэўтычны эфэкт. Маўляў, зараз дэнамінуем, у нас усё стабільна, не плянуем, што валюта будзе расьці. Гэта мо зьнізіць дэвальвацыйныя чаканьні насельніцтва, магчыма, так плянуецца. Але можа здарыцца і так, што да той дэнамінацыі капейкі не спатрэбяцца, пакуль яна будзе праведзеная, бо будзе запозна.

На жаль, апошняе, на што зважала гэтая ўлада, гэта стабільнасьць нацыянальнай валюты. Рабуючы зьберажэньні грамадзян, яны выпраўлялі свае эканамічныя хібы і становішча ў эканоміцы. Ну дык хай будзе гэтая дэнамінацыя, за ёй яшчэ і яшчэ... Але я спадзяюся, што наступнай дэнамінацыі гэтая ўлада не пасьпее правесьці, бо яе ўжо ня будзе».

1 ліпеня 2016 г. будзе праведзеня дэнамінацыя беларускага рубля ў суадносінах 1:10.000, паведаміла прэс-служба прэзыдэнта. 1 беларускі рубель ўзору 2009 будзе раўняцца 100 беларускім капейкам узору 2009 года. Банкноты ўзору 2000 году будуць замененыя на банкноты 2009 году: за 10 тысяч беларускіх рублёў старога ўзору можна будзе атрымаць адзін рубель новага ўзору.

Зь 1 ліпеня па 31 сьнежня 2016 грашовыя знакі узораў 2000 і 2009 гадоў будуць знаходзіцца ў паралельным звароце, абавязковым да прыёму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG