Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра чарцей і людзей


Адам Глобус. Гісторыі пра Мінск і ваколіцы. Вільня: Логвінаў, 2015. 224 с.

Вы верыце ў тое, што зялёныя суніцы з могілак — выдатныя лекі, што з валасоў можна зрабіць мядзьведзя, які заб’е ўсіх вашых ворагаў, а па дарозе праз могілкі магчыма сустрэць вясёлага незнаёмца і пратанчыць у кампаніі яго сяброў аж 11 гадоў? Натуральна, многія падумаюць, што гэта лухта і толькі пасьмяюцца ў адказ. Але некаторыя задумаюцца і ўзгадаюць вядомую фразу зь беларускіх народных казак: сьвет вялікі — можа і праўда. А калі скептык улічыць, што невядомы сьвет у кнізе, пра якую ідзе гаворка, зьмяншаецца да памераў краіны ці нават горада, а неверагодныя падзеі, магчыма, адбываліся ў доме праз дарогу — яму стане зусім ня сьмешна.

Зрэшты, Адам Глобус, апавядаючы свае «Гісторыі пра Мінск і ваколіцы», зусім не сьцьвярджае, што яны праўдзівыя. Гэта пачутыя, пераказаныя, падслуханыя і дадуманыя расповеды пра тое, што магло адбывацца ў нашай сталіцы, ці далёкае водгульле таго, што тут сапраўды адбывалася. Можна сьцьвярджаць, што і сам Мінск зьяўляецца героем кнігі. Ён нібыта ўступае ў змову з аўтарам, раскрывае перад ім сакрэты знакавых (ці раней не вельмі значных) мясьцін. Апавядальнік жа плаціць яму за такі давер неверагоднай пяшчотай і цеплынёй, замілаваньнем і ласкавым стаўленьнем да вуліц, паркаў, асобных будынкаў, культавых кавярняў і нават... могілак.

Калі беларускі празаік Віталь Воранаў ды расейская пісьменьніца Мар’яна Раманава даказалі, што на аснове фальклорных замоў, балядаў ды расповедаў старажылаў можна ствараць выдатныя сучасныя апавяданьні-казкі, амаль у духу Стывэна Кінга і Ніла Геймана, дык Адам Глобус, наадварот, ператварае свае гісторыі ў сапраўдны гарадзкі фальклор. Магчыма, яны і бытавалі «ў натуральным асяродку», то бок распавядаліся менчукамі падчас застольляў ці разносіліся бабулькамі з лавачкі да лавачкі, ад пад’езда да пад’езда, але сабраныя і прадстаўленыя пад вокладкай адной кнігі, гэтыя гісторыі набылі зусім іншы сэнс і сталіся сапраўднай міталёгіяй Менскц.

Паводле рэальнасьці «Гісторый...» нават можна скласьці «Містычныя правілы паводзін у сталіцы». Прывяду толькі некалькі з магчымага сьпісу:

1. У Камсамольскім возеры жывуць русалкі, і нават можна злавіць адну зь іх (натуральна, толькі маладзёну, да якога яна прылятае ноччу, каб

заказытаць). Трэба «ня спаць да сярэдзіны ночы, потым пазатыкаць гумовымі коркамі і пазаклейваць усе водаправодныя адтуліны ў ваннай і на кухні, а яшчэ ва ўсе замкі пастаўляць ключы»;

2. Менчукам і гасьцям гораду, якім у Купальскую ноч выпала праходзіць каля канцэртнай залі «Мінск», варта быць вельмі ўважлівымі: менавіта тут вырастае папараць-кветка. Гэтая цудоўная расьліна можа ўказаць на месца, дзе закапаны скарб;

3. У Менску варта асьцерагацца шэрага дыму, што плыве над горадам, калі гараць лясы і тарфянікі, і ў крамах прыглядацца, ці не расплачваецца сусед па чарзе чароўнай залатой крэдыткай зь невычэрпным запасам сродкаў;

4. Заходзячы ва ўнівэрсам «Цэнтральны», асьцярожна азірайцеся па баках, старайцеся пазьбегнуць Чырванатварага пакупніка, ён прыносіць бяду;

5. Праяжджаючы ці праходзячы каля гарадзкіх могілак, будзьце ўважлівыя. Тут можна пачуць Шэры шэпт, які стане прыкметай хуткай сьмерці. А ў краме «Карона», што непадалёк ад Кальварыі, не знаёмцеся з маладзёнамі і не запрашайце іх на келіх віна. Памятайце, што новы знаёмы, верагодна, акажацца мерцьвяком з магільнага склепа.

Чытачы кнігу, можна і далей доўжыць гэты крыху незвычайны сьпіс.

