Апазыцыйныя палітыкі Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч накіравалі заяву генпракурору Беларусі па факце незаконнага праслухоўваньня.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Лябедзька сьцьвярджае, што 16 кастрычніка падчас сустрэчы зь Някляевым у кавярні «Салодкі фальварак» на плошчы Перамогі выявіў у сурвэтніцы «жучок» для праслухоўваньня і запісу размовы.
У сваёй заяве палітыкі патрабуюць адказаць, ці давала генпракуратура санкцыю на праслухоўваньне іх тэлефонаў і прыватных размоваў КДБ, Сьледчаму камітэту або іншым беларускім ведамствам або спэцслужбам.
Калі санкцыя давалася, палітыкі патрабуюць патлумачыць, на якіх падставах і ў адпаведнасьці зь якімі прававымі нормамі. Калі ж санкцыя не давалася, палітыкі патрабуюць неадкладна распачаць крымінальную справу па факце незаконнага праслухоўваньня іх тэлефонаў, арганізацыі праслухоўваньня іх размоў, а таксама ўмяшаньня беларускіх спэцслужбаў (і саўдзелу ў гэтым пэрсаналу кавярні «Салодкі фальварак») у іх прыватнае жыцьцё.
Былы палітвязень Мікола Статкевіч мяркуе, што праслухоўваньне размоў у гэтай кавярні было справай звыклай:
«Я скарыстоўваў гэтую кавярню як месца для сустрэч з журналістамі падчас „выбараў“ і ўжо заўважыў, што як сядзеш за столік, там мяняюць сурвэтніцу. Аглядаў яе, але разьбіраць на вачах журналістаў не наважыўся. Анатоль малайчына, што гэта зрабіў. Ня ведаю, што яны хацелі пачуць альбо паказаць, маўляў, за ўсім сочым, працуем, нейкую фразу выцягнуць ці напалохаць тамтэйшага гаспадара. Што да мяне, то да такіх захадаў стаўлюся з іроніяй. Тым больш, што апошнія пяць гадоў кожныя пяць хвілін за мной назіралі праз вочка ў дзьвярах турэмнай камэры. Я выдатна разумею, у якой краіне жыву».
Летась у Беларусі была гучная гісторыя з праслухоўваньнем — экс-дырэктарку менскай фабрыкі «Слодыч» асудзілі на тры гады пазбаўленьня волі.
Яе прызналі вінаватай у злоўжыванні службовым становішчам у асабістых мэтах, а таксама ў арганізацыі незаконнага вырабу і збыту спэцыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі.
Дырэктар кандытарскай фабрыкі загадала за кошт прадпрыемства набыць спэцабсталяваньне для падслухоўваньня і гуказапісу і ўсталяваць яго ў службовых памяшканьнях.