Былы старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што ўлады ведаюць, што варта зрабіць, каб празь дзясятак год не давялося праводзіць новую дэнамінацыю. Але сумняецца, што патрэбныя рэформы будуць зьдзейсьненыя:
«Я ацэньваю гэта як крок у правільным напрамку. Адзіны сумнеў, які ў мяне ёсьць: дэнамінацыю трэба падрыхтаваць так, каб зьніжаўся рост цэнаў, інфляцыя. Дэнамінацыю варта праводзіць, калі інфляцыя на год складае 3–5%, а ў нас яна — двухзначная велічыня.
Але калі ўжо рашэньне прынятае, то яно будзе станоўчым, толькі калі адначасова будуць зробленыя дадатковыя захады па стабілізацыі цэнаў на спажывецкім і валютным рынках. Калі будзе здушаны манапалізм, спыніцца ўмяшаньне ўладаў у цэнаўтварэньне, абмежаваная роля Міністэрства гандлю, будзе дазволеная і пашыраная канкурэнцыя за кошт палёгкаў малому бізнэсу, абмежаваная грашовая маса, скарочаныя дзяржаўныя выдаткі, банкаўская сыстэма перастане выдзяляць рэсурсы стратнаму сэктару і вытворчасьцям, якія выпускаюць прадукцыю, што ляжыць на складах... Толькі тады ёсьць сэнс. Я думаю, улады гэта ўсё разумеюць, але ці будуць яны гэта рабіць? Ёсьць сумневы, бо ёсьць досьвед: Беларусь з улікам мадэлі, якая цяпер функцыянуе, знаходзіцца на першым месцы ў Эўропе па інфляцыі.
Сама дэнамінацыя — гэта не рэформа, гэта чыста тэхнічнае мерапрыемства. Зарплаты ў 10 тысяч разоў зьменшацца, цэны ў 10 тысяч разоў зьменшацца. Але калі не правесьці мерапрыемствы па спыненьні росту цэнаў, калі ўсё захаваецца, трэба плянаваць новую дэнамінацыю праз 7–8 год. Да таго ж дэнамінацыя сама па сабе — гэта затрата N-най сумы грошаў на новыя грашовыя знакі, на выманьне старых грошай і замену іх новымі. Трэба, каб гэтыя выдаткі апраўдаліся стабілізацыяй на макраўзроўні».