Зрэшты, ня толькі русалкі, вядзьмаркі і ведзьмакі зьяўляюцца героямі «Гісторый...». Натуральна, не абышлося без чорта-нячысьціка. Тут чытач можа ўсклікнуць: Чорта няма! Але тады чаму яшчэ адно правіла, складзенае паводле «Гісторый...» (звярніце ўвагу, № 6 у нашым сьпісе), магло б гучаць так:

6. У Менску не рэкамэндуецца фатаграфаваць на могілках, лепш не перавозіць незнаёмцаў праз раку на лодцы падчас навальніцы і варта асьцерагацца «танкавусага мужчыны ў чорным капелюшы», асабліва калі ён прапануе набыць чорную гітару і абяцае навучыць на ёй іграць за адзін урок?

Чорт ня толькі выдатна валодае майстэрствам пераўвасабленьня і мае геніяльныя акторскія здольнасьці, але можа зьявіцца зусім нечакана ў сваім натуральным выглядзе. Нават такі прыхільнік асобы чорта, які ўсё жыцьцё фанатычна ствараў музэй свайго любімага героя, мажліва, не вытрымае напалу эмоцый ад доўгачаканай сустрэчы. Што ўжо казаць пра звычайнага, непадрыхтаванага менчука. Так, Адам Глобус распавёў у кнізе, што некалі менавіта чорт паразьбіваў усе вітражы ў Чырвоным касьцёле, ён спакусіў не адну верную жонку і часта зьяўляецца на могілках у розных вобліках. Уступаючы ў хаўрус з нячысьцікам, варта быць

асьцярожнымі, бо, паводле кнігі, «толькі здаецца, што чорт можа табе нешта добрае зрабіць, а насамрэч ён лянуецца дарабіць кепскасьць, і праз гэта чалавек можа атрымаць трохі радасьці».

Ці зьяўляюцца нячысьцікі, шэрыя рукі, чароўныя жоўтыя пінжакі і іншыя неверагодныя магічныя прадметы ды фантастычныя істоты прычынай наўдач і няшчасьцяў менчукоў — герояў глобусаўскіх гісторый? На першы погляд, так. Бедных жыхароў сталіцы забіваюць, ашукваюць і падманваюць, прымушаюць здраджваць і зацягваюць у нерат граху. Але, калі прыгледзецца ўважлівей, становіцца відавочна, што сустрэча з нячыстай сілай — той каталізатар, які дазваляе пабачыць сапраўдную сутнасьць асобы кожнага героя. Яны самі п’юць гарэлку з шэрай чаркі на могілках, імкнуцца атрымаць прыбытак ад супрацы з тагасьветам, падманваюць сяброў і не выконваюць абяцаньняў. Як толькі зьяўляецца мінімальная магчымасьць атрымаць прыбытак ці хвіліннае задавальненьне, стаць пасьпяховымі ці разьвіць звышнатуральныя здольнасьці — усе прынцыпы і маральныя перакананьні адыходзяць на другі плян. Што тут казаць, калі сам чорт з апавяданьня «Чортаў дом» ведае, што «нельга да людзей з дабром».

Так Адам Глобус у сваёй кнізе яшчэ раз пацьвердзіў выказваньне празаіка Ніла Геймана: «Д’ябал нікога не спакушаў — у гэтым не было патрэбы». Але беларускі пісьменьнік прывёў і сваё тлумачэньне чалавечай прыроды. Так, па яго меркаваньні, многія жыхары сталіцы (ды, думаецца, і іншых гарадоў) — зусім ня людзі, а зьвяры, якія проста прынялі чалавечы воблік: «жывёлы, каб выжыць, абарочваюцца людзьмі. Папрыглядайся, і ты пабачыш, колькі вакол цябе ваўкоў, мядзьведзяў, лісіц».

Героі, сюжэты «Гісторый пра Менск і ваколіцы» вельмі хутка пралятаюць перад зрокам чытача. Нібыта едзеш на машыне па горадзе і не пасьпяваеш як сьлед разгледзець будынкі, угледзецца ў твары мінакоў. Падчас чытаньня некаторых тэкстаў так і хочацца сказаць аўтару: прыпыніся, распавядзі болей, падрабязьней. Усклікнуць: сканчаецца на самым цікавым моманце! Запытацца: а што стала з героямі далей? Ды аўтар няўмольны, ён распавядае гісторыю за гісторыяй, нібыта наўмысна пераказваючы самы кароткі варыянт гарадзкой легенды. Зрэшты, мо так і трэба, мо такой хуткасьці і кароткасьці патрабуе сам жанр, а Адам Глобус тут выступае ў ролі носьбіта фальклору, які часта на ўдакладняльныя пытаньні дасьледчыкаў стрымана ці ўпарта адказвае: больш не памятаю.

Марына Весялуха

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